Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пра асаблівасці паветрана-дэсантнай службы


Карэспандэнту «Звязды», які папоўніў шэрагі эліты Узброеных Сіл, расказалі пра асаблівасці паветрана-дэсантнай службы

Няма такога чалавека, які б не ведаў пра славу «блакітных берэтаў». Воіны-дэсантнікі — заўсёды на вастрыні атакі, яны гатовы адправіцца ў любы пункт свету і выканаць пастаўленую задачу. Сапраўднае баявое братэрства, дзе маладыя людзі штодня правяраюць на трываласць сваю адвагу, сілу і майстэрства. Менавіта ў такім рэжыме праходзіць кожны дзень салдата тэрміновай службы ў 103-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе, якая дыслакуецца ў Віцебску.


Пра гэта я ведаю не па чутках, бо ўсе выпрабаванні ў гэтыя дні праходжу асабіста. Ужо паспеў прызвычаіцца да распарадку дня і фізічных нагрузак. Вядома, яны далёкія ад тых, што адчуваюць вайскоўцы разведвальных падраздзяленняў брыгады, якія ў поўнай экіпіроўцы прабягаюць па 20 кіламетраў. Але чалавек, які здольны рухаць горы, пачынае з маленькіх камянёў.

У гэтым мне і многім іншым хлопцам, хто служыць у 103-й брыгадзе, дапамагае начальнік штаба — першы намеснік камандзіра батальёна новага папаўнення гвардыі падпалкоўнік Дзмітрый КШЫСІНСКІ. Менавіта пад яго кіраўніцтвам учарашнія юнакі становяцца бясстрашнымі байцамі, якія здольныя атакаваць любога ворага, што пасягне на суверэнітэт нашай краіны. Нягледзячы на шчыльны графік, ён знайшоў час, каб расказаць аб тым, як жывуць навабранцы нябеснага войска.

— Вайсковае злучэнне мае багатую гісторыю даўжынёй больш чым у 70 гадоў. Як змянілася дывізія за перыяд суверэнітэту Беларусі?

— Ва ўсе часы асабовы склад злучэння выконваў задачы з гонарам і мужнасцю. На працягу свайго існавання злучэнне кавала сапраўдных мужчын. Гэтыя традыцыі жывуць і дагэтуль. 103-я паветрана-дэсантная брыгада ўдзельнічае практычна ва ўсіх вучэннях Узброеных Сіл: як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. Стабільна высокія вынікі злучэння не раз былі адзначаны Прэзідэнтам краіны і камандаваннем Узброеных Сіл. Наведваючы брыгаду ў 2013 годзе, кіраўнік дзяржавы высока ацаніў сацыяльна-бытавыя ўмовы размяшчэння вайскоўцаў, узровень правядзення заняткаў па баявой падрыхтоўцы. Мы пастаянна ўдасканальваем сваю вывучку і майстэрства, а таксама матэрыяльна-тэхнічную базу.

— Якім крытэрыям павінны адпавядаць будучыя дэсантнікі, каб патрапіць служыць у 103-ю брыгаду?

— Каб быць прызваным на ваенную службу ў Сілы спецыяльных аперацый, неабходна мець самую высокую групу прыдатнасці па здароўі, адпаведны ўзровень нервова-псіхічнай устойлівасці і эмацыйнай стабільнасці, а таксама выдатную фізічную падрыхтоўку. У нашых шэрагах — толькі лепшыя. І гэта цалкам відавочна, бо брыгада з'яўляецца элітай Узброеных Сіл краіны. Сёння ўсім вядома, што блакітны берэт і цяльняшка — сімвалы мужнасці, адвагі і гонару. Для любога мужчыны пачэсна насіць іх. Таму многія прызыўнікі просяцца менавіта да нас. Але акрамя ўсяго пералічанага, важным фактарам для службы ў брыгадзе з'яўляецца адсутнасць боязі вышыні, з якой не кожны можа справіцца.

— Што чакае новае папаўненне ў бліжэйшы час?

— Тыя, каму пашчасціла трапіць сюды на пачатковым этапе, праходзяць псіхалагічныя даследаванні асобы. Праводзяцца розныя тэсты, дзякуючы якім вызначаецца ўзровень інтэлектуальнага развіцця вайскоўцаў. Увесь час пад наглядам знаходзіцца ступень прыдатнасці здароўя. На пачатковым этапе таксама мае значэнне, каб малады чалавек адаптаваўся да новага калектыву. Але ёсць і тыя вайскоўцы, якія цяжэй пераносяць фізічныя нагрузкі інтэнсіўнай баявой падрыхтоўкі. І галоўнае цяпер для адміністрацыі батальёна новага папаўнення — дапамагчы ў адаптацыі і як роўных паставіць усіх у адзін шэраг. Таксама наш метад адбору дазваляе выявіць тых вайскоўцаў, якія могуць заняць пасады малодшага камандзірскага складу. Некаторыя ўжо праз тры месяцы стануць малодшымі сяржантамі, а найбольш падрыхтаваныя і адказныя — камандзірамі аддзяленняў. Як паказвае практыка, яны абавязкова будуць дапамагаць сваім менш дасведчаным таварышам.

— Адзін з самых складаных момантаў для кожнага дэсантніка — яго першы парашутны скачок...

— Здзяйсненне вайскоўцамі першага парашутнага скачка — і ёсць адна з галоўных задач агульнавайсковай падрыхтоўкі, якую нам трэба будзе асвоіць. Адпаведныя мерапрыемствы адбудуцца на базе злучэння з выкарыстаннем паветрана-дэсантнага комплексу і вучэбна-матэрыяльнай базы. У працэсе падрыхтоўкі да парашутнага скачка мы ўдасканальваем будучага дэсантніка як фізічна, так і маральна. Але ваеннаслужачаму недастаткова ўсяго толькі здзейсніць парашутны скачок. Ён павінен умець весці агонь па праціўніку ў паветры, пазбягаць няштатных сітуацый, прызямляцца на розныя перашкоды. А самае галоўнае — пасля прызямлення ў складзе падраздзялення выканаць пастаўленую задачу.

— Ці адбудзецца дэсантаванне асабістага складу батальёна падчас зімы?

— З гэтай мэтай на скачкі будуць адведзены два дні. Калі нябесная канцылярыя дазволіць, то ўсё адбудзецца да Новага года. Што тычыцца псіхалагічнай падрыхтоўкі да гэтага моманту, то мы зробім усё, што ад нас залежыць. Нельга не адзначыць той факт, што асабовы склад навабранцаў гэтага прызыву хутка і паспяхова асвойвае вучэбную праграму. Назіраецца станоўчая дынаміка і ў іх патрыятычным выхаванні. Упэўнены, што яны справяцца з пастаўленымі задачамі і размяркуюцца па падраздзяленнях.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Учора — юнак, а сёння — дэсантнік!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.