Вы тут

Беларуская армія здольная супрацьдзейнічаць сучасным пагрозам


Роля Генеральнага штаба як органа кіравання ўзброенымі сіламі ў многіх дзяржавах заўжды была надзвычай важнай. Невыпадкова Маршал Савецкага Саюза Барыс Шапашнікаў у свой час ахрысціў Генштаб «мозгам арміі». І гэта сапраўды так. Менавіта тут плануюцца найважнейшыя вайсковыя аперацыі, каардынуецца дзейнасць усіх воінскіх часцей і падраздзяленняў, забяспечваецца боегатоўнасць узброеных сіл — а значыць, мір і спакой у краіне.


Генеральны штаб Узброеных Сіл Беларусі быў створаны 15 гадоў таму. Для гісторыі — імгненне. Але за гэты час шмат чаго зроблена. Беларуская армія дынамічна развіваецца: удасканальваецца баявая падрыхтоўка, абнаўляюцца тэхніка і ўзбраенне. Як паказваюць міжнародныя спаборніцтвы, у некаторых відах ваеннага майстэрства беларускім вайскоўцам няма роўных у свеце. А армія адносна невялікай краіны з'яўляецца гарантам бяспекі не толькі для яе жыхароў, але і для насельніцтва Саюзнай дзяржавы.

Якія прыярытэтныя кірункі дзейнасці ў Генеральнага штаба сёння, што ўяўляе сабой абаронны патэнцыял дзяржавы, а таксама ці здольная беларуская армія адэкватна супрацьдзейнічаць сучасным выклікам і магчымым пагрозам нацыянальнай бяспецы, карэспандэнту газеты «Звязда» ў эксклюзіўным інтэрв'ю расказаў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег БЕЛАКОНЕЎ.

— Алег Аляксеевіч, стварэннем Генеральнага штаба былі закладзены асновы сучаснага аблічча Узброеных Сіл Беларусі. Ці апраўдалася гэтае адно з найважнейшых дзяржаўных рашэнняў, прынятае паўтара дзесяцігоддзя таму?

— Заканадаўча Генеральны штаб быў надзелены функцыямі распрацоўкі асноў мабілізацыйнага плана дзяржавы і разгортвання Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, ажыццяўлення цэнтралізацыі намаганняў усіх сілавых структур пры распрацоўцы стратэгічных і аператыўных планаў прымянення войск (сіл), выпрацоўкі стратэгіі, формаў і спосабаў іх прымянення, арганізацыі кіравання і ўзаемадзеяння ў інтарэсах абароны дзяржавы. Пры гэтым на яго ўскладзены задачы па аператыўным кіраванні Узброенымі Сіламі і забеспячэнні іх высокай баяздольнасці. Генштаб надзелены паўнамоцтвамі па арганізацыі ўзаемадзеяння і каардынацыі дзейнасці структурных элементаў ваеннай арганізацыі дзяржавы, па выкананні задач у галіне абароны як у мірны, так і ў ваенны час.

Па меры бесперапыннага павелічэння аб'ёму задач, звязаных з гарантаваннем ваеннай бяспекі, змяненняў ваенна-палітычнага становішча, поглядаў на падрыхтоўку і вядзенне сучаснай вайны і ўзброенай барацьбы, Генеральны штаб перажыў пэўныя змены, яго функцыі няўхільна пашыраліся і ўскладняліся. Найбольш важным у гэтым плане з'явілася ажыццяўленне стратэгічнага планавання ў галіне абароны дзяржавы. Першыя дакументы былі распрацаваны і зацверджаны Прэзідэнтам краіны ў 2003 — 2004 гадах. Пасля яны ўдакладняліся, а беларускі вопыт па распрацоўцы дакументаў ваеннага планавання стаў запатрабаваны ў іншых краінах.

— Якія прыярытэты ў Генеральнага штаба як цэнтра кіравання ваеннай арганізацыяй краіны?

— У 2015 годзе Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі былі канкрэтызаваны асноўныя задачы і напрамкі будаўніцтва беларускай арміі. Вызначаны прыярытэт — максімальна адаптаваць яе да рэагавання на тую сітуацыю, якая можа скласціся ў сярэднетэрміновай або доўгатэрміновай перспектывах. У сувязі з гэтым самая пільная ўвага ўдзяляецца павелічэнню баявога кампанента пастаяннай гатоўнасці, а таксама развіццю мабільнага складніка Узброеных Сіл. Войскі вучацца сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы, у тым ліку разгрупаваным баявым дзеянням аўтаномнымі мабільнымі групамі, дзеянням па дэблакіраванні населеных пунктаў, пошуку і знішчэнні незаконных узброеных фарміраванняў.

У сучасных умовах Генеральны штаб зыходзіць з комплексу як неваенных, так і ваенных мер па гарантаванні ваеннай бяспекі краіны, канцэптуальна вызначаных у Ваеннай дактрыне Беларусі, прынятай у ліпені 2016 года. У цяперашні час змяніўся не толькі колькасны, але і якасны стан Узброеных Сіл. Галоўным вынікам дзейнасці Генеральнага штаба стала стварэнне сістэмы гарантавання ваеннай бяспекі краіны, якая дае эфектыўную ўзброеную абарону яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.

— Ваенна-палітычнае становішча ў свеце патрабуе змянення формаў і спосабаў барацьбы. Як рэагуе на гэта «мозг арміі»?

— На працягу апошніх некалькіх гадоў значную ўвагу Генеральны штаб удзяляе пытанням аптымізацыі баявога і колькаснага складу Узброеных Сіл у адпаведнасці з патрабаваннямі часу, магчымым варыянтам эскалацыі выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы дзяржавы. Не выпадкова асноўныя намаганні накіраваны на развіццё сістэм кіравання, разведкі, інфармацыйнага проціборства, супрацьпаветранай абароны, беспілотнай авіяцыі, ракетных войскаў і артылерыі, сіл спецыяльных аперацый.

Штогод праводзіцца больш як 40 розных мерапрыемстваў, уключаючы камандна-штабныя ваенныя гульні, штабныя трэніроўкі, вучэнні аператыўнага і стратэгічнага ўзроўняў. Ужо нормай сталі раптоўныя праверкі баявой гатоўнасці Узброеных Сіл, мэтай якіх з'яўляюцца вызначэнне здольнасці органаў ваеннага кіравання, камандзіраў кіраваць падначаленымі воінскімі часцямі і падраздзяленнямі, а для воінскіх часцей і падраздзяленняў Узброеных Сіл, тэрытарыяльных войскаў — гатоўнасці выконваць задачы па прызначэнні. Усё гэта ўмацоўвае абараназдольнасць, пацвярджае правільнасць абраных напрамкаў гарантавання ваеннай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

— Дынамічнае будаўніцтва і развіццё Узброеных Сіл абумовілі стварэнне факультэта Генеральнага штаба. Такім чынам, падрыхтоўка ваенных кадраў у нашай краіне пачала ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях...

— Адкрыццём у 2006 годзе ў Ваеннай акадэміі факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл было завершана стварэнне беларускай ваеннай школы, якая рыхтуе ваенныя кадры усёй вертыкалі органаў кіравання — ад тактычнага да стратэгічнага ўзроўняў. Яшчэ 11 гадоў таму беларускія афіцэры былі вымушаны ехаць па аператыўна-стратэгічную адукацыю за межы нашай краіны. 22 сакавіка 2006 года такая неабходнасць адпала, і ваенную эліту пачалі рыхтаваць у нас. За дзесяцігоддзе факультэт скончылі каля двухсот ваеннаслужачых. Гэта вядомыя сёння военачальнікі, кіраўнікі дзяржаўных структур, вышэйшыя службовыя асобы сілавых структур іншых дзяржаў.

— На што будзе накіравана ўвага галоўнага органа кіравання Узброенымі Сіламі ў найбліжэйшы час?

— Змяненне ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча ў свеце і ва Усходнееўрапейскім рэгіёне калектыўнай бяспекі, прыняцце новай Ваеннай дактрыны стымулявалі распрацоўку перспектыўных патрабаванняў да Узброеных Сіл, якія ляглі ў аснову Канцэпцыі іх будаўніцтва і развіцця да 2020 года. У найбліжэйшыя чатыры гады наша дзейнасць будзе накіравана на павышэнне эфектыўнасці работы органаў ваеннага кіравання, развіццё арганізацыйнага і тэхнічнага складнікаў сістэмы кіравання, удасканаленне баявых сістэм і сістэм забеспячэння, аснашчэнне Узброеных Сіл новымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі. У прыватнасці, працягнецца пастаўка сродкаў супрацьпаветранай абароны, такіх, як РЛС «Раса-РБ», комплексаў радыёперашкод «Навес» і іншых, беспілотных авіяцыйных комплексаў айчыннай вытворчасці «Маскіт» і «Беркут», рэактыўнай сістэмы залпавага агню вялікай далёкасці «Паланэз», зенітных ракетных комплексаў «Тор-М2», вучэбна-баявых самалётаў Як-130, баявых самалётаў Су-30, іншай тэхнікі.

— Быць афіцэрам Генеральнага штаба надзвычай ганарова...

— Перш за ўсё гэта складана і адказна. Афіцэра Генштаба вылучае здольнасць абагульняць і аналізаваць даныя, у сціслыя тэрміны рабіць высновы, працаваць па шмат гадзін, праяўляючы пры гэтым ініцыятыву і крэатыўнасць мыслення, скрупулёзнасць і найвышэйшую адказнасць. Аналітычнае мысленне, шырокі кругагляд, унутраная патрэба і звычка да ўдасканалення свайго прафесійнага ўзроўню — толькі некаторыя рысы, якімі валодае афіцэр Генеральнага штаба.

Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што ў нас сфарміраваны калектыў аднадумцаў, кожны з якіх з'яўляецца прафесіяналам сваёй справы, узорам выканання воінскага абавязку і адданым абаронцам Айчыны. Дзякуючы ім Узброеныя Сілы дасягнулі якасна новага ўзроўню, які адпавядае навацыям у ваеннай справе, а таксама здольныя гарантаваць стабільнае развіццё Беларусі, яе бяспеку ў ваеннай сферы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гарант бяспекі

Выбар рэдакцыі

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?