Вы тут

500 гадоў таму выйшла «Пруская вайна» Яна Вісліцкага


Праз 100 гадоў пасля векапомнай Грунвальдскай бітвы, у пачатку ХVІ стагоддзя Тэўтонскі ордэн ізноў актывізаваў сваю агрэсіўную палітыку. Вялікі магістр Альбрэхт Гогенцолерн, узбройваючыся супраць свайго дзядзькі, караля і вялікага князя Жыгімонта Першага, рыхтаваўся да новай Прускай вайны — так гаварылі сучаснікі, бо бітва з крыжакамі пад Грунвальдам у 1410 годзе атрымала ў тагачаснай гістарыяграфіі такую назву.


Гэтую ж назву выбраў паэт-гуманіст Ян Вісліцкі для свайго паэтычнага зборніка лацінамоўных твораў, які пабачыў свет у Кракаве ў 1516 годзе. Беларускія даследчыкі схіляюцца да думкі, што Ян Вісліцкі мог быць ураджэнцам беларускага мястэчка Вісліца на ўзбярэжжы аднайменнай ракі. Само мястэчка не захавалася, на жаль, у вірах шматпакутнай гісторыі Беларусі, але Вісліца (рака ў Пінскім і Івацэвіцкім раёнах) і да сённяшняга дня коціць свае блакітныя воды.

Цэнтральнае месца ў зборніку «Пруская вайна» займае аднайменная паэма, якая складаецца з трох частак (кніг).

У першай кнізе аўтар расказаў пра той край, які з антычных часоў быў вядомы як Сарматыя, — так, маўляў, назваў гэтую краіну недасведчаны сусед. Тым часам мясцовыя жыхары далі сваёй Айчыне назву Палонія, якую, зыходзячы з кантэксту паэмы, ніяк нельга атаясамліваць з сучаснай Польшчай. Тут, у Палоніі, піша Ян Вісліцкі, жыве не толькі «люд, што сябе на мове спрадвечнай палякамі кліча». «Тут распасцерліся землі траякіх русінаў», — заўважае ён. Дасведчанаму чытачу няцяжка было зразумець, што гаворка ідзе пра так званых «белых, чорных і чырвоных русінаў», — менавіта так з часоў Сярэднявечча называлі продкаў сённяшніх усходніх славян. Расказаўшы пра першых легендарных валадароў Палоніі — Леха, Крака і Ванду, — Ян Вісліцкі спыняе далейшы генеалагічны аповед (так параіў яму апякун мастацтваў Апалон), і ў другой кнізе адразу згадвае вялікага князя і караля Ягайлу, пачаўшы з маляўнічага апісання яго Радзімы — Вялікага Княства Літоўскага:

Ёсць нязведаны край,

славуты сваімі лясамі,

Ён уладанні шырока раскінуў

да скіфскіх прастораў;

Плодны, квітнее лугамі,

 цячэ ў ім струмень меданосны;

Край на народы багаты,

таксама й на вояў адважных.

Неўзабаве чытач атрымлівае магчымасць даведацца пра самі народы, над якімі Ягайла ўсталяваў сваю ўладу. Першымі паэт называе тартарыкаў (татар), следам за імі — масагетаў (жамойтаў). Нарэшце з'яўляюцца «беларусіны яшчэ, вельмі слаўныя мужнасцю ў войнах». Чаму менавіта гэтае ўпамінанне белых русінаў мае асаблівае значэнне? «Пруская вайна» была паэмай, напісанай па ўсіх канонах класічнага гераічнага эпасу. На падставе такіх паэм — «Іліяды» Гамера, «Энеіды» Вергілія — шматлікія чытачы фарміравалі свае ўяўленні пра веліч былых цывілізацый. І менавіта ў межах такога твора яшчэ ў пачатку ХVІ стагоддзя былі згаданы беларусы.

Прапанаваўшы ў другой кнізе «Прускай вайны» сваю мастацкую інтэрпрэтацыю перадгісторыі і гісторыі Грунвальдскай бітвы, Ян Вісліцкі пачынае трэцюю кнігу сцэнай нарады багоў на Алімпе: Юпітэр радзіцца з іншымі багамі, каго аддаць за жонку сівавалосаму каралю Ягайлу, які ўсё яшчэ не дачакаўся спадкаемца ўлады. Абранніцай багоў стала «найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчына» — маладая князёўна Соф'я з роду беларускіх князёў Гальшанскіх. Дзякуючы ёй пачалася слаўная гісторыя дынастыі Ягелонаў. Усхваляючы караля Ягайлу ў канцы другой кнігі, Ян Вісліцкі не жадае прыпадабняць яго да сусветна вядомых герояў антычных часоў — Ахіла, Гектара або Цэзара. Паэт эпохі Рэнесансу з далёкага 1516 года даводзіць нам, сваім нашчадкам, што айчынныя героі — непараўнальныя, айчынная гісторыя — унікальная і непаўторная, як сам родны край.

Жанна Некрашэвіч-Кароткая

Загаловак у газеце: «Беларусіны яшчэ, вельмі слаўныя мужнасцю ў войнах»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?