Вы тут

Сакрэты бяспекі навагодняй елкі


За паўтара тыдня перад надыходам Новага года святочная мітусня пераходзіць у актыўную фазу. Набыць да свята трэба многа рэчаў, а часу застаецца не так шмат. Але як падрыхтавацца да яго сустрэчы правільна з пункту гледжання супрацьпажарнай бяспекі? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з начальнікам рэспубліканскага цэнтра прапаганды Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аленай Дзмітрук.


Крок 1. Як выбраць святочнае дрэва?

Калі вы вырашылі ўсталяваць дома жывое святочнае дрэва, то ў такім выпадку не трэба звяртаць увагу на елкі, якія спілавалі даўно. У стоп-ліст таксама трэба ўнесці дрэва, з якога асыпаецца жоўтая хвоя, з падсечаным ствалом і ломкімі галінамі. Лепш не адцягваць набыццё святочнай прыгажуні да апошніх дзён старога года. Да гэтага часу выбар ужо сур'ёзна зменшыцца, а не раскупляюцца, як правіла, елкі з якімісьці дэфектамі.

Калі ж вы спынілі свой выбар на штучнай елцы, то праблем з іх асартыментам у крамах не будзе. Але тут ёсць свае «падводныя камяні». Перад набыццём елкі папрасіце ў прадаўца інструкцыю да елкі і сертыфікат якасці. Там павінен быць прапісаны яе хімічны склад. Калі ў гэты спіс патрапілі фармальдэгід, смолы ці метылен, то лепш такое дрэва паставіць назад. Справа ў тым, што гэтыя атрутныя рэчывы пры награванні ад гірлянд будуць выпарацца ў навакольнае паветра. Некаторыя вытворцы хітруюць і наогул не пазначаюць у суправаджальным дакуменце і на ўпакоўцы склад штучнага дрэва. Але калі так робіцца, значыць, такую елку лепш не купляць?

Самымі бяспечнымі сёння лічацца елкі, зробленыя з палімераў з антыпірэнамі. Менавіта апошнія хімічныя злучэнні перашкаджаюць яе ўзгаранню.

Крок 2. Устаноўка

Проста прынесці лясную прыгажуню дадому і паставіць яе на крыжавіну мала. Трэба загадзя паклапаціцца пра месца ўстаноўкі. Дрэва не павінна перашкаджаць свабодна хадзіць, загароджваць дзверы. Абагравальнікі таксама лепш прыбраць ад яго далей, як і дываны. Елка павінна быць добра замацавана — малыя дзеці ці хатнія жывёлы могуць паваліць дрэва. Галінкі і вярхушкі елкі не павінны дакранацца да столі, сцен і хатніх рэчаў.

Крок 3. Выбіраем электрагірлянду

Першае, на што трэба звярнуць увагу пры набыцці зіхатлівай стужкі, — гэта на наўнасць сертыфіката бяспекі. Аднак пра суправаджальныя дакументы пры набыцці святочнай забаўкі мала хто ўспамінае. На думку многіх пакупнікоў, галоўнае — гэта даўжыня ўпрыгажэння, колькасць рэжымаў і колераў. І дарэмна: бо галоўнае — пажарная бяспека.

У сертыфікаце якасці павінна быць пазначана, ці пакрыты гірлянды вогнеахоўным саставам. Лепш спыніць выбар на святлодыёдных стужках. Яны каштуюць крыху даражэй, але затое не награваюцца (у адрозненне ад класічных лямпачак) і да таго ж дапамагаюць сэканоміць на плаце за электрычнасць.

Некаторыя ўмельцы робяць гірлянды саматужна, а ў якасці асвятлення выкарыстоўваюць лямпы напальвання. Але ж гірлянда на ёлцы сама па сабе не вісіць. Яна будзе дакранацца да ўпрыгажэнняў, каляровай паперы, пластыку. А тут да пажару ўсяго адзін крок...

Існуюць і розныя тыпы гірлянд. Ёсць у продажы стужкі як для двара, так і для памяшкання. Прычым ліхтарыкі, прызначаныя для эксплуатацыі на свежым паветры, уключаць у хаце можна спакойна. А вось у адваротны бок гэта не працуе. Гірлянды, якія прызначаны для работы ўнутры памяшкання, маюць даволі кепскую абарону ад вільгаці і тонкія правады. Экзамен на трываласць яны праваляць пры першай жа істотнай змене надвор'я. У выніку — кароткае замыканне з перспектывай вельмі сур'ёзнага пажару.

Калі ўстаць ноччу, то відаць, як у вокнах шматпавярховых дамоў на розныя лады зіхацяць гірлянды. Гэта прыгожа, але... адначасова небяспечна.

Гірлянда — прыбор вельмі капрызны, звязаны з пастаяннымі зменамі ў спажыванні электраэнергіі. Да таго ж нельга адначасова ўключаць больш за тры агрэгаты ў адну разетку — можа здарыцца кароткае замыканне. Таму лепш за ўсё гірлянду на ноч выключыць. Як і тады, калі сыходзіце з дома.

Крок 4. Падбіраем святочныя касцюмы

Іх нельга вырабляць з марлі і ўпрыгожваць дэталямі з ваты і паперы. Самы бяспечны матэрыял для карнавальнага ўбору дзіцяці — гэта лён. Касцюмы, зробленыя з паперы ці з сінтэтыкі, загараюцца куды лягчэй. Яны могуць успыхнуць нават ад звычайнага бенгальскага агню ў руках малога.

Калі дрэва загарэлася...

Першае, што трэба зрабіць у такім выпадку — абясточыць памяшканне, вывесці з яго ўсіх людзей і тэрмінова патэлефанаваць па нумары 101 ці 112. За той час, пакуль ратавальнікі будуць ехаць, можна спрабаваць тушыць пажар самому. Елку трэба абрынуць на падлогу і накрыць шчыльнай тканінай ці коўдрай. Калі няшчасце адбылося з натуральным дрэвам, то патушыць яго крыху прасцей: дастаткова затоптваць палаючыя галінкі пад тканінай па ўсёй паверхні дрэва, пакуль гарэнне не спыніцца. Паскорыць працэс тушэння дапамогуць невялікія порцыі вады.

А вось калі ваша святочнае дрэва штучнага паходжання, то пра ўжыванне вады трэба забыцца. Справа ў тым, што падчас гарэння сінтэтычныя матэрыялы вельмі добра плавяцца і расцякаюцца. Кроплі вады, якія трапяць на палаючую паверхню, зробяць толькі горш — мікраскапічныя кропелькі пластыку будуць разлятацца наўкол і падпальваць усё на сваёй траекторыі. Як вынік, плошча гарэння будзе толькі імкліва павялічвацца. Да таго ж палаючыя палімеры выдзяляюць вельмі таксічныя рэчывы. Таму адзіная супрацьпажарная зброя ў гэтым выпадку — вогнетушыцель ці пясок. Але калі справіцца з агнём у першыя хвіліны не атрымалася — неадкладна пакіньце памяшканне і чакайце прыезду пажарных разлікаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб ёлка не сапсавала свята

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.