Вы тут

Візажыст: Найлепшы макіяж — той, які ніхто не бачыць


Універсальныя парады

Да таго, якім чынам фарбуешся, хутка прызвычаіцца. Штодзень адно і тое ж. Аднак ад такога роўнага стаўлення часта церпіць якасць нашага знешняга выгляду. Незалежна ад гэтага спрацоўвае правіла самаздзяйсняльнага прароцтва: усё адно «пазнаюць нашу дачку і ў андарачку»... Мы перастаём заўважаць відавочныя недарэчнасці, якія прафесіянал выправіў бы ў адно імгненне. Мы звярнуліся да візажыста Настассі ФЁДАРАВАЙ, прыхільніцы максімальна натуральнага макіяжу, якая прапанавала чытачкам «Сямейнай газеты» ўніверсальныя парады, як лепей фарбавацца штодзень.


На­стас­ся муль­ціб­лэн­да­рам рас­ту­шоў­вае та­наль­ны крэм.

Этап 1. Догляд і ўвільгатненне

Самая частая памылка — калі жанчына прапускае ці этап догляду за скурай, ці дэкаратыўную касметыку. Звычайна ёсць час толькі на штосьці адно: ці нанесці крэм, ці наадварот — раніцай прачнуцца, памыцца і адразу ж пачаць фарбавацца. У ідэале ўсё павінна быць паслядоўна. Спачатку — догляд, затым дэкаратыўная касметыка. Каб яна добра «ляжала», самы важны сакрэт — гэта ўвільготненая скура твару, вакол вачэй і вуснаў. Таму спачатку ачышчаем скуру гелем ці пенкай, затым карыстаемся тонікам і толькі пасля таго — крэмам. Асобна крэм для вачэй, асобна — для скуры. Лепш за ўсё з SPF (cонцаахоўны фільтр), каб скура не старэла, нават калі пра гэта пакуль не думаецца. Або фільтр можа прысутнічаць у танальным крэме.

Асобная парада — выкарыстоўваць для твару лёд касметалагічны, адвары траў ці ваду (апошняе — самы лепшы варыянт). «Я сама так раблю не штодзень, але праз дзень — дакладна. Гэта дапамагае прачнуцца лепш, чым кава», — дзеліцца Настасся. Менш бюджэтны варыянт лайфхака — патчы для вачэй. Гэта сіліконавыя падушачкі, якія кладуцца пад вочы і пазбаўляюць ад сінякоў, але ненадоўга — палову дня ці на цэлы. Патчы можна захоўваць у халадзільніку, раніцай дастаць, прыклеіць і хадзіць з імі 20—30 хвілін. Нават у машыне! Лепш набываць карэйскія, у іх аптымальнае спалучэнне кошту і якасці.

Этап 2. Падсвятленне

Пачынаем з бліскучай тэкстуры, але без блёстак — хайлайтара. Ён бывае сухі, вадкі і крэмавы. Яго галоўная задача — падсвятляць скуру, каб яна выглядала больш свежай, здаровай і маладой. Зоны для яго нанясення стандартныя: верхняя частка броўнай дугі, верхняя частка скулаў, над верхняй губой, унутраны вугалок вока. Калі дзяўчына збіраецца на вечар, то асобна прамалёўваюцца ключыцы.

Пры нанясенні (гэта тычыцца ўсіх этапаў незалежна ад таго, што наносім) старацца не расцягваць скуру. Для гэтага Настасся раіць раздрукаваць схему масажных ліній скуры твару і шыі, павесіць яе каля люстэрка і карыстацца ўсімі касметычнымі сродкамі выключна па ёй. Акрамя таго, пасля ўмывання нельга расціраць скуру ручніком, можна толькі прамакаць.

Каб не рас­цяг­ваць ску­ру, усе ма­ні­пу­ля­цыі з тва­рам і шы­яй трэ­ба ра­біць па ма­саж­ных лі­ні­ях.

Этап 3. Танальныя сродкі

На гэтым этапе самая частая памылка — няправільна падабраны колер: калі ён адрозніваецца на твары і на шыі. Часта дзяўчаты маюць праблемную скуру, і набываюць самы густы тон для таго, каб схаваць недахопы. Лепш жа маскіраваць іх кропкава, глядзіцца гэта больш натуральна. Калі праблемы надта заўважныя, то варта звярнуцца да дэрматолага. Таксама ні ў якім разе нельга карыстацца спонжам, не памыўшы яго. Бо ён становіцца аб'ектам для назапашвання мікробаў, якія пасля перанясуцца на скуру. Спонж можна захоўваць 2—3 месяцы, і то пры ўмове, што ён пастаянна мыецца ці апрацоўваецца спецыяльнымі дэзынфіцыруючымі сродкамі для касметыкі.

Колер падбіраецца па шыі (ключыцы). Яна звычайна больш светлая за твар. Калі пасля растушоўкі тон непрыкметны — колер падабраны трапна. «Я часта раю сэканоміць на пэўных касметычных сродках, але не танальных. Няхай гэта будзе люксавая касметыка, а не набытая ў масмаркеце. З бюджэтных добры SS-крэм ад Lumene ці яго аналаг у карэйскай касметыцы (падыдзе і ВВ-крэм). З люксавай касметыкі раю тон ад Armanі.

Яшчэ адна памылка — выкарыстоўваць базу пад макіяж. Вядома, нічога адмоўнага ў ёй няма, але накладваць яе кожны дзень не варта. Яна больш падыходзіць для прафесійнага выкарыстання: калі дзяўчына збіраецца на сцэну, альбо ў яе штодзённа вельмі адказная праца, на якой трэба бездакорна выглядаць. Гэта лішні слой у макіяжы, з-за якога скура не дыхае, асабліва — калі база няякасная.

Важна наносіць тон раўнамерна і паўсюдна: каля вушэй, вакол вачэй і «спускаючыся» да шыі (уключаючы яе). Галоўнае — не расцягваць скуру, г. зн. не накладваць касметыку не па масажных лініях. Лепш за ўсё наносіць танальныя сродкі пэндзлікам, пажадана сінтэтычным, бо ён не ўбірае вадкасць. Ці можна выкарыстоўваць спецыяльны б'юціблэндар (спонж, якія выглядае, як яйка, звычайна ружовае). Праўда, ён дарагаваты, але варты таго: дае лёгкае, незаўважнае пакрыццё.

Этап 4. Маскіруем недахопы

«На кожны дзень выбраць лепей штосьці адно: ці кропкавы карэктар, альбо кансілер, ці толькі танальны сродак, — працягвае Настасся. — Інакш гэта ўжо прафесійны макіяж. Напрыклад, раніцай прачнулася, умылася, замаскіравала недахопы — сінякі пад вачыма, акнэ ці постакнэ — і пабегла. Ці ўмылася і нанесла тон».

Кансілер — гэта сродак для зоны вакол вачэй, карэктар — для астатніх недахопаў (ён больш шчыльны). Любы з іх можна наносіць пэндзлікам альбо пальчыкам, даючы сродку падсохнуць. Звычайна кансілер ці карэктар выбіраюцца на тон святлейшымі за танальны сродак альбо ў тон скуры.

— У макіяжы самае галоўнае — правільная растушоўка, што робіць касметыку непрыкметнай. Лепшы макіяж — калі ніхто яго не заўважае і дзяўчына проста добра выглядае, — лічыць візажыст.

Та­кім чы­нам вар­та ма­ля­ваць стрэл­кі на ва­чах.

Этап 5. Скульптураванне

Самае балючае для прафесійнага вока візажыста — гэта падкрэсленыя рыжым колерам скулы. «Калі дзяўчына хоча зрабіць твар візуальна больш худым ці, наадварот, акруглым, то трэба выкарыстоўваць скульптар, але ён павінен быць не цёплага адцення, а блізкім да халоднага колеру ценю, які падае на скуру (ён не бывае рыжым)», — расказвае Настасся. Таксама ёсць такі сродак, як «бронзар». Тое ж, што і скульптар, толькі з блішчынкамі. Ён прызначаны для таго, каб падкрэсліць загар. Часта выкарыстоўваецца падчас фотасесій, але на кожны дзень будзе не да месца. Правільна падабраны колер скульптара — з той жа гамы, толькі на некалькі тонаў цямнейшы.

Можна выкарыстоўваць крэмавыя ці сухія сродкі. Першыя падыдуць для сухой скуры, для нармальнай і ўзроставай — другія. Калі пачынаем наносіць скульптар, то на твары трэба адшукаць самую цёмную кропку: перасячэнне ад кончыка брыва да вуха. Таксама можна дадаць крыху колеру на крылы носа. «Але на кожны дзень рабіць скульптураванне не варта. Бо гэта займае час (а раніцай ён на вагу золата), а калі перабольшыць з ім, то атрымаецца дрэнна. Таму толькі на вечар альбо для фотаздымкаў», — прапаноўвае Настасся Фёдарава.

Этап 6. Румяны і пудра

Румяны — гэта тое, што падыдзе для штодзённага макіяжу. Іх варта выбіраць па колеры вуснаў. Часцей за ўсё гэта персікавы ці ружовы колер. Яны ўніверсальныя, таму іх лёгка адшукаць у любой краме, што спецыялізуецца на касметыцы. Наносім наступным чынам: калі дзяўчына ўсміхаецца, утвараюцца «яблычкі» на шчоках. На іх наносім румяны, акуратна растушоўваем.

На кожны дзень пудра выкарыстоўваецца па жаданні і, перш за ўсё, для ўмацавання макіяжу. Лічыцца, што калі сухая скура, пудру лепей не выкарыстоўваць, каб не падкрэсліваць недахопы. У ідэале пудра павінна быць рассыпчатая і мінеральная, бо пад ёй скура дыхае, не забіваюцца поры. Таксама не карыстайцеся занадта насычанай пудрай, лепей узяць лёгкі варыянт. Пудру можна выкарыстаць і замест танальнага крэма. На ёй таксама не варта эканоміць: лепш набыць мінеральную марак Ardeco альбо Yves Rocher.

Этап 7. Вусны, бровы, вейкі

Што датычыцца броваў, то тут самая частая памылка, калі яны ненатуральнай формы ці няправільна падабраны колер афарбоўкі. Калі форму мусіць фарміраваць майстар (гэта асобная тэма), то падфарбаваць іх можна ценямі для вачэй ці спецыяльнай памадкай для броваў. Расчэсваць іх варта шчотачкай, на якую, каб лепей трымалі форму, можна пырснуць лакам для валасоў. З менш бюджэтных спосабаў можна назваць фіксуючы гель для броваў.

Туш, па словах Настассі, мусіць быць чорнай. Што тычыцца марак, якасці, кошту — гэта значэнне не мае. Галоўнае, каб яна не асыпалася і вас задавальняў пэндзлік. Спачатку з яго трэба зняць усё непатрэбнае, пры неабходнасці скарыстаўшыся сурвэткай (такім чынам пазбегнеце камякоў). Затым прафарбоўваем вейкі ад унутранай часткі да кончыкаў тонкімі слаямі адзін за адным — колькі лічыце патрэбным. Яны будуць выглядаць больш раздзеленымі. Падфарбоўваць ніжнія вейкі ці не — таксама справа кожнай жанчыны. Але, калі туш хутка абсыпаецца і ўтвараюцца «сінякі», лепей адмовіцца ад такой практыкі.

У фарбаванні вуснаў варта выкарыстоўваць цінты — вадкія, алейныя, жэлейныя, крэмавыя. Яны адрозніваюцца ад памады тым, што не сціраюцца падчас ежы ці пацалунку. Гэта канцэнтраваны пігмент, які пранікае ў вусны. Складваецца адчуванне, што яны сапраўды маюць такі прыродны колер, а не нафарбаваны.

Да ма­кі­я­жу і пас­ля яго.

Этап 8. На вечар

Можна падфарбаваць вейкі крыху больш чым звычайна — накласці адзін ці два дадатковыя слаі. Таксама можна дадаць стрэлкі ці міжвейкавую падмалёўку. Стрэлкі трэба маляваць ад знешняга кутка вока ў кірунку да брыва: яны мусяць глядзець уверх. Спачатку малюецца контур, затым дафарбоўваецца сама стрэлка. Яна павінна менавіта падымацца ўверх. Гэта зробіць позірк больш адкрытым.

P.S. Спадзяёмся, што парады Настассі Фёдаравай будуць карысныя і каштоўныя, падкрэсляць вашу прыродную прыгажосць і зробяць вас яшчэ больш прывабнай не толькі знешне, але і, дзякуючы самаадчуванню, унутрана.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Як абараніцца ад махляроў у сферы сучасных тэхналогій

Фішынг, вішынг — два кіты кіберзлачыннасці

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.