Вы тут

Як вярнуць ваду балотам?


Напрыканцы лістапада адбылася падзея, якую некаторыя эколагі ўжо назвалі падзеяй года — дадзены старт па забалочванні часткі асушанага ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя балота Дзікі Нікар, што ў Белавежскай пушчы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія), Белавежскага нацыянальнага парка (Польшча), Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» (Беларусь), Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, грамадскіх арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна», прадстаўнікі мясцовых улад, спецыялісты-інжынеры, эколагі.


Нікар — багацце пушчы

Асушанае балота Дзікі Нікар займае больш за 7 тыс. га, паўторнае забалочванне будзе праводзіцца на 1163,7 га. Чаму для ажыццяўлення праекта спецыялісты выбралі менавіта гэтую тэрыторыю?

  • Дзікі Нікар павінен стварыць своеасаблівы ахоўны буфер паміж рэліктавымі лясамі і меліярыраванымі землямі.
  • Гэта балота з захаваным тарфянікам, таму расліны, якія раслі там да асушэння, адновяцца значна хутчэй, што паспрыяе аднаўленню ўсёй экасістэмы тэрыторыі.
  • Тут захаваліся 19 дрэў піхты белай (занесенай у Чырвоную кнігу) ва ўрэчышчы Цісоўнік. Вакол яго будзе створаная свая ахоўная зона для падтрымання адпаведнага гідралагічнага рэжыму.
  • Эколагі чакаюць, што пасля забалочвання на Дзікі Нікар вернуцца бабры і рэдкія віды птушак, такія як дупель, вяртлявая чаротаўка.

Раней 30% усёй тэрыторыі Белавежскай пушчы займалі балоты. Пасля савецкай меліярацыі 50—60-х гадоў было асушана амаль 20 тыс. га. Як вынік — дэградацыя экасістэм. Месцамі ўзровень грунтавых водаў знізіўся да 1,5 м. На працягу апошніх дваццаці гадоў тут знікаюць яловыя насаджэнні (на польскай тэрыторыі пушчы таксама), бо яны больш запатрабавальныя да вільгаці. Забалочванне — неабходная мера, якая будзе садзейнічаць паляпшэнню парушанага гідралагічнага рэжыму, назапашванню вады. Мясцовыя жыхары вітаюць аднаўленне балота, бо многія памятаюць, якім Дзікі Нікар быў у іх дзяцінстве, наколькі багатая і разнастайная тады была прырода.

Віктар Фянчук, каардынатар прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы, засяродзіў увагу на тым, што пачатку работ па забалочванні папярэднічалі амаль чатыры гады працы. Усё пачалося ў 2013 годзе з распрацоўкі навуковага абгрунтавання. Была праведзена ацэнка ўплыву планаваных работ, распрацаваны інжынерны праект, які прайшоў сур'ёзную экалагічную экспертызу. Таксама былі праведзены даследаванні арнітафаўны і дадзена папярэдняя ацэнка ўплыву на клімат: наколькі мы зможам скараціць выкіды парніковых газаў? За гэты час было затрачана каля 75 тыс. еўра.

Танна і эфектыўна

Праекту паўторнага забалочвання асушанага балота Дзікі Нікар папярэднічалі яшчэ 10 пілотных праектаў такога кшталту — летась была прынята пастанова Савета Міністраў, якая зацвердзіла Стратэгію захавання і рацыянальнага (устойлівага) выкарыстання тарфянікаў і Схему размеркавання тарфянікаў па кірунках выкарыстання на перыяд да 2030 года. Была праведзена інвентарызацыя ўсіх балот Беларусі, якая паказала, што ў натуральным стане засталося толькі 863 тыс. га балот. На іх торф здабываць не будуць. Гэта дазволіць захаваць больш за 7 млрд м3 прэснай вады і забяспечыць устойлівае воднае насычэнне рэк і азёр. Торф працягнуць здабываць, але толькі на ўжо парушаных тарфяніках. Парушаныя балоты, якія больш не выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчых патрэб, належаць экалагічнай рэабілітацыі.

На сёння ў краіне адноўлена больш за 50 тыс. га тарфянікаў, да 2030 года плануецца аднавіць яшчэ 75 тыс. га. Вопыт Беларусі вялікі і эфектыўны, методыка працы параўнальна танная (усяго 11,2 долара ЗША на 1 га адноўленага балота!), таму нашыя распрацоўкі ўжо пераймаюць іншыя краіны.

Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Ігар Качаноўскі адзначыў, што ўлады не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, з дапамогай грамадскіх арганізацый, мясцовых органаў улады і насельніцтва можна ажыццявіць аднаўленне балотных экасістэм.

Міхаіл Брамбахер, каардынатар Еўрапейскіх праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства, нагадаў пра статус Белавежскай пушчы як аб'екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, падкрэсліў, што беларускі Нацыянальны парк мае такое ж сусветнае значэнне, як Серэнгеці ў Танзаніі ці Елаўстон у ЗША. Прадстаўнік нямецкага таварыства з горыччу сказаў, што для Германіі забалоціць тысячу гектараў зямлі сёння немагчыма, мерапрыемствы ў такіх маштабах там не праводзяцца.

Пачатак другога жыцця

Пасля заканчэння прэс-канферэнцыі прысутныя выехалі на месца запланаванага старту работ. Удзельнікі ўрачыста перарэзалі чырвоную стужку і зрабілі сімвалічны падкоп на месцы забалочвання. Пасля гэтага пачала працаваць тэхніка:

— Мы аднаўляем аазіс жыцця для ўсёй Белавежскай пушчы, — сказаў Мікалай Чэркас, спецыяліст ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» па прыродаахоўных пытаннях. — Праз год будзе прыкметны першы невялікі вынік, праз дзясятак гадоў сюды вернуцца птушкі. Каб балота аднавілася цалкам, трэба чакаць не менш за 30—35 гадоў...

Пасля завяршэння мерапрыемства прысутныя выказалі жаданне сустрэцца на Дзікім Нікары праз 10 гадоў, каб на свае вочы ўбачыць змены да лепшага.

Вольга ПРАЛЮК

pralyuk@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Непрыручаны Дзікі Нікар

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.