Вы тут

Мінчан абавязалі чысціць снег каля сваіх машын


Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў зацвердзіў новыя правілы добраўпарадкавання і ўтрымання горада. Сачыць за выкананнем рашэння №252 будзе пастаянная камісія па гарадской гаспадарцы, транспарце і сувязі.


Найбольш горача абмяркоўваецца новаўвядзенне, якое тычыцца ўборкі дарогі каля прыпаркаванага аўтамабіля. Цяпер адказнасць за гэта ўскладваецца на аўтаўладальніка. Ён абавязаны чысціць ад смецця і снегу не менш за метр тэрыторыі праезнай часткі вакол сваёй машыны. Рашэнне закранае тых грамадзян, хто паркуе транспартныя сродкі каля жылых дамоў, уздоўж вуліц і праездаў.

У студзені гэтага года, калі разбушаваўся цыклон Даніэла, Мінгарвыканкам рассылаў гараджанам SMS з просьбай прыбраць снег каля машына-месцаў і ў дварах. Тады гэты заклік выклікаў ажыятаж у грамадстве, аднак на сітуацыю практычна не паўплываў, таму на змену просьбам прыйшлі больш жорсткія меры. Дарэчы, усё новае — гэта добра забытае старое: тыя ж правілы дзейнічалі на працягу 13 гадоў, пакуль тры гады таму не былі адменены.

Сяргей Антонавіч — аўтаўладальнік з унушальным стажам, больш за 30 гадоў, ініцыятыву цалкам падтрымлівае. «Вы паспрабуйце праехаць снежнай зімой па вуліцах горада: там столькі машын прыпаркавана, якія з-за таго, што за імі ніхто не сочыць, ператвараюцца ў гіганцкія гурбы. З-за гэтага месца для іншых аўтамабіляў становіцца значна менш. Ды і наогул, пра што тут гаварыць: усе свядомыя гараджане і так зранку чысцяць месца вакол сваёй машыны. Новыя правілы павінны паўплываць на ўладальнікаў так званых пралесак, якія ствараюць масу праблем», — адзначыў мужчына.

Перамены закранулі і ўласнікаў гаражоў, размешчаных у дварах. У іх абавязкі зараз уваходзіць утрыманне тэрыторыі вакол збудавання па перыметры.

Па-іншаму будзе арганізавана добраўпарадкаванне і ўтрыманне зямель агульнага карыстання. Пасля ўступлення рашэння ў сілу адміністрацыі раёнаў маюць права замацоўваць за юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, пэўныя ўчасткі.

Што да знешняга выгляду горада, то ён таксама трохі пераўтворыцца. Так, не дапускаецца нанясенне фарбы на паверхню асфальту з мэтай размяшчэння на ім рэкламных аб'яў, а на шчытавых рэкламных канструкцыях нельга выкарыстоўваць паперу.

Таццяна, студэнтка трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, з такім указаннем згодна, але з пэўнымі агаворкамі. «Мяне, як чалавека з мастацкім бачаннем, такое «ўпрыгожванне» горада «рэкламай» проста абурае. Да таго ж гэта практычна не ўплывае на прыцягненне ўвагі да тавараў і паслуг. Тады дзеля чаго? Аднак нічым не лепш выглядаюць участкі, дзе гэтая рэклама зверху замазана. Над спосабамі процідзеяння яшчэ трэба працаваць. Шкада, што часта пакутуюць не толькі рэкламныя аб'явы, але і мілыя арт-малюнкі. Бо менавіта такія прывабныя дробязі робяць горад жывым».

Як указана ў новых правілах, яны прыняты з мэтай стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва, а таксама фарміравання экалагічнага і пажарабяспечнага, эстэтычнага асяроддзя пражывання. У цэлым пад добраўпарадкаваннем і эксплуатацыяй тэрыторыі маецца на ўвазе будаўніцтва і ўтрыманне транспартнай інфраструктуры, водаадводных сістэм і абсталяванне вуліц, туалетаў, агароджаў, турнікетаў, малых архітэктурных формаў. Пералік даволі шырокі, сюды ж адносіцца і санітарная ачыстка і ўборка тэрыторыі, утылізацыя транспартных сродкаў, якія не эксплуатуюцца, утрыманне аб'ектаў расліннага свету, а таксама стварэнне месцаў і зон адпачынку.

Дарэчы, калі вы на добраахвотнай аснове за ўласныя сродкі хочаце акультурыць свой двор, напрыклад, змяніўшы аснашчэнне дзіцячай пляцоўкі або абсталяваўшы дадатковыя парковачныя месцы, то за гэта гатовыя ўзяцца арганізацыі, якія прадстаўляюць іншыя жыллёва-камунальныя паслугі.

Планы мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні горада на будучы 2017 год ужо складзеныя, да 1 снежня яны былі зацверджаныя адміністрацыямі раёнаў. Традыцыйна ў вясновы і асенні перыяды дзеянні набываюць найбольш масавы характар: Мінгарвыканкам і адміністрацыі раёнаў арганізоўваюць месячнікі і суботнікі, да ўдзелу ў якіх прыцягваюцца юрыдычныя і фізічныя асобы.

У аснову новых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання горада лёг Закон ад 12 ліпеня 2000 года «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска». Старая версія правілаў, якая дзейнічала 3 гады, страціла сваю сілу.

Артыкул 21.14 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях пад назвай «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў» папярэджвае:

1. Загрувашчванне вуліц, плошчаў, двароў, іншых зямель агульнага карыстання будаўнічымі матэрыяламі і іншымі прадметамі цягне накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад пяці да дзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь.

2. Парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў цягне накладанне штрафу ў памеры да дваццаці пяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад дваццаці да ста базавых велічынь.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Любіш катацца — любі і прыбірацца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».