Вы тут

Ушанавалі найлепшых работнікаў працоўнага семестра-2016


Усебеларускі злёт студэнцкіх атрадаў «Маладосць. Праца. Рамантыка» прайшоў у сталіцы, завяршаючы сабой трэці працоўны семестр. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш як 300 байцоў найлепшых студэнцкіх атрадаў розных профіляў з усіх куткоў Беларусі, у тым ліку камандзіры і камісары, а таксама прадстаўнікі арганізацый, якія прымаюць студатрады, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання.


Цэнтральным мерапрыемствам, якое прайшло ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры, стала цырымонія падвядзення вынікаў трэцяга працоўнага семестра з урачыстым ушанаваннем пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр 2016». Найлепшыя студэнцкія атрады, камандзіры і камісары, а таксама найлепшыя арганізацыі, якія прымаюць студэнцкія атрады, былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Пераможца конкурсу ў намінацыі «Найлепшы студэнцкі атрад», а гэта будатрад «Дружба» (БНТУ), ушанаваны пераходным сцягам. Маладыя людзі працавалі сёлета на рэканструкцыі сталічнага стадыёна «Дынама», якому прысвоены статус мінскай гарадской маладзёжнай будоўлі.

Сёлета пераходны сцяг быў заснаваны і для найлепшай арганізацыі, якая прымае студэнцкія атрады. Ён уручаўся ўпершыню. Пераможцам конкурсу ў намінацыі «Найлепшы наймальнік» стала ААТ «Гроднапрамбуд».

Да пачатку мерапрыемства ўдзельнікі і госці Усебеларускага злёту студэнцкіх атрадаў змаглі пазнаёміцца з экспазіцыяй інтэрактыўнай тэматычнай выставы. Фоталетапіс «Пабудавана з удзелам студатрада» расказаў пра аб'екты, будаўніцтва або рэканструкцыя якіх праходзілі з удзелам беларускіх студэнцкіх атрадаў, а перформанс «Беларускія студэнцкія атрады» візуальна адлюстраваў кожны з кірункаў дзейнасці гэтага папулярнага ў маладзёжным асяроддзі руху — будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, сэрвісныя, медыцынскія, экалагічныя, педагагічныя, вытворчыя атрады.

Студатрадаўскі рух — адзін з вядучых напрамкаў дзейнасці БРСМ. Сёлета ў складзе 3,8 тысячы студатрадаў розных профіляў было працаўладкавана амаль 72,4 тысячы чалавек, плюс індывідуальна — каля дзвюх тысяч. На аб'ектах будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, абвешчанай Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, працавала 845 чалавек.

Марыяна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу: «Студатрадаўскі рух аб'ядноўвае актыўную моладзь, якая хоча сябраваць, дапамагчы краіне і імкнецца да самастойнасці…»

У трэцім працоўным семестры 2016 года студэнцкія атрады БРСМ дапамагалі будаваць дзіцячую абласную клінічную бальніцу ў Гомелі, цэнтральную раённую бальніцу ў Астраўцы, аперацыйны блок Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера з рэзервовай кацельняй на прыродным газе. Студатрады ўдзельнічалі ў будаўніцтве трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна, Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень», а таксама збіралі ўраджай, працавалі з дзецьмі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах, добраўпарадкоўвалі і акультурвалі тэрыторыі помнікаў воінскай славы, месцаў масавага адпачынку, водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб'ектаў, паркаў, аб'ектаў культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыны.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Перамагла «Дружба»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».