Вы тут

Сярод моладзі расце попыт на спецыяльнасць «сацыялогія»


Тыя, хто выбірае сацыялогію, звычайна робяць гэта свядома, сцвярджае Мікалай Мыслівец, намеснік дэкана факультэта давузаўскай падрыхтоўкі, дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт.


— Як шмат маладых людзей выбірае прафесію сацыёлага, і наколькі яна перспектыўная?

— У 2002 годзе, калі спецыяльнасць «сацыялогія» толькі адкрылася ў нашым універсітэце, на першы курс былі залічаны 22 студэнты. У далейшым набор павялічваўся, што сведчыла аб росце папулярнасці новай для горада і вобласці спецыяльнасці і аб захаванні стабільнай цікавасці моладзі да атрымання сацыялагічнай адукацыі. На цяперашні момант на гэтай спецыяльнасці ў ГрДУ навучаецца 162 студэнты. Для ўсіх паступленне стала вынікам свядомага выбару. Яны зацікаўлены ў атрыманні глыбокіх прафесійных ведаў і дэманструюць якасці, якія, спадзяюся, дапамогуць ім у далейшым самарэалізавацца ў жыцці.

Дыплом сацыёлага адкрывае перад выпускнікамі ўніверсітэта шырокія перспектывы прафесійнага і кар'ернага росту.

Сацыёлагі працуюць ва ўстановах адукацыі і культуры, у навукова-даследчых установах і ў органах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у галіне рэкламы, у прэсе і на тэлебачанні, у цэнтрах занятасці і ў праваахоўных органах, на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі. Яны вывучаюць рынкі збыту і спажывецкі попыт насельніцтва, прымаюць непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні маніторынгу кадраў, у распрацоўцы і рэалізацыі праграм барацьбы са злачыннасцю, алкагалізмам, наркаманіяй. Многія сацыёлагі становяцца спецыялістамі па сацыяльным кіраванні, сферай прымянення іх ведаў і навыкаў становяцца ўстановы і прадпрыемствы розных формаў уласнасці.

— Няўжо ўсё так адназначна станоўча?

— Не. Адным з найбольш вострых для нас пытанняў з'яўляецца размеркаванне выпускнікоў-сацыёлагаў. Існуючы рынак працы, нават у маштабах паўночна-заходняга рэгіёна краіны, досыць шырокі. У выкананні студэнтамі розных даследчых праектаў зацікаўлены многія прадпрыемствы, установы і арганізацыі нашага горада і вобласці. Аднак калі справа даходзіць да дачы выпускнікам канкрэтнага працоўнага месца, партнёры з рэальнага сектара эканомікі, сферы кіравання і іншыя структуры адразу спасылаюцца на адсутнасць у штатным раскладзе пасады сацыёлага. Як вынік — адмова ў прыёме на працу. У той час як менавіта гэты паказчык — працэнт працаўладкаваных выпускнікоў — з'яўляецца адным з вырашальных пры вызначэнні колькасці бюджэтных месцаў для набору на спецыяльнасць на наступны навучальны год.

— Але ж уладкавацца і працаваць па спецыяльнасці хоць і не ва ўсіх, але ўсё ж атрымліваецца. Чым такія спецыялісты і ўвогуле сацыялогія могуць быць карыснымі грамадству, сацыяльным інстытутам, бізнесу?

— У штодзённым уяўленні сацыялогія часцей за ўсё асацыюецца з правядзеннем анкетных апытанняў, вывучэннем грамадскай думкі, з паведамленнямі ў сродках масавай інфармацыі аб тым, які працэнт грамадзян думае так, а які — інакш. Хоць на самай справе рэальны дыяпазон даследчыцкіх інтарэсаў сацыёлагаў і іх магчымасцяў значна шырэйшы. Ён не зводзіцца да правядзення масавых апытанняў з мэтай выяўлення меркаванняў людзей па тых ці іншых праблемах.

Дзейнасць сацыёлага вельмі разнастайная. Яна распасціраецца ад збору інфармацыі аб перавагах людзей пры выбары імі таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты краіны да вызначэння найбольш распаўдсюджаных спосабаў зарабляць на жыццё, ад вывучэння прычын і наступстваў злачыннасці, беспрацоўя, унутрысямейных канфліктаў да распрацоўкі тэорый, якія тлумачаць асаблівасці выбару гістарычнага шляху таго ці іншага народа, існуючай сістэмы каштоўнасцяў, вызначэння перспектыў будучага... Нягледзячы на ўсю шырыню ахопу розных сфер жыцця сучаснага грамадства, у дзейнасці сацыёлага ёсць свая «разынка»: гэта навука дазваляе не толькі выявіць праблемы, спароджаныя сацыяльным узаемадзеяннем, прааналізаваць, што да іх прывяло, апісаць іх маштабы і формы, але і знайсці шляхі і сродкі іх вырашэння і прапанаваць іх грамадству.

Зварот да сацыялогіі дапамагае рэальна ацаніць як магчымасці, якія дае нам жыццё, так і перашкоды.

Яна дазваляе нам зразумець дынаміку сучаснага разнастайнага і вельмі супярэчлівага свету, адэкватна ацэньваць вартасці і хібы любога ладу жыцця і дамагацца сваіх мэт, у якой бы галіне яны ні ляжалі. Перавагі, якія дае сацыялогія, не абмяжоўваюцца сферай асабістага росту, хоць і гэта само па сабе з'яўляецца ў сучасным грамадстве вельмі важным. Гэта інструмент дыягностыкі таго стану, у якім знаходзіцца наша грамадства.

— Чаму вы вырашылі вывучаць менавіта сацыялогію?

— Па базавай адукацыі я гісторык. У 1993 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым працаваў настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства ў сярэдняй школе, пасля перайшоў на кафедру гуманітарных навук Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Загадчык кафедры, прафесар Лідзія Лук'янава настойліва параіла мне працягваць прафесійна займацца менавіта сацыялогіяй і паступаць у аспірантуру Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Па яе рэкамендацыі я трапіў у вучні да выдатнага чалавека, таленавітага вучонага, педагога з вялікай літары, акадэміка НАН Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара Яўгена Бабосава. Гэта сапраўды ўнікальная асоба, чалавек, знаёмствам з якім я вельмі ганаруся. Пад навуковым кіраўніцтвам Яўгена Міхайлавіча я паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. А з 2004 года працую ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Хочацца шчыра падзякаваць за падтрымку і садзейнічанне ў рэалізацыі ўсіх нашых сацыялагічных пачынанняў сваім калегам — сталічным сацыёлагам. Асаблівыя словы падзякі хочацца адрасаваць калектыву Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ і яго дырэктару прафесару Давіду Ротману. ЦСПД у гэтыя дні адзначае слаўную дату — 20 гадоў з дня яго стварэння! Гарадзенскія сацыёлагі віншуюць Давіда Генрыхавіча і ўзначалены ім калектыў з юбілеем, жадаюць усім супрацоўнікам здароўя, дабрабыту і квітнення, а таксама новых творчых ідэй, цікавых праектаў і іх паспяховай рэалізацыі!

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сацыялогія апытаннямі не абмяжоўваецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».