Вы тут

Ці з'явіцца ў Любані вуліца імя газеты «Звязда»?


У Любаншчыны і «Звязды» шмат агульнага. Менавіта гэтыя жывапісныя мясціны натхнілі Янку Купалу на стварэнне паэмы «Над ракой Арэсай», якая ўпершыню была надрукавана ў нашай газеце. А як не ўспомніць пра легендарны востраў Зыслаў! Гэта непераможная тэрыторыя, дзе друкаваліся падчас вайны ў глыбокім тыле ворага «Звязда», «Чырвоная змена», «Кліч Радзімы». «Заўсёды ў час вялікіх і малых свят мы праводзім там свае акцыі, канцэрты, — расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль КАТКАВЕЦ. — Нашы музейшчыкі распрацавалі цікавы квэст «Пазыўныя «Зыслаў». Сёлета востраў добраўпарадкавалі, зрабілі вялікі партызанскі прывал, адрадзілі партызанскую кухню. За межамі комплексу зроблена цікавая, самабытная база адпачынку».


— Васіль Сцяпанавіч, ці праўда, што ў Любані з'явіцца вуліца імя газеты «Звязда»?

— Гэта добрая ідэя. Яна ў нас абмяркоўвалася, але пакуль станоўчае рашэнне па гэтым пытанні не прынята. Пераймяноўваць старыя вуліцы — гэта заўсёды праблематычна. Але зараз ідзе распрацоўка канцэпцыі развіцця горада, і ў перспектыве адна з нашых новых вуліц можа атрымаць такую назву.

— Якім быў Год культуры для Любаншчыны? Што было зроблена для добраўпарадкавання раёна?

— Год культуры супаў з юбілеем: Любані — 450 гадоў. Ён прайшоў творча і вельмі плённа. Любаншчына жыве і працуе пад дэвізам: «Правінцыя — то стан душы, там выжыве культура». Мы актыўна зберагаем свае народныя традыцыі. У раёне пабудаваны ўнікальныя школа мастацтваў і школа рамёстваў. Уласна, падобныя ўстановы ствараюцца, каб рыхтаваць творчую правінцыйную эліту. Таму натуральна, што там адбываліся многія падзеі.

Мы запрашалі да ўдзелу ў святочных урачыстасцях нашых землякоў — музыкантаў, акцёраў, спевакоў, у нас адбываліся шыкоўныя канцэрты. Сёлета мы адзначылі 95-годдзе цудоўнага пісьменніка — Івана Муравейкі і юбілей аднаго са старэйшын беларускай хлебаробнай нівы, Героя Сацыялістычнай Працы Кузьмы Шаплыкі, які 53 гады (!) быў старшынёй калгаса «Чырвоная змена» і зрабіў яго адной з лепшых гаспадарак Савецкага Саюза. Такім чынам у гэтым годзе мы спрабавалі паказаць Любаншчыну рознабаковую: традыцыйную, мастацкую, літаратурную, працавітую.

Каб сапраўды любым стала кожнае месца, не толькі горад, але і маленькая вёсачка, мы паспрабавалі навесці належны парадак на сваёй тэрыторыі. Гэтаму садзейнічаў вялікі праект «Жыве мая вёска» сумесна з раённым Саветам дэпутатаў, калі ў кожным сельсавеце праводзіліся святы населеных пунктаў. У раёне нават уведзены так званы чысты чацвер, калі нашы арганізацыі, прадпрыемствы выходзяць на замацаваныя тэрыторыі і даводзяць іх да бляску.

У гэтым годзе ў сувязі з юбілеем горада мы рэканструявалі парк культуры і адпачынку. І сёння ў ім ёсць цудоўны амфітэатр, сцэна, зроблены дарожкі, асвятленне, фантан, стаяць спартыўныя трэнажоры. У рэчышчы Года культуры мы паспрабавалі паказаць у розных ракурсах маладзёжную культуру, гэта і клубы вясёлых і знаходлівых, інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?», конкурс «аўта-лэдзі», квэсты па гісторыі Любаншчыны. Традыцыйным ужо стаў праект «Пятровіца», калі маладыя людзі вывучаюць фальклорныя традыцыі, танцуюць, спяваюць.

— Можа, таму ў вашым раёне вельмі вялікі працэнт замацавання маладых спецыялістаў?

— Так, мы імкнёмся зрабіць іх жыццё цікавым, насычаным. Але ў раёне прымаюцца захады для таго, каб стварыць належныя ўмовы. Напрыклад, у галіне медыцыны, робіцца ўсё магчымае, каб маладыя спецыялісты атрымалі калі не жыллё, дык пакоі ў інтэрнаце. У нас распачалася работа па будаўніцтве новага горна-абагачальнага камбіната, і кампанія «Слаўкалій» абяцала, што таксама будзе ўзведзены і дом для спецыялістаў Любаншчыны. Зразумела, з'явяцца новыя працоўныя месцы, прыйдзе кагорта моладзі. Значыць, трэба ствараць належныя сацыяльныя ўмовы, культурныя выгоды і нейкую інфраструктуру. У нас, дарэчы, вельмі добрая спартыўная база, не кожны раён можа пахваліцца двума басейнамі. Зараз актывізаваліся прадстаўнікі сферы абслугоўвання, гандлю. І з кожным інвестарам ідуць прапрацоўкі, каб яны маглі больш актыўна ўключацца ў інфраструктуру раёна, каб спектр паслуг, асабліва культурнага кірунку, быў як мага больш шырокім. Напрыклад, чаму б не выходзіць з прапановамі накшталт стварэння не толькі гандлёвых цэнтраў, але і невялічкага кінатэатра з лічбавымі выгодамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.