Вы тут

100-гадовы масквіч дапамагае Полацку


Ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Масквы, якому нядаўна споўнілася 100 гадоў, не страчвае сувязі з Беларуссю, дзе ваяваў. Па распараджэнні кіраўніцтва райвыканкама ён удастоены знака «За заслугі перад Полацкам». Нядаўна члены афіцыйнай дэлегацыі ўручылі яго ветэрану.


Міхаіл Якаўлевіч Скрабін па нараджэнні — астраханец, па месцы жыхарства — масквіч. Але, як ён гаворыць, у «душы» — палачанін! Нягледзячы на ўзрост, дапамагае ў будаўніцтве ў Полацку Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму «Урочышча Пяскі». Гэты праект падтрымала цыклам публікацый газета «Звязда». Франтавік знаходзіць спонсараў сярод расійскіх ветэранскіх арганізацый.

Дарэчы, у якасці фатографа ён прымаў удзел у стварэнні вядомых фільмаў: «Залаты ключык», «Паднятая цаліна», «Два байцы», «Ленін у кастрычніку» і іншых.

Нарадзіўся М. Я. Скрабін 21 лістапада 1916 г. у сям'і рыбака. Ужо на другі дзень вайны добраахвотна пайшоў на фронт. Быў залічаны байцом 25-га кулямётнага батальёна Полацкага ўмацаванага раёна. Параненым трапіў у палон. У лістападзе 1941-га апынуўся ў полацкім перасыльным лагеры. Затым быў у лагеры ў ваенным гарадку Баравуха-1. Стаў членам падпольнай арганізацыі і ўцёк з няволі. Партызанская сувязная пераправіла ўцекачоў у партызанскую брыгаду «Няўлоўныя». І для Скрабіна пачаўся новы этап барацьбы з захопнікамі.

На рахунку яго разведвальна-дыверсійнай групы 6 падарваных варожых эшалонаў. Пасля злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў званні старшыны разведвальнага батальёна адной са стралковых дывізій 5-й арміі з баямі дайшоў да Кёнігзберга.

Пасля разгрому прускай групоўкі ворага яго дывізія была перакінутая на Далёкі Усход. Наперадзе яго чакалі ўпартыя баі з японскімі самураямі.

За гады вайны Міхаіл Якаўлевіч быў тройчы паранены і кантужаны. Ён — кавалер пяці ордэнаў і шматлікіх медалёў, у тым ліку «За адвагу».

У Маскве фактычна выконвае «абавязкі пасла зямлі полацкай». Расказвае пра самы старажытны беларускі горад, выдатных людзей, іх дасягненні. Шануе беларусаў за тое, што яны з павагай адносяцца да мінулага.

На працягу апошніх пяцідзесяці гадоў кожны год прыязджаў у Полацк. І пра яго «Звязда» не аднойчы расказвала.

— У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з мясцовымі жыхарамі абараняў гэты рэгіён ад захопнікаў. Мы, славяне, заўсёды плячо да пляча. У адзінстве наша сіла, залог развіцця і росквіту нашых краін. Гэта адзінства і гэтая дружба дапамаглі нам у гады Вялікай Айчыннай. Ваша зямля акроплена крывёй савецкіх людзей: салдат, партызан, падпольшчыкаў і мірных жыхароў розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Захоўвайце памяць пра іх! — звяртаецца ветэран да жыхароў Беларусі.

Я нізка кланяюся ў ногі ўсім тым, хто падняў з нябыту гісторыю ўрочышча Пяскі. Нераўнадушным энтузіястам, прадстаўнікам улады, хто займаецца стварэннем мемарыяла на гэтым святым месцы. Урочышча можна назваць масавай брацкай магілай, тут супакоены бязвінныя людзі... Колькі буду жыць, паспрабую дапамагаць ва ўвекавечанні іх памяці...

Ён у чарговы раз прызнаўся ў любові да Беларусі. Пажадаў напярэдадні калядных і навагодніх свят пераадолення ўсіх цяжкасцяў.

У сваю чаргу хочацца пажадаць яму моцнага здароўя і даўгалецця.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

P.S. Аўтар дзякуе за падрыхтоўку артыкула прэс-службе Полацкага райвыканкама, супрацоўнікам музея баявой славы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?