Вы тут

У дзень нараджэння Багдановіча адбудзецца шмат імпрэз


Падчас урачыстага адкрыцця абноўленай экспазіцыі Літаратурнага музея паэта, герояў Багдановіча ўвасобяць артысты Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У вобразе музыкі з дэбютнага апавядання Багдановіча рыхтуецца выступіць намеснік дырэктара «Харошак», выдатны альтыст Аляксандр НІКІТА, якога наш фотакарэспандэнт Анатоль Кляшчук сустрэў учора ўвечары ў музеі падчас генеральнай рэпетыцыі. Падтрымаць тату прыйшоў і Дамінік Нікіта, які таксама вучыцца граць на скрыпцы.


Гэта далёка не ўсе святочныя імпрэзы, запланаваныя на дзень нараджэння Паэта, які мы адзначаем сёння. Шырокая ўвага грамадскасці да 125-годдзя Максіма Багдановіча, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратурнай традыцыі, сведчыць пра павагу нашага народа да спадчыны і памяці Страціма. Больш за тое, свята стане важным акцэнтам Года культуры.

Духоўнасць, вернасць высокім ідэалам — адна з рыс паэзіі і філасофскай прозы Багдановіча. Таму не выпадкова святкаванне дня яго нараджэння распачнецца сёння ў Храме-помніку Усіх святых. Цырымонія «Вяртанне» надасць гэтаму знакаваму месцу ў сталіцы яшчэ адну сімвалічную рысу: менавіта тут, у крыпце храма, будзе закладзена капсула з зямлёй з месца пахавання Максіма ў Ялце.

На дзень нараджэння прынята дарыць падарункі імяніннікам. Але здараецца, што і самі віноўнікі свята адорваюць гасцей. Так, усе мінчане і госці горада сёння атрымаюць падарункі ад Максіма-кніжніка. На Траецкай набярэжнай урачыста адчыніць дзверы абноўленая кнігарня «Вянок». Сёлета ў легендарнай крамы змяніўся ўладальнік — цяпер гэта ААТ «Белкніга», праведзены рамонт, адбылася невялікая пераарыентацыя ў профілі. Усіх сакрэтаў арганізатары свята і супрацоўнікі крамы пакуль не раскрываюць. Але мы даведаліся, што на цырымоніі адкрыцця чакаюцца высокія госці, сярод іх — намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, кіраўнікі дзяржаўных выдавецтваў. Падчас імпрэзы адкрыцця пройдзе тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам акцёраў Купалаўскага тэатра Андрэя і Крысціны Дробышаў. Яны з'явяцца ў вобразах Максіма Багдановіча і Ганны Какуевай. Таксама будзе прадстаўлена выстаўка выданняў твораў Максіма Багдановіча з фондаў Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі. Сам «Вянок» у хуткім часе ператворыцца ў сапраўдны пісьменніцкі клуб, дзе будуць ладзіцца сустрэчы з чытачамі, прэзентацыі кніг. Думаецца, сам Максім ухваліў бы тэндэнцыю ператварэння сімвала яго кнігі паэзіі ў знак цэнтра кніжнасці.

Святкаванне працягнецца там жа, у Траецкім. Непадалёк ад «Вянка» на вуліцы М. Багдановіча месціцца Літаратурны музей паэта. У другой палове дня пройдзе цырымонія адкрыцця яго абноўленай экспазіцыі. Адметна, што ў музей паэта варта наведацца нават тым, хто неаднойчы тут бываў. Каб пабачыць новае мастацкае рашэнне экспазіцыі і рэчы, якія толькі нядаўна трапілі ў фонды ўстановы. Найперш — невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча: паштоўка на адрас «Нашай Нівы» з просьбай выпісаць для яго газету «рускім шрыфтам» (кірыліцай), дароўны надпіс на адбітку артыкула «Белорусское возрождение», які паэт прэзентаваў рэдактару яраслаўскай газеты «Голос» Мікалаю Дружыніну. З'явіліся ў экспазіцыі новыя дакументы, датычныя Адама Багдановіча, бацькі Максіма. Гэтаксама — куфар Ганны Какуевай стаіць на покуці (сімвалічна?).

Што да мастацкага рашэння, захавалі лепку ў стылістыцы эпохі мадэрн і славутыя люстры, якія рабіліся адмыслова для музея яшчэ ў 1991 годзе. І, вядома ж, сваё месца занялі ўнікальныя вітражы, на якіх — пазнавальныя месцы Мінска, горада, дзе Максім нарадзіўся. Цікава, што тэхніка, у якой ствараліся вітражы, сёння надзвычай рэдкая, таму яны маюць асаблівую мастацкую каштоўнасць.

Сёння адчыніць дзверы і «Беларуская хатка», дзе ўзноўленая атмасфера пачатку ХХ стагоддзя. Дакументальную аснову складаюць паперы, датычныя як самога Максіма Багдановіча, так і прадстаўнікоў тагачаснай інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол «Хаткі» (ёсць і зусім новыя, раней не экспанаваныя дакументы). Сярод імёнаў — Змітрок Бядуля, які і даў прытулак Багдановічу. Цяпер да Максіма літаральна можна зайсці ў госці: мемарыяльны пакой «Хатка», канешне ж, захавала. Як і славутую батлейку, якая цяпер зноў дае прадстаўленні. Акрамя таго, у «Хатцы» будуць праводзіць рэгулярныя музейна-педагагічныя заняткі для дзяцей. Распрацоўваецца таксама адмысловая праграма на час Калядаў, імпрэзы ў межах якой пройдуць і ў музеі Максіма Багдановіча.

Завяршыцца святкаванне Дня Максіма ўжо ўвечары, у яшчэ адным сімвалічным месцы — каля помніка паэту, што на плошчы Парыжскай камуны, каля Опернага тэатра. У 17.30 тут распачнецца памятны мітынг «Пакланіся Максіму».

Натуральна, цэлы дзень будуць гучаць творы паэта — іх прачытаюць дзяржаўныя дзеячы, вядомыя акцёры тэатра і кіно, навукоўцы, школьнікі і студэнты. Музычным суправаджэннем святкавання стануць песні на вершы Максіма. Думаецца, сёння нас чакае сапраўды грандыёзная праграма, і гэта не выпадкова, бо Дзень Максіма — знакавы дзень для ўсіх беларусаў.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Наста ГРЫШЧУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Максімаў дзень: святкуйма разам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».