Вы тут

Хто паркуецца на месцах для інвалідаў?


Чаму здаровыя людзі займаюць месцы для інвалідаў, і калі пандус не выконвае сваіх функцый?

Апошнім часам шмат дыскусій і гутарак прысвечана таму, як прыстасаваць горад пад патрэбы людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але зрабіць для іх той жа пандус ці выдзеліць 5—10 месцаў на стаянцы і пасля пра гэта адрапартаваць мала. За ўсёй гэтай гаспадаркай таксама патрэбны кантроль. У тым ліку з боку пракуратуры і ДАІ. У гэтым пераканаліся карэспандэнты «Звязды», калі паўдзельнічалі ў сумесным рэйдзе з праваахоўнікамі.


Адчэпны варыянт

За савецкім часам пры ўзвядзенні шматпавярховых дамоў мала хто думаў пра тое, што ў іх могуць пасяліцца ў тым ліку і прыкутыя да інваліднай каляскі. Гэты важны архітэктурны недахоп пачалі выпраўляць толькі праз дзесяцігоддзі. У самім пад'ездзе праблему вырашыць крыху лягчэй, бо на сценах лесвічнай клеткі дамоў без ліфта і на першым паверсе можна прымацаваць канструкцыі адкіднога пандуса. А вось як забрацца ў сам пад'езд з вуліцы? Напрыклад, у доме, дзе жыве аўтар гэтых радкоў, прыступак ад уваходных дзвярэй да тратуара ажно восем. Але бар'ерам становяцца ўжо дзве. І нават калі той пандус ёсць, гэта не панацэя.

— Напрыклад, у адзін з пад'ездаў знакамітай сталічнай «кітайскай сцяны» па вуліцы Максіма Танка чалавек на інваліднай калясцы не заедзе самастойна і па пандусе, — гаворыць памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Аляксандр Кандратовіч. — Па гранічнай шырыні гэтая канструкцыя не адпавядае бяспечным габарытам каляскі. Ён не трамвай і не вагон метро, з дакладнасцю да міліметра па такіх накіроўваючых не паедзе. І нават чалавеку, які суправаджае, цяжка манеўраваць. Да таго ж ніжняе звяно пандуса кудысьці прапала. Але пракуратура не можа прайсці па ўсіх пад'ездах.

У адным з пад'ездаў пяціпавярховага дома Цэнтральнага раёна сталіцы пандус як быццам бы існуе. Прычым зроблены ён якасна — паўнавартасная пакатая бетонная канструкцыя. Вось толькі дзверы, да якіх гэты пандус пракладзены, вядуць... у падвал. А ў пад'езд з-за бетоннай перагародкі трапіць ужо немагчыма.

«У вашым талоне жывога месца няма!»

У Цэнтральным раёне Мінска размяшчаецца шмат гіпермаркетаў. Пад'язджаем да аднаго з іх. Электроннае табло перад уездам на 4-павярховы паркінг высвечвае колькасць вольных месцаў. Яна вымяраецца сотнямі на кожным паверсе — стаў не хачу. Іншая справа, што парковачныя месцы для інвалідаў знаходзяцца як мага бліжэй да ўваходу ў гандлёвыя залы — каб чалавек з абмежаванымі магчымасцямі мог не цягнуць пакупкі некуды па завуголлях. Але блізкасць да ўваходу спакушае прыпаркавацца на гэтым месцы не вельмі сумленных кіроўцаў.

І адразу ж на першым паверсе стаіць мікрааўтобус. Заварочваем налева і бачым — трывога беспадстаўная, на заднім шкле прымацаваны знак, які паказвае, што транспартам карыстаецца інвалід.

— Наўрад ці кіроўцы будуць тут зусім нахабна ставіць машыны, — заўважае інспектар ДАІ Цэнтральнага раёна горада Мінска Эдуард Русіновіч. — Усё-такі тут бачнасць вельмі добрая нават з вуліцы. А вось дзе аўтамабілі могуць быць прыпаркаваны не па правілах, дык гэта на другім паверсе. Парушальнікі думаюць, што мы туды не даедзем. Дарма...

Заязджаем на другі паверх. Інспектар як у ваду глядзеў — акурат на месцы для інвалідаў стаіць белы пазадарожнік «Нісан». Не заўважыць, што тут месца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, нельга: у святле ліхтарыка пад аўтамабілем яркім белым колерам свеціцца намаляваная інвалідная каляска. Да таго ж побач з месцам устаноўлены спецыяльны жоўты знак. Не заўважыць гэтыя абазначэнні можна толькі наўмысна.

Халодныя скразнякі пранізваюць паркінг па ўсіх кірунках. Але мы ўсё роўна чакаем гаспадара-парушальніка. Недзе хвілін праз 20 павольна выходзіць добра апрануты малады чалавек. Зразумеўшы, што ад штрафу не адкруціцца, спрабуе ламаць камедыю ў прысутнасці інспектара і памочніка пракурора. Аднак службоўцы на танны гумар не купляюцца і метадычна запаўняюць неабходныя дакументы.

— Спадар Д., у Вашым талоне жывога месца літаральна няма. За 2014 год — два парушэнні. За 2015 — тры. І сёлета вы ўжо неаднойчы правілы дарожнага руху парушалі. Як можна так ездзіць? — задае інспектар рытарычнае пытанне.

Д. не адказвае. Крыць, відавочна, больш няма чым. Адначасова з гэтым памочнік пракурора ўручае яму павестку.

— А гэта навошта? — робіць парушальнік вялікія вочы. — Я ж разумею, што парушыў. І ўсвядоміў гэта.

— Усё роўна вам трэба прыйсці да нас у пракуратуру Цэнтральнага раёна на прафілактычную гутарку. Так патрабуе закон, — парыруе Аляксандр Кандратовіч.

«Хоць тут можна паркавацца?»

Далей мы кіруемся на самы край горада. На поўначы Цэнтральнага раёна Мінска за апошнія гады вырасла некалькі гіпермаркетаў. І не дзіўна: тут сходзяцца вельмі ажыўлены Даўгінаўскі тракт, які пасля пераходзіць у трасу на Мядзел, і кальцавая дарога. На гадзінніку 16.50 — час, калі людзі пачынаюць раз'язджацца з працы і па дарозе дадому скіроўвацца ў разнастайныя гандлёвыя цэнтры.

Кіроўца мікрааўтобуса ўдумліва паркаваўся проста на месцы для інваліда. Але не паспеў заглушыць матор. Выпадкова зірнуў у наш бок — і твар выцягнуўся. Тут жа выехаў назад і акуратна прыпаркаваўся на іншым месцы. Выходзячы з мікрааўтобуса, усміхнуўся:

— Ну тут хоць можна паркавацца?

— Тут можна. А там, дзе хацелі першы раз, — нельга, там для інвалідаў. Цікава, а калі б нас не было, ці паставілі б мікрааўтобус як належыць? — пытаецца Аляксандр Кандратовіч. Адказу мы так і не пачулі.

А побач мы ловім і чарговага парушальніка. Старэнькі чорны «Мерседэс» стаіць акурат на месцы, дзе намалявана інвалідная каляска. Праз некалькі хвілін з'яўляюцца і пакупнікі — маладыя муж і жонка. У адрозненне ад папярэдняй сітуацыі галава сям'і прызнае сваю неправату адразу і плаціць штраф на месцы. Пытаюся: а чаму парушылі, шмат месцаў вакол вольных? Хлопец ціхенька адказвае: «Паленаваўся далёка ісці ад машыны ў гандлёвы цэнтр. Што ж, урок добры для мяне...»

Напрыканцы рэйда мы зноў вырашылі заехаць у гіпермаркет, з якога і пачыналася наша паездка. І зноў на тым жа самым месцы прыпаркаваны масіўны чорны BMW. «Мёдам ім тут намазана, ці што?» — праскочыла мімаходзь думка. Гаспадар аўтамабіля знайшоўся даволі хутка — хвілін за пяць. І пачаў шукаць розныя апраўданні свайму ўчынку. То ўзнікла неабходнасць тэрміновага рамонту. То ў яго паліва на зыходзе, з-за чаго няма часу рабіць кругі па паркінгу. То выказвае прэтэнзіі, маўляў, чаму на іншым парковачным месцы для інвалідаў стаіць мікрааўтобус, і на гэта няма ніякай рэакцыі. Праўда, ад прапановы схадзіць разам і паглядзець, што ззаду на мікрааўтобусе прымацаваны знак інваліднай каляскі, усё ж адмовіўся.

— Я не магу зразумець логіку такіх паводзін, — прызнаецца пасля Аляксандр Кандратовіч. — Парушыў? Парушыў. Факт зафіксавалі. І навошта нешта ліхаманкава выдумляць?

Больш аматараў прыпаркавацца на стаянцы для інвалідаў у той дзень мы не знайшлі. Ды вось толькі колькі часу прастаяць вольнымі ад пабочных машын тыя месцы?

Даведка «Звязды»

Пункт 2 артыкула 18.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях сведчыць: неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь. Сёння гэтая сума складае 42 рублі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Час здымаць бар'еры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».