Вы тут

Задзіракам-балельшчыкам забароняць прыходзіць на матчы


Дэпутаты працуюць над законапраектам, які часова забароніць наведванне масавых спартыўных мерапрыемстваў тым, хто раней быў там затрыманы за парушэнне дысцыпліны. У першую чаргу гэта датычыцца футбольных фанатаў, якія канфліктуюць і такім чынам перашкаджаюць астатнім балельшчыкам атрымліваць асалоду ад відовішча.


Валянцін МІХНЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, падкрэсліў: галоўнае, на што нацэлены гэты праект закона, — прафілактыка правапарушэнняў.

— Ён абараняе правы балельшчыкаў. Чалавек, які прыйшоў на канкрэтнае спартыўнае мерапрыемства, павінен атрымаць максімум задавальнення, якое гарантавана, — адзначыў Валянцін Міхневіч.

Праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў» прадугледжвае забарону на наведванне масавых спартыўных мерапрыемстваў на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў. Падстава для такога пакарання — здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння на тэрыторыі фізкультурна-спартыўных комплексаў.

Сяргей САФАР'ЯН, першы намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», звярнуў увагу, што падобныя абмежавальныя меры ў свеце існуюць дастаткова даўно.

— У дысцыплінарным кодэксе ФІФА, у дысцыплінарным кодэксе Беларускай федэрацыі футбола забараняльныя нормы ёсць, — нагадаў ён. — Узнікалі пытанні з тым, што ў нашых заканадаўчых актах адпаведная норма не ўтрымліваецца, таму механізм рэалізацыі вельмі ўскладнены. Мы спадзяёмся, што дакумент запрацуе і гэта дазволіць заставацца на трыбунах тым, хто прыйшоў глядзець відовішча, а не ўдзельнічаць у нейкіх экстрэмісцкіх або палітычных акцыях. Думаецца, што дасць вынікі прафілактычная работа і людзей, пазбаўленых права наведваць спартыўна-масавыя мерапрыемствы, будзе няшмат.

Увогуле, бойкі на стадыёнах не раз прыводзілі да гібелі вялікай колькасці людзей. У 2012 годзе на стадыёне ў Порт-Саідзе (Егіпет) загінула 73 чалавекі, не менш за 100 былі паранены. У 2010 годзе ў Маскве на Манежнай плошчы сабралася каля 50 тысяч чалавек на мітынг, прысвечаны памяці балельшчыка «Спартака». У выніку мітынг перарос у сутыкненне, якое пасля вылілася ў беспарадкі ў многіх расійскіх гарадах. Яшчэ раней — у 1969 годзе беспарадкі на стадыёнах справакавалі рэальны ваенны канфлікт паміж Сальвадорам і Гандурасам, які працягваўся 6 дзён, а гэта трагедыя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «футбольная вайна». Загінула больш за тры тысячы чалавек, больш за шэсць тысяч было паранена.

Па словах Рамана МЕЛЬНІКА, начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў, любая забарона — гэта вельмі сур'ёзная працэдура. Пры гэтым толькі суд у канчатковым выніку можа вызначыць ступень вінаватасці той ці іншай асобы.

Пакуль дэпутаты прапрацоўваюць законапраект. Пасля сваё слова павінны будуць сказаць эксперты, прававыя інстытуты, у прыватнасці Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых ініцыятыў. Плануецца, што дакумент будзе разглядацца ў першым чытанні ў Авальнай зале ў маі наступнага года.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто лішні на футболе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».