Вы тут

БСЖ — равеснік і надзейны партнёр дзяржавы


За гады працы Беларускага саюза жанчын сфарміравалася новае пакаленне прадстаўніц прыгожага полу, змянілася іх роля і патрабаванні да грамадства, да свайго становішча ў ім. Сучасная жанчына імкнецца да эканамічнай самастойнасці, арыентуецца не толькі на моцную сям'ю, а і на паспяховую кар'еру, духоўнае і творчае развіццё, адзначыла на VІ Рэспубліканскай справаздачна-выбарчай канферэнцыі арганізацыі яе зноў перавыбраная старшыня Марыяна ШЧОТКІНА.


Жаночыя арганізацыі ёсць практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны, пачынаючы ад прадпрыемстваў і ўстаноў і канчаючы 33,4% жанчын у Парламенце. Работу, якую яны праводзяць на месцах, і падтрымку тых, каму гэта патрэбна, цяжка не ацаніць. Міжнароднае супрацоўніцтва саюза прадстаўлена пагадненнямі з жаночымі аб'яднаннямі Літвы, Сірыі, Казахстана, Польшчы, Азербайджана, В'етнама. Нядаўна Беларускі саюз жанчын падпісаў пагадненне аб сумеснай дзейнасці з Саюзам жанчын Расіі.

Тамара СТАРЧАНКА, старшыня Бранскай абласной арганізацыі Саюза жанчын Расіі, падкрэсліла даўнюю, глыбокую і нефармальную сувязь, якая існавала паміж жанчынамі Расіі і Беларусі:

— Мы высока ацэньваем супрацоўніцтва паміж нашымі арганізацыямі і спадзяёмся, што сяброўскія адносіны паміж расійскімі і беларускімі жанчынамі будуць развівацца і ўзмацняцца. Мы ў Расіі праводзім праект за чысты дом, чысты горад, чыстую краіну. Нам трэба прыехаць, паглядзець і рабіць, як вы.

За шматгадовую працу і ажыццяўленне праектаў і мерапрыемстваў, за каласальны ўклад у развіццё грамадства і вялікую працу саюза як грамадскага аб'яднання і структуры грамадзянскай супольнасці жанчынам Беларусі падзякаваў Ігар БУЗОЎСКІ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён уручыў старшыні БСЖ Ганаровую грамату ад Адміністрацыі і адзначыў душэўнасць ажыццёўленых праектаў і асаблівае стаўленне да гэтай арганізацыі ў грамадстве. Паводле яго слоў, сёння ў жыцці грамадзянскай супольнасці Беларусі ўзмацняецца канкурэнцыя, гэта нараджае высокія патрабаванні да грамадскіх фарміраванняў і накладвае на БСЖ асаблівую адказнасць.

Віцэ-прэм'ер Наталля КАЧАНАВА ўручыла ганаровыя граматы ад Савета Міністраў Салігорскай раённай і Гродзенскай абласной арганізацыям БСЖ і падзякавала жанчынам за тое, што яны робяць для народа:

— Беларускі саюз жанчын — аднагодка нашай краіны. За 25 гадоў саюз набыў шырокі і сур'ёзны ўплыў ва ўсіх гарадах рэспублікі. Жаночая арганізацыя вырасла і памацнела. І не толькі колькасна, але і ў спраўнасці рэалізацыі задач, якія стаяць перад дзяржавай. Акцыі і мерапрыемствы, якія вы праводзіце па ўсёй краіне, клапоцячыся пра мацярынства і дзяцінства, умацоўваючы статус сям'і, зрабілі БСЖ надзейным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні гэтых задач.

Ірына СІДАРОК

 sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Душэўны саюз

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.