Вы тут

Мінчане шукаюць работу даўжэй за ўсіх


А ў асобных рэгіёнах вакансій больш, чым саіскальнікаў

Ужо восьмы месяц запар колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных зніжаецца. Калі ў маі ў гэтым статусе былі амаль 54 тысячы чалавек, то ў снежні — каля 36 тысяч. Цяпер узровень беспрацоўя складае 0,8 працэнта ад усяго эканамічна актыўнага насельніцтва.


Напружанасць на рынку таксама змяншаецца. На адну вакансію прыпадае адзін беспрацоўны (летась у снежні на свабоднае месца было 1,5 саіскальніка). А ў Мінску, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях вакансій больш, чым прэтэндэнтаў.

У сярэднім на пошук работы беларусам патрэбна 2,3 месяца. Што цікава: хутчэй за ўсіх удаецца ўладкавацца жыхарам Магілёўскай вобласці — за 1,9 месяца. А вось у мінчан на выбар патрэбнай працы ідзе 3,5 месяца.

Што да свабодных месцаў, то ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій іх налічваецца амаль 39 тысяч (на 21 працэнт больш, чым было год таму). Больш за палову з іх (52 працэнты) — па рабочых прафесіях. Самай запатрабаванай вакансіяй у наймальнікаў застаецца медыцынская сястра — 2200 свабодных месцаў. Традыцыйна патрэбны ўрачы-спецыялісты: у краіне не хапае 1875 медыкаў. Заробкі прапануюць розныя: 800 рублёў і больш гатовы плаціць на 55 вакансіях (амаль усе ў сталіцы) — напрыклад, неўролагу ў 11-й гарадской дзіцячай паліклініцы Мінска ці псіхатэрапеўту Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Разам з тым 46 працэнтаў свабодных месцаў для ўрачоў — з заробкам да 400 рублёў (але трэба адзначыць, што многія з іх — гэта работа на чвэрць ці палову стаўкі).

Актыўна шукаюць прадаўцоў — 1,1 тысячы вакансій. Большасць прапаноў у рэгіёнах: работнікі за касай патрэбны ў Добрушы, Наваполацку, Пружанах, Рагачове, Капылі. Амаль столькі ж свабодных месцаў налічваецца для кіроўцаў. Плацяць, праўда, нямнога — толькі пятая частка наймальнікаў прапануе 600 рублёў у месяц і больш: 650 рублёў абяцаюць кіроўцу ў Краснапольскім лясгасе, 900 — у мінскім аўтобусным парку №4.

Нечакана сярод запатрабаваных прафесій аказаліся прыбіральшчыкі памяшканняў (апошнія два гады такія вакансіі былі ў дэфіцыце). Прапаноў — паўтысячы, грошай — у асноўным да 300 рублёў у месяц.

Саіскальнікаў жа часцей цікавяць месцы эканаміста, бухгалтара, інжынера і сакратара.

Як паведамляюць у Міністэрстве працы і сацабароны, усяго з пачатку года пры садзейнічанні службы занятасці ўладкавана на пастаянную работу 150 тысяч чалавек, з іх 101 тысяча беспрацоўных. На вучобу па запатрабаваных прафесіях накіравалі каля 11 тысяч грамадзян. 144 сям'і перасялілі на новае месца жыхарства і працы. Яшчэ 1,6 тысячы беспрацоўных атрымалі субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцтва, рамесніцтва, дзейнасці ў сферы аграэкатурызму.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».