Вы тут

30 гадоў нясём святло і цяпло


Сёлетняе прафесійнае свята для калектыву філіяла Гомельскай ЦЭЦ-2 РУП «Гомельэнерга» — асаблівае. Менавіта 30 гадоў таму адбыўся ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока станцыі.

24 снежня 1986 года ў 21 гадзіну 15 хвілін быў запушчаны энергаблок №1 электрычнай магутнасцю 180/210 МВт, цеплавой 260 Гкал. Так пачаўся водпуск электраэнергіі ў Беларускую энергасістэму. Па сутнасці гэта — дзень нараджэння другой Гомельскай цеплаэлектрацэнтралі. Між тым, будаўніцтва станцыі па праекце, распрацаваным Беларускім аддзяленнем інстытута «ВНИПИэнергопром», было пачата яшчэ ў 1979 годзе. З той даты адбылося шмат падзей.


4 студзеня 1985 года ўведзены ў эксплуатацыю воданагравальныя катлы КВГМ-180 №1 і №2 цеплапрадукцыйнасцю 180 Гкал у гадзіну кожны. З гэтага моманту па пракладзенай ад цеплаэлектрацэнтралі да завода ліцця і нармаляў магістралі было пачата цеплазабеспячэнне горада над Сожам. Тады першае цяпло атрымалі больш за 100 тысяч жыхароў Гомеля. У снежні 1988 года быў здадзены ў эксплуатацыю энергаблок № 2, у 1990 годзе ўступіў у строй воданагравальны кацёл КВГМ-180 №3, а ў маі 1995 года пушчаны энергаблок станцыі №3.

— У наш час філіял «Гомельская ЦЭЦ-2» РУП «Гомельэнерга» з'яўляецца самым буйным вытворцам электрычнай і цеплавой энергіі на тэрыторыі Гомельскай вобласці, — адзначае дырэктар Гомельскай ЦЭЦ-2 Юрый ЗЯНОВІЧ-ЛЯШКЕВІЧ-АЛЬПІНСКІ. — Аднак жыццё не стаіць на месцы, сучасная вытворчасць патрабуе пастаяннага пошуку новых шляхоў павышэння прадукцыйнасці працы, укаранення новых высокаэфектыўных тэхналогій. У межах Дзяржаўнай комплекснай праграмы мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў Беларускай энергасістэмы 25 мая 2008 года на Гомельскай ЦЭЦ-2 уведзена ў эксплуатацыю дэтандэр-генератарная ўстаноўка магутнасцю 4 МВт, прымяненне якой накіравана на выкарыстанне патэнцыяльнай энергіі прыроднага газу высокага ціску. УТДУ-4000 дазваляе не толькі вырабіць экалагічна чыстую электраэнергію, але і сэканоміць каштоўнае для прадпрыемства паліва.

З мэтай стварэння спажыўца-рэгулятара электрычнай магутнасці для прахаджэння мінімальных электрычных нагрузак энергасістэмай, ва ўмовах уводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС, па праграме развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы да 2016 года, сёлета ў ліпені на Гомельскай ЦЭЦ-2 рэалізаваны пілотны праект: уведзены ў эксплуатацыю два электрычныя воданагравальныя катлы тыпу ZVP-2840 вытворчасці «Zander & Іngestrom» AB (Швецыя) сумарнай магутнасцю 80 МВт. Уключэнне ў работу электрычных катлоў не толькі на Гомельскай ЦЭЦ-2 , але і на іншых аб'ектах Беларускай энергасістэмы ў ацяпляльны перыяд, у гадзіны начнога правалу нагрузак, калі ў энергасістэме будзе адчувацца лішак электрычнай магутнасці, дазволіць яго кампенсаваць за кошт пераўтварэння электрычнай энергіі ў цеплавую, выкарыстоўваючы на гэтыя мэты таннейшую электраэнергію, якая будзе вырабляцца Беларускай АЭС.

— Гомельская ЦЭЦ-2 мае вялікае значэнне ў стварэнні камфортных умоў жыцця паўмільённага насельніцтва горада Гомеля, — падкрэслівае Юрый Аркадзьевіч. — Калектыў станцыі разумее гэта і робіць усё магчымае, каб забяспечыць надзейнае, бездакорнае і эканамічнае цепла- і электразабеспячэнне спажыўцоў. Гэту найважнейшую задачу мы вырашаем, калі якасна праводзім планава-папераджальныя рамонты асноўнага і дапаможнага абсталявання, укараняем праекты па мадэрнізацыі і рэканструкцыі абсталявання. Іх, дарэчы, за апошнія пятнаццаць гадоў рэалізавана каля трыццаці, што дазваляе нам забяспечваць на належным узроўні надзейнасць работы абсталявання станцыі і выконваць заданні па эканоміі паліва. Вось некаторыя. Рэалізаваны праект рэканструкцыі градзірні №1 у сістэме абаротнага водазабеспячэння дазваляе нам штогод дадаткова выпрацоўваць 4,4 млн кВт*г электрычнай энергіі і эканоміць пры гэтым 1414 тон умоўнага паліва. За кошт укаранення рэгуляванага электрапрывада на механізмах уласных патрэб мы таксама маем істотны прыбытак у эканоміі ўмоўнага паліва — да 2059 тон у год. Праведзеныя работы па рэканструкцыі на цеплафікацыйных турбінах таксама дазволілі павялічыць манеўранасць, мотарэсурс, эканамічнасць і надзейнасць.

Калектыў філіяла Гомельскай ЦЭЦ-2 РУП «Гомельэнерга» загартаваўся і згуртаваўся за доўгія гады працы, падчас якіх даводзілася сутыкацца з самымі складанымі праблемамі. Сёння гэта дружная, высокаарганізаваная каманда, якая паспяхова вырашае пастаўленыя задачы. Забяспечана стабільная, рытмічная работа абсталявання, у поўным аб'ёме арганізаваны бяспечныя ўмовы працы ўсяго персаналу.

Суладная работа калектыва, якая праводзіцца ў апошнія гады, мадэрнізацыя асноўных фондаў і распрацоўка новых перспектыўных праектаў дазваляюць упэўнена глядзець у будучыню і будаваць планы па развіцці філіяла. Прадпрыемства заўсёды гатова да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі ў справе вырашэння задач павышэння эфектыўнасці і бяспекі вытворчасці, паляпшэння ўмоў працы персаналу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

УНП 400069497

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?