Вы тут

Узровень падатковай нагрузкі на эканоміку плануецца знізіць да 23,5%


Гэтыя лічбы агучыў учора на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый МПЗ Ігар Скрыннікаў.


Увогуле прадстаўнік МПЗ лічыць, што змены ў падатковым заканадаўстве ў наступным годзе не носяць глабальнага характару. Яны ў асноўным арыентаваны на рашэнне практычных пытанняў падаткаабкладання, далейшае спрашчэнне парадку вылічэння выплаты падаткаў. "Прадугледжаныя нормы не змяняюць колькасць падатковых плацяжоў і не павялічваюць ўзровень падатковай нагрузкі на эканоміку. Паводле прагнозаў, ён налета павінен скласці 23,5% да ВУП", - адзначыў Ігар Скрыннікаў. Нагадаю, што сёлета гэты паказчык запланаваны на ўзровені 24,6% да ВУП.

Электронныя паслугі з замежнай "прапіскай"

Як ужо паведамлялася, з 1 студзеня 2018 года замежныя кампаніі, якія займаюцца аказаннем электронных паслуг, будуць плаціць у нашу казну падатак на дабаўленую вартасць (ПДВ). Цяпер міністэрства актыўна распрацоўвае спрошчаны парадак рэгістрацыі і пастаноўкі на ўлік плацельшчыкаў ПДВ на замежныя электронныя паслугі.

Ігар Скрыннікаў растлумачыў, што для гэтага віду паслуг прадугледжваецца асобная форма падатковай дэкларацыі. "Усе будзе зводзіцца ў большай часткі да дыстанцыйнай пастаноўцы на ўлік. Мы пастараемся скараціць наведванне падатковых органаў той ці іншай кампаніяй. Гэтыя работы будуць праводзіцца на працягу першага паўгоддзя 2017 года", - сказаў ён. Пры гэтым начальнік галоўнага ўпраўлення метадалогіі падаткаабкладання арганізацый адзначыў, што не прагназуе сыходу кампаній, якія аказваюць падобныя паслугі, з рынку Беларусі. "Па сутнасці, мы не прыдумалі нічога новага, такія механізмы прымяняюцца як у ЕС , так і ў нашых партнёраў па ЕАЭС: расіяне, да прыкладу, ужо сёлета з 1 студзеня ўводзяць такую ​​норму", - падкрэсліў Ігар Скрыннікаў.

Паводле яго слоў, цяпер каля 80% беларускага рынку ў гэтай сферы належыць пяці буйным кампаніям. "Гэта сусветныя публічныя кампаніі, і яны праз свае прадстаўніцтвы, праз кансалтынгавыя структуры яшчэ да таго, як адпаведныя змены былі ўнесены ў Падатковы кодэкс, выходзілі на нас з просьбай як мага хутчэй дадзеныя нормы ўнесці ў падатковае заканадаўства, каб яны разумелі правілы гульні і маглі з імі дэталёва азнаёміцца", - дадаў ён. 

Стаўка 25% для ўсіх

Спецыяліст міністэрства паведаміў, што з 1 студзеня ў дачыненні да ўсіх паслуг электрасувязі будзе ўстаноўлена стаўка ПДВ у памеры 25%. Цяпер гэтая стаўка ўжо ўжываецца, але толькі ў дачыненнi да паслуг, якiя аказваюцца абанентам. "У новым годзе прымяненне стаўкі стане некалькі шырэй, таму што яна будзе прымяняцца ў дачыненні да ўсіх паслуг электрасувязі", - падкрэсліў ён. Сёння ёсць агульнадзяржаўны класіфікатар відаў эканамічнай дзейнасці, дзе прапісана, якія паслугі ставяцца непасрэдна да паслуг электрасувязі.

Таксама спадар Скрыннікаў удакладніў, што была праведзена карэкціроўка артыкула 33 Падатковага кодэкса на прадмет прызнання месцам рэалізацыі тэрыторыі Беларусі пры аказанні замежнымі арганізацыямі для беларускіх плацельшчыкаў паслуг па пошуку або прадастаўленню інфармацыі аб патэнцыйных пакупніках. Прыкладам такіх паслуг з'яўляецца сэрвіс Uber, плату за выкарыстанне якога ажыццяўляюць беларускія перавозчыкі пасажыраў.

Сяр­гей КУР­КАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?