Вы тут

«Белсельэлектрасеткабуд» павышае асартымент прадукцыі


Вось ужо больш як 85 гадоў адкрытае акцыянернае таварыства «Белсельэлектрасеткабуд» робіць усё дзеля таго, каб бесперабойна забяспечыць энергіяй дамы соцень тысяч беларусаў, шматлікія прадпрыемствы і аб'екты сельскай гаспадаркі. Магутныя вытворчыя структуры флагмана энергетычнай галіны краіны вырашаюць поўны комплекс пытанняў, якія датычацца электрыфікацыі народнай гаспадаркі, чым уносяць значны ўклад у развіццё і ўдасканаленне беларускай энергетычнай сістэмы.


Блоч­ная комп­лекс­ная транс­фар­ма­тар­ная пад­стан­цыя ў бе­тон­най аба­лон­цы на­пру­жан­нем 10/0,4 кВ, якая вы­раб­ля­ец­ца ў фі­лі­ялах «За­вод «Энер­га­дэ­таль» і «За­вод «Энер­га­аб­ста­ля­ван­не».

Толькі за 10 месяцаў бягучага года арганізацыяй пабудавана каля 600 кіламетраў ліній электраперадачы напружанасцю 10 кВ і больш як 500 кіламетраў — напружанасцю 0,4 кВ. Каб уявіць, што гэта за адлегласці, варта праехацца ад Оршы да Брэста і вярнуцца назад.

Таварыства «Белсельэлектрасеткабуд» спецыялізуецца на праектаванні, будаўніцтве і мантажы ліній электраперадачы напружаннем 0,38 — 110 кВ у паветраным, кабельным і паветрана-кабельным варыянтах, трансфарматарных падстанцый 10/0,4 кВ.

У складзе акцыянернага таварыства працуюць чатыры прамысловыя філіялы: у Гомелі, Баранавічах, Жодзіне і Калодзішчах. Тут выпускаюцца жалезабетонныя вырабы, апоры, падстанцыі, металаканструкцыі, правады, электрасілавое падстанцыйнае абсталяванне, лінейная арматура, кабельныя муфты, поліэтыленавыя трубы — практычна ўсё, з чым працуюць будаўнічыя філіялы шматпрофільнага прадпрыемства. Апошнія, дарэчы, ёсць у кожным абласным цэнтры, а таксама ў Маладзечне.

— Большасць прадукцыі мы вырабляем сваімі сіламі, што не ставіць нас у залежнасць ад пастаўшчыка, — расказвае начальнік тэхнічнага аддзела адкрытага акцыянернага таварыства «Белсельэлектрасеткабуд» Андрэй Анішчык. — Прычым выпушчаную прамысловымі філіяламі прадукцыю выкарыстоўваем не толькі ў сваіх мэтах, а і рэалізуем яе як унутры краіны, так і за мяжой.

Якасць прадукцыі, створанай на прамысловых філіялах «Белсельэлектрасеткабуд», пацвярджаецца шляхам сертыфікацыі. Уся прадукцыя мае сертыфікаты або на адпаведнасць тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза, або ДАСТу, у тым ліку замежных стандартаў.

Цэнт­ра­фу­га­выя стой­кі вы­твор­час­ці фі­лі­яла «За­вод «Энер­га­дэ­таль».

— Калі мы кажам аб неналежнай якасці прадукцыі, якая ідзе на экспарт, па-першае, мы рызыкуем страціць кліента, а па-другое – крыніцу даходу, — адзначае Андрэй Анішчык. — Што датычыцца мясцовых спажыўцоў прадукцыі, канкурэнцыя сёння вельмі сур'ёзная, таму гэты рынак ні ў якім разе нельга ўпусціць. Не выпадкова мы максімальна кантралюем свае прамысловыя філіялы, своечасова праводзім разнастайныя сертыфікацыі.

«Белсельэлектрасеткабуд» не стаіць на месцы і ў плане павышэння асартыменту прадукцыі. А выпуск новай прадукцыі, вядома, патрабуе новага абсталявання. Кіраўніцтва прадпрыемства гэта добра разумее, таму рэгулярна праводзіць мадэрнізацыю сваіх прамысловых філіялаў.

Напрыклад, нядаўна ў баранавіцкім філіяле «Завод «Энергадэталь» была пабудавана новая лінія па вытворчасці цэнтрафугаваных стоек. Прадукцыя ўжо выпрабавана, на яе атрыманы ўсе неабходныя сертыфікаты: як для продажу ўнутры краіны, так і за мяжой. Набываюцца, усталёўваюцца і іншыя новыя вытворчыя лініі, станкі. Ужо ўведзена ў строй лінія па выпуску поліэтыленавых труб, якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве кабельных ліній электраперадачы.

Прадпрыемства займае глабальную нішу ў энергетычнай сістэме краіны. Паколькі ў кожным абласным цэнтры ёсць сваё будаўнічае падраздзяленне, «Белсельэлектрасеткабуд» будуе лініі электраперадачы, каб забяспечыць святлом і цяплом усе рэгіёны рэспублікі. І робяць гэта каля 2 тысяч чалавек. Нават нягледзячы на фінансавыя складанасці, акцыянернае таварыства імкнецца захаваць кадравы патэнцыял, бо гэта адзін са складальнікаў поспеху.

За падвядзенне святла ў дамы адказваюць электраманцёры-лінейшчыкі, якія выконваюць непасрэдную работу па электрыфікацыі, рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў. Токары, сталяры, зборшчыкі прадукцыі і іншыя спецыялісты вырабляюць прадукцыю на прамысловых філіялах. Канструктары апрацоўваюць інфармацыю, надаючы ёй чытабельны выгляд як для машын, абсталявання, так і прамых вытворцаў. Інжынерна-тэхнічны персанал, які атрымлівае першапачатковую інфармацыю, апрацоўвае яе, фарміруе заяўкі на заводы. І верхаводзіць гэтым даволі працаёмкім працэсам кіруючы склад «Белсельэлектрасеткабуд».

Плануецца, што спецыялісты прадпрыемства будуць удзельнічаць у электрыфікацыі розных аб'ектаў рэспублікі, у тым ліку ва ўзвядзенні ліній электраперадачы для дастаўкі электраэнергіі ад Беларускай атамнай электрастанцыі. Як толькі падыдзе чарга будаваць размеркавальныя сеткі, «Белсельэлектрасеткабуд» гатовы падставіць сваё плячо, і абавязкова гэта зробіць.

— Калі ў нашай краіне пачалі ўзводзіць атамную станцыю, то пэўных вышынь у энергетыцы мы ўсё ж дасягнулі, — перакананы начальнік тэхнічнага аддзела адкрытага акцыянернага таварыства «Белсельэлектрасеткабуд». — Тое, што энергетыка краіны імкліва развіваецца, пацвярджаецца і тым, што прадстаўнікі замежных энергетычных кампаній у апошні час надаюць асаблівую ўвагу нашым перспектывам у энергетыцы. І ў сённяшніх дасягненнях у гэтай сферы пэўную ролю адыграла ў тым ліку наша арганізацыя. Спецыялістамі прадпрыемства распрацоўваліся многія нарматыўныя дакументы, якімі карыстаюцца будаўнікі энергетычнай галіны.

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белсельэлектрасеткабуд» Станіслаў ГЕДРАНОВІЧ:

— У нас вельмі добры і дружны калектыў. Раз ужо прыйшлі працаваць, то, за рэдкім выключэннем, застаюцца тут да канца сваёй працоўнай дзейнасці. У апошні час назіраецца амаладжэнне калектыву. Сярэдні ўзрост работнікаў — 41 год.

Віншую калектыў са святам! Няхай усё будзе для выканання мэт, дзеля якіх створана акцыянернае таварыства. Няхай будзе над чым працаваць, каб мы маглі атрымліваць прыбытак. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў усім энергетыкам краіны!

Вераніка КАНЮТА, Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 100120777

Загаловак у газеце: Адзін са складальнікаў поспеху — кадравы патэнцыял

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.