Вы тут

Хто вінаваты ў дзіцячай агрэсіі?


Кіраўнікі праваахоўных органаў заклікаюць дырэктараў навучальных устаноў не ўтойваць негатыў.

Прыняты ў 2006 годзе Дэкрэт Прэзідэнта №18 «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем'ях» і Закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў» дазволілі кардынальна палепшыць сітуацыю ў краіне ў сферы падлеткавай злачыннасці. У прыватнасці, на Віцебшчыне колькасць крымінальных злачынстваў, удзельнікамі якіх з'яўляліся дзеці, скарацілася за гэты час у 4 разы: з 1111 выпадкаў у 2006 годзе да 285 у 2015.

Але сёлета ў названым рэгіёне зарэгістраваны рост крымінальных спраў у дачыненні да падлеткаў — на 4,2% больш, чым летась. Узровень насілля з боку непаўналетніх у Віцебскай вобласці ўпершыню перавысіў сярэдні рэспубліканскі паказчык і дасягнуў 3,5% (па Беларусі — 3,4%).


Паасобку не папярэдзіць

— Узрасла колькасць учыненых дзецьмі асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў (з 17 да 29) у стане наркатычнага ап'янення (з 6 да 13), колькасць правапарушэнняў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення — на ранейшым высокім узроўні (25 злачынстваў). Значна ўзрасла колькасць крымінальных спраў з удзелам непаўналетніх у Віцебску, Дубровенскім, Лепельскім, Полацкім раёнах. Больш зарэгістравалі групавых і рэцыдыўных парушэнняў закона, — канстатуе выконваючы абавязкі пракурора Віцебскай вобласці Аляксандр Сідаровіч.

У прыватнасці, хутка пачнецца суд над 7 хлопцамі. Ім інкрымінуецца здзяйсненне некалькі гадоў таму шэрагу злачынстваў, накіраваных на распальванне расавай нянавісці. Яны абвінавачваюцца ў тым, што збівалі замежных студэнтаў. Гэтым маладым людзям падабалася публічная дэманстрацыя нацысцкіх сімвалаў: тату, вітанняў.

Кіраўніцтва пракуратуры тлумачыць рост злачыннасці тым, што суб'екты прафілактыкі правапарушэнняў (камісіі па справах непаўналетніх, органы апекі і папячыцельства, упраўленні адукацыі, аховы здароўя, па працы і сацыяльнай абароне, унутраных спраў і іншыя) расслабіліся. У прыватнасці, не наладжаны абмен інфармацыяй аб асобах, якія ўцягваюць дзяцей у антыграмадскія паводзіны, аб праблемных падлеткавых групах.

Бацькі як пагроза

Падчас тэматычнага каардынацыйнага пасяджэння ў аблвыканкаме адбылася няпростая размова. Заўвагі і прэтэнзіі ад пракурораў пачулі кіраўнікі розных узроўняў і ведамстваў.

— Злачыннасць сярод непаўналетніх — паказчык працы педагагічных калектываў. На жаль, даводзіцца ў літаральным сэнсе слова ратаваць дзяцей ад тых, хто павінен пра іх клапаціцца: прыходзіцца выхоўваць і бацькоў, — канстатаваў Дзмітрый Хома, начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Кіраўнікі праваахоўных органаў заклікаюць дырэктараў навучальных устаноў не ўтойваць негатыў. Напрыклад, трэба паведаміць у міліцыю пра дзяцей, якія ўжываюць наркотыкі. Тым больш пра факты іх распаўсюджвання. І трэба заахвочваць педагогаў за такую аператыўную прафілактычную работу.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір ПЕНІН падкрэсліў, што ў справе прафілактыкі правапарушэнняў не павінна быць фармалізму.

— Неабходна прафесійна высвятляць, як дзіця трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, — лічыць ён. — Заўсёды ёсць магчымасць нармалізацыі сямейнай абстаноўкі. У тым выпадку, калі неабходна дзяржаўная абарона, меры павінны прымацца неадкладна. Патрэбны дадатковыя меры па забеспячэнні абароны непаўналетніх ад усіх відаў эксплуатацыі і грубых адносін.

Сёлета за парушэнні адпаведнага заканадаўства ўнесены 460 актаў пракурорскага нагляду. Да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 470 вінаватых.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.