Вы тут

Геолагі раскрываюць сакрэт самых вялікіх алмазаў


Самыя буйныя алмазы, калі-небудзь здабытыя на нашай планеце, вылучаюцца не толькі памерам і бляскам, але і ўнікальнай гісторыяй паходжання. Усе яны нарадзіліся з вадкага металу, які растварыў у сабе залішнюю колькасць вугляроду глыбока ў нетрах планеты.


Гэта заключэнне было сфармулявана ў новым даследаванні, апублікаваным у Scіence. Эван Сміт з Гемалагічнага інстытута Амерыкі сцвярджае, што «вялікая частка алмазаў утвараецца на глыбіні ад 150 да 200 км. Больш за ўсё іх узнікае ў самых тоўстых частках кантынентальных пліт, і гэта лёгка даказаць — каля 98% усіх здабытых алмазаў былі знойдзеныя ў падобных раёнах».

Аднак некаторыя з камянёў, напрыклад знакаміты Куліян (найбуйнейшы з алмазаў ювелірнай якасці, вага якога перавышае 3000 карат), занадта вялікія і занадта адрозніваюцца ад астатніх, што навяло навукоўцаў на думку аб нейкім іншым месцы іх фарміравання. Ускладняе праблему тое, што вывучыць падобныя камяні практычна немагчыма: як запатрабаваць для вывучэння самы дарагі камень на планеце, ды яшчэ і праводзіць з ім доследы?

Сміт паспрабаваў сістэматычна адсачыць алмазы, якія былі таго ж тыпу і якасці да ювелірнай апрацоўкі і агранкі. Уся справа ў геалагічных уключэннях, якія часам захоўваюцца ўнутры камянёў: яны даюць геолагам намёк на тое, у якім менавіта ўчастку мантыі мог утварыцца камень. У выніку геолагу ўдалося сістэматызаваць інфармацыю. Паводле яго слоў, алмазы накшталт Куліяна — гэта дзіўныя анамаліі, якія з'явіліся не ў жорсткай тэктанічнай пліце, а дзесьці глыбей, у канвектыруючай мантыі, гэта значыць на глыбіні ад 360 да 750 км!

Больш таго, Сміт высветліў, як менавіта яны сталі такімі вялікімі. Аказалася, што ўся справа ў фрагментах жалеза і нікелю, якія падпалі пад уздзеянне высокіх тэмператур і ціску. «Раней гэта была толькі тэорыя, не пацверджаная эксперыментальна. 20 гадоў мы развівалі гэтую гіпотэзу, але ў нас не было пацвярджэнняў. Гэтыя алмазы асаблівыя, таму што дзякуючы ім мы дакладна ведаем, што глыбока ў мантыі на самай справе ёсць метал», — кажа навуковец. Алмазы растуць у спалучэнні з вадкім металам, які неймаверна добра растварае вуглярод. Калі метал становіцца перанасычаны вугляродам, частка яго пачынае выпадаць у асадак і выкрышталізоўвацца, з часам нарошчваючы пласты і ператвараючыся ў вялікі алмаз. Крыніца гэтага вугляроду, зрэшты, усё яшчэ пад пытаннем. Сміт сцвярджае, што першапачаткова гэты вуглярод прыйшоў з зямной кары: гаворка ідзе пра сутыкненне тэктанічных пліт, падчас якога адна пліта заязджае пад другую і частка яе апускаецца ў мантыю. Такім чынам, фрагменты цяперашняга акіянічнага дна аднойчы таксама могуць пайсці пад зямлю і стаць велізарным дыяментам. І буйныя алмазы, і больш дробныя камяні з'яўляюцца адносна блізка да паверхні толькі ў адным выпадку: іх выштурхваюць вулканічныя вывяржэнні, і месцы, куды паднялося больш за ўсё камянёў, становяцца кімберлітавымі трубкамі — менавіта ў іх і знаходзяць большую частку сучасных алмазаў.

Сміт плануе і далей працягваць свае даследаванні, аднак некаторыя даныя былі беззваротна згубленыя. Падчас апрацоўкі такіх камянёў, як Куліян, часцінкі металу былі выкінутыя ювелірам як брак і выдаленыя з цела каменя. Зрэшты, у будучыні мы можам спадзявацца, што падобнае «смецце» стане каштоўнымі навуковымі ўзорамі, якія дапамогуць навукоўцам даведацца іншыя падрабязнасці аб падземнай актыўнасці планеты.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Народжаныя ў расплаўленым метале

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.