Вы тут

Паслы замежных краін уручылі даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі


Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь. Аб гэтым ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні журналістаў перад цырымоніяй уручэння даверчых грамат Прэзідэнту Беларусі.


Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр

"Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візіту Папы Рымскага ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы", - адзначыў Габар Пінтэр. Ён падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносін паміж Ватыканам і Беларуссю. "Я са спадзяваннем гляджу ў будучае", - дадаў Апостальскі нунцый.

Ён знаходзіцца ў нашай краіне амаль чатыры месяцы і расказаў, што за гэты час пазнаёміўся са многімі беларусамі. "Беларусы вельмі міралюбівыя, і гэта тая нацыя, якая імкнецца да міру з усімі краінамі, уключаючы сваіх суседзяў", - падкрэсліў прадстаўнік Ватыкана. Паводле яго слоў, гэтыя мэты супадаюць з асноўнымі задачамі, якія ставіць перад сабой Ватыкан.

Апостальскі нунцый у Беларусі звярнуў увагу на добры ўзровень супрацоўніцтва паміж Рымска-каталіцкай і Праваслаўнай цэрквамі.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі з Канадай і Інданезіяй. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на цырымоніі ўручэння даверчых грамат пасламі замежных краін.

"Для нашай краіны вельмі прывабны канадскі рынак. Разлічваем, што рашэнне ўрада Канады аб адмене абмежаванняў на гандаль з Беларуссю паслужыць наладжванню двухбаковага эканамічнага ўзаемадзеяння і паглыбленню палітычнага дыялогу", - заявіў Прэзідэнт.

"Лічу, што апошнія дзесяць гадоў - гэта час упушчаных магчымасцей у адносінах паміж нашымі краінамі. Нам трэба неадкладна нарошчваць нашы адносіны, пераадолець той правал, які адбыўся. Атрымаць урокі, каб не дапускаць у далейшым памылак. І пачынаць маштабнае супрацоўніцтва, ад спорту да высокіх тэхналогій", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вялікі інтарэс для Беларусі ўяўляе і развіццё адносін з Інданезіяй, асабліва з улікам таго, што эканоміка гэтай краіны з'яўляецца буйнейшай сярод краін АСЕАН. "Мы нацэлены на ўмацаванне ўсебаковага ўзаемадзеяння і гатовы максімальна выкарыстоўваць існуючы гандлёва-эканамічны патэнцыял для пашырэння стратэгічных мэт абедзвюх дзяржаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што адпаведныя задачы былі вызначаны ў час яго візіту ў Інданезію. "І мы павінны дабіцца выканання пастаўленых перад сабой задач", - упэўнены беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у апошнія гады таксама прыкметна актывізаваны дыялог Беларусі і Манголіі: адноўлены кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, пашырана дагаворна-прававая база, узрасла інтэнсіўнасць гандлёва-эканамічных адносін. "Маем намер умацоўваць далейшае супрацоўніцтва, у тым ліку ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Наогул, мы Манголію ніколі не лічылі чужой краінай. Мы прытрымліваемся такой палітыкі".

Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы ад паслоў Буркіна-Фасо, Інданезіі, Канады, Літвы, Люксембурга, Манголіі, Фінляндыі, Францыі, Эрытрэі, Эстоніі, Апостальскага нунцыя ў Беларусі.


"Спадзяёмся на актывізацыю нашых сувязей з Афрыканскім кантынентам. Мы ўсё больш і больш удзяляем увагі Афрыцы. Мы прадаўжаем тут пошук агульных інтарэсаў і гатовы да пашырэння дыялогу", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паслы замежных дзяржаў

Ён адзначыў, што Беларусь ужо мае станоўчы вопыт кааперацыі з Буркіна-Фасо па пастаўках тэхнічнай прадукцыі. "Думаю, новы пасол стане надзейным правадніком інфармацыі аб усіх існуючых магчымасцях нашага ўзаемадзеяння", - сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца Эрытрэі, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта той напрамак, дзе яшчэ шмат трэба будзе ажыццявіць. "Але я ўпэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы знойдзем шляхі для паспяховага развіцця супрацоўніцтва на карысць нашых краін", - дадаў беларускі лідар.


"Цяжка пераацаніць ролю Францыі як аднаго з палітычных і эканамічных "цяжкавагавікоў" Еўрапейскага саюза і ўсяго свету. Разлічваем на падтрымку Французскай Рэспублікай нашага курсу на шматвектарную знешнюю палітыку і большую ўключанасць краіны ў міжнародныя эканамічныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Люксембурга ў Беларусі Жан-Клод Кнэбелер

Яркім пацвярджэннем перспектыўнасці двухбаковага супрацоўніцтва Прэзідэнт назваў паспяховую дзейнасць на беларускім рынку французскіх кампаній з сусветным імем. "Спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі нам удасца рэалізаваць новыя ўзаемавыгадныя інвестыцыйныя праекты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем супрацоўніцтву з краінамі Еўрапейскага саюза, пашыраючы канструктыўную ідэю "інтэграцыі інтэграцый". І ў гэтым плане ўскладаем надзеі ў першую чаргу на нашых суседзяў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Літва з'яўляецца для Беларусі важным партнёрам у Еўропе, перш за ўсё ў знешнеэканамічнай сферы: "Мы даволі эфектыўна працуем у транспартна-транзітнай і інвестыцыйнай галінах. Трэба прадаўжаць рухацца ў гэтым напрамку і максімальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял".

Беларускі бок таксама адкрыты для плённага дыялогу з Фінляндыяй. "Для нашай краіны мае асаблівае значэнне прыцягненне інвестыцый і выкарыстанне сучасных фінляндскіх тэхналогій у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў. У сваю чаргу мы гатовы прадаставіць усе неабходныя ўмовы для бізнес-праектаў з удзелам вашых кампаній", - адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь гатова пашыраць і беларуска-эстонскія кантакты ва ўсіх сферах, уключаючы палітычнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Сёння нам неабходна асвойваць новыя перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Напрамкаў супрацоўніцтва мноства, мы павінны мець вельмі блізкія адносіны", - лічыць беларускі лідар.

"Наша краіна зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні з Люксембургам па ўсіх пытаннях двухбаковага, рэгіянальнага і глабальнага супрацоўніцтва. Улічваючы статус Люксембурга як аднаго з фінансавых цэнтраў Еўропы, мы выступаем за нарошчванне кантактаў у галіне эканомікі. Перш за ўсё ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


"Мы нязменна выступаем за вырашэнне канфліктных сітуацый цывілізаваным шляхам, за сталом перагавораў. Без прымянення ваеннай сілы, без аказання палітычнага і эканамічнага націску. Сёння Мінск стаў значнай пляцоўкай для ўрэгулявання рэгіянальных крызісаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас

Паводле яго слоў, на міжнароднай арэне сучасная Беларусь успрымаецца як надзейны і прадказальны партнёр. "Невыпадкова яна ўсё часцей асацыіруецца з "астраўком стабільнасці" ў рэгіёне, прытрымліваючыся такіх каштоўнасцей, як выключныя міралюбнасць і бяспека", - адзначыў беларускі лідар.


"Беларуская эканоміка з'яўляецца адной з самых адкрытых у свеце. Сёння разам з прыняццем мер, накіраваных на актывізацыю бізнесу, мы паглыбляем міжнародныя гандлёва-эканамічныя сувязі", - сказаў Прэзідэнт.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Манголіі ў Беларусі Банзрагчыйн Дэлгэрмаа

Ён адзначыў, што Беларусь з'яўляецца адной з дзяржаў - заснавальніц Еўразійскага эканамічнага саюза, які праз два гады пасля ўтварэння ўвайшоў у лік буйнейшых інтэграцыйных аб'яднанняў Еўразіі. "Упэўнены, што, развіваючы эканамічныя адносіны з Беларуссю, вы ацэніце сапраўды бязмежныя перспектывы, што вынікаюць з магчымасці доступу на агульны рынак ЕАЭС", - заявіў беларускі лідар.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на ўмацаванне супрацоўніцтва Беларусі з Ватыканам.

"Для нашай краіны Ватыкан - асаблівы партнёр у міжнародным дыялогу. У нас склаліся выключнае ўзаемаразуменне і давер з кіраўнікамі Рымска-каталіцкай царквы і асабіста з Яго Святасцю Папам Рымскім Францыскам", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што пры новым Апостальскім нунцыю двухбаковае супрацоўніцтва захавае і ўмацуе традыцыйна дружалюбны і плённы характар.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».