Вы тут

Як жывёлы Мінскага заапарка спраўляюцца з халадэчай


Дзе мядзведзь Трыстан згубіў Ізольду? Хто лічыцца анёлам-ахоўнікам Мінскага заапарка? Навошта алень прасоўвае рогі праз вальеру? На гэтыя пытанні і не толькі дапамагла знайсці адказы малодшы навуковы супрацоўнік заапарка Алена Бадрова.


Ма­лод­шы на­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік  заа­пар­ка Але­на Бад­ро­ва пра­во­дзіць  эк­скур­сію па сва­ёй гас­па­дар­цы.

Спачатку быў хан

У гэтым годзе Мінскаму заапарку споўнілася 32 гады. Гэта дастаткова малады ўзрост для такой «звярынай» установы. Маскоўскаму заапарку, напрыклад, 152 гады, Лонданскаму — каля 200. Мінскі заапарк ганарыцца багатай разнастайнасцю жывёл — 500 відаў «У Маскоўскім налічваецца 2000, — згадвае Алена Бадрова. — Гэта значыць, што мы за 30 гадоў дасягнулі чвэрці іх відавога складу».

Пачыналася гісторыя айчыннага заапарка ў савецкі час. Першапачаткова звярынец планаваўся як заакуток МАЗа, а будавалі яго камсамольцы аўтамабільнага завода. Першыя жыхары «звярынага прытулку» — вярблюд па прозвішчы Хан і зубраня Гай. Дарэчы, вярблюда падарыла расійская дрэсіроўшчыца Тэрэза Дурава. Сёння заапарк умоўна падзяляецца на старую тэрыторыю і новую.

Зімоўка птушыных

Пакуль падыходзім да клетак з птушкамі, Алена Ільінічна расказвае пра сябе: «Скончыла біялагічны факультэт БДУ, працавала ў школе. Апошнія сем гадоў — тут у заапарку. Мне падабаецца, ужо цяжка ўявіць жыццё без жывёл».

Сярод драпежных птушак у асноўным айчынныя прадстаўнікі. Сустрэліся ўнікальныя расійскія белаплечыя арланы, якіх у прыродзе ўбачыць немагчыма. Калі яны трапяць на вока чалавеку, то адразу пакідаюць гнёзды.

Шукаючы месца для птушыных, супрацоўнікі ўлічвалі беларускую спецыфіку: птушкі селяцца каля вады. Яны ўсе добра пераносяць зіму, таму што цеплакроўныя. Іх жыццё ўзімку напрамую залежыць ад корму: калі ежы дастаткова — птушкі адчуваюць сябе выдатна.

— Вушастыя совы, ці няясыць, звычайна лёгка перажываюць маразы. Паглядзіце, якія яны сімпатычныя, — паказвае Алена Ільінічна на пяць калмаценькіх і лупатых совак, якія размясціліся ў парадку змяншэння памераў. — Нам гэтых прыгажуноў яшчэ птушанятамі прынеслі. Совы харчуюцца свежазабітымі грызунамі. У нас іх спецыяльна разводзяць для корму драпежным птушкам. Калі соўкам не даць цёпленькую мышку — яны могуць загінуць.

А вось гусакоў і лебедзяў прыходзіцца пераводзіць узімку ў цёплыя памяшканні. Тая ж справа з экзатычнымі птушкамі — марабу, жураўлямі. Яны ў прыродзе харчуюцца жабкамі і яшчаркамі. Узімку іх знайсці немагчыма, таму на дапамогу прыходзіць чалавек.

— Нам даволі часта тэлефануюць з просьбай: «Забярыце вашага бусла». Па-першае, гэта не нашы буслы, — тлумачыць Алена Бадрова. — Па-другое, у нас сваіх пяць галоў, якіх мы прыкормліваем. Канешне, у звычайных умовах яны адлятаюць, але калі людзі пачынаюць карміць, то парушаецца натуральны баланс і яны могуць застацца.

Вядучы заатэхнік Аляўціна Цімашкова-Красоўская захапляецца буслам, які сядзіць на ўзвышшы над заапаркам і чакае бусліху: «Ён так можа ўсю зіму прасядзець. Гэта сімвал нашага заапарка, анёл-ахоўнік. Сядзіць там і толькі час ад часу крумкачоў адганяе».

Кал­ма­цень­кіх і лу­па­тых со­вак пры­нес­лі  ў заа­парк яшчэ пту­ша­ня­та­мі.

Бярлога бурага

— У нашага Трыстана (так клічуць адзінага ў Мінскім заапарку мядзведзя) хутка дзень нараджэння. 7 студзеня будзем адзначаць, — усміхаецца Алена Ільінічна. — Калісьці ў яго была Ізольда, але тэрмін жыцця мае межы як у чалавека, так і ў жывёлы... Нашаму «бурыку» ўжо больш за 10 гадоў.

Вядома, што арганізм мядзведзя загадзя запраграмаваны на зімовы сон. Да гэтага ён рыхтуецца яшчэ з лета. Калі беларускі мядзведзь важыць каля 700 кілаграмаў, то 200 з іх — тлушч, які ён нагульвае за лета. Калі мы падышлі да вальеры, Трыстан спаў.

— Восенню Трыстан робіцца млявым, потым наогул засынае (калі тэмпература падае да -3 — -10 градусаў). Сон у нашага «хлопца» насцярожаны, таму што побач траса, людзі і іншыя жывёлы ўвесь час замінаюць. Калі-нікалі можа прачынацца: выйдзе сам або лапу высуне ці морду. Падымаецца ён дзесьці ў сакавіку.

Хто апрануўся ў густы падшэрстак

Калматыя жыхары заапарка, якія належаць да цеплакроўных млекакормячых, грунтоўна падрыхтаваліся да зімы — абраслі шчыльнай цёплай поўсцю. У такім футры ім ніякія маразы не страшныя. У вулічных вальерах засталіся на зімоўку вярблюды, тыгры, ягуары, ільвы, леапарды, рысі, зубры, ваўкі, лісіцы і іншыя жывёлы.

— Сквошык, добрая кісуля, прыгожы коцік, — падзывае Алена Ільінічна ганарлівую рысь з кароценькім хвосцікам, бакенбардамі на мысе і «пэндзлікамі» на вушах. — Гэта малады самец. Наогул усе кашачыя выдатна пераносяць нізкія тэмпературы. У прыродзе яны могуць жыць як на раўнінах, так і ў гарах. Вясной пачнецца лінька. Наш Сквошык не толькі любіць снежныя ванны, яшчэ і мурлыкае прыемна, калі ў добрым настроі.

Прайшліся каля клетак з бенгальскімі тыграмі. Зара і Вара, дзве самкі 2-гадовага ўзросту, гарэзавалі адна з адной. У суседняй вальеры мірна спаў дарослы тыгр Сайман. А вось каракал (у перакладзе з турэцкай — чорнае вуха), якога яшчэ называюць пустыннай кошкай, быў настроены па-таварыску і з задавальненнем пазіраваў на камеру. Пад падсцілку для калматых драпежнікаў выкарыстоўваюць апілкі, часам сена.

— Да нас зусім нядаўна прыехалі з Арменіі белыя львы. Гэта адчыненае памяшканне, яны могуць і на вуліцу выходзіць, і ва ўнутраных цёплых доміках паляжаць. У іх там ёсць батарэя. З Масквы прывезлі не так даўно чатырох шрубарогіх козлікаў. У іх такія незвычайныя гарызантальныя зрэнкі, паглядзіце...

У суседняй вальеры неўзабаве пачулася гучнае скрыгатанне. Гэта алень зачапіўся шыкоўнымі рагамі за агароджу. Бедалага пазіраў на нас жаласнымі вачамі і імкнуўся вызваліцца з жалезнага палону. Неўзабаве на дапамогу жывёле падаспела Аляўціна Генадзеўна. Яна адной рукою ўзялася за краты, а другой накіравала рогі ў другі бок. «Гэта ён так прыцягвае да сябе ўвагу, — тлумачыць вядучы заатэхнік. — Гэта наш гарэза, яму сумна аднаму. Насамрэч алені адзін раз на год узімку скідваюць рогі».

Вярблюды, якіх у заапарку аказалася аж два, таксама выдатна перажываюць маразы. Яны прыехалі з Сярэдняй Азіі, дзе дастаткова халодныя зімы.

— Каб людзям захварэць, неабходна пераахаладжэнне, недаяданне і недасыпанне.
Напэўна, так і з жывёламі, — тлумачыць Алена Ільінічна. — У заапарку ім цёпла, ды і кормяць добра. Канешне, здараюцца вірусныя захворванні, але ветэрынарная служба ў складзе двух спецыялістаў дапамагае.

Дарэчы, зусім не баяцца холаду вавёркі, куніцы і тхары. Іх спецыяльна размяшчаюць на зіму ў вулічныя вальеры, і яны выдатна сябе пачуваюць. Летам на іх месцах знаходзяцца экзатычныя рэдкія жывёлы, якія пры нізкіх тэмпературах не выжывуць.

Ін­тэ­лект шым­пан­зэ Ню­ры  да­ся­гае ўзроў­ню  3-га­до­ва­га дзі­ця­ці.

Дзе хаваюцца «экзоты»?

Найбольш цяжкім выпрабаваннем зіма становіцца для экзатычных жывёл. Аднак у Мінскім заапарку яны не адчуваюць тэмпературных нязручнасцяў, бо яны знаходзяцца за шклом, дзе тэмпература каля +20 градусаў.

— Цёплыя памяшканні ў нас ёсць заўсёды. Праўда, гэта не тое, што кватэра ў чалавека: атрымаў — і на ўсё жыццё. Звяркоў звычайна перамяшчаюць з аднаго месца ў другое.

Самыя цёплалюбівыя жывёлы ў Мінскім заапарку — малпы. Іх пераводзяць на зіму з вуліцы ва ўцепленыя спецпамяшканні. Чарнявы шымпанзэ дэманстратыўна ўзяў банан, ачысціў яго ад лупіны і пачаў прагна грызці.

— Гэта Нюра і Даша, — пазнаёмілі нас з сімпатычнымі малпамі. — Нюры ўжо больш за 10 гадоў, яе нам з цырка перадалі, калісьці яна на сцэне выступала. Дарэчы, шымпанзэ жывуць да 60 гадоў, а на арэну можна выходзіць толькі з малымі. Калі жывёла вырастае, то робіцца агрэсіўнай. Нюра раней жыла дома ў дрэсіроўшчыкаў, інтэлект яе дасягае ўзроўню 3-гадовага дзіцяці. Малпачка сама п'е з бутэлькі, накрываецца, калі спіць, фарбуе вусны, нават вокны можа мыць.

Для цеплалюбівых жывёл на тэрыторыі заапарка пабудаваныя экзатарыум і тэрарыум. Супрацоўнікі збіралі вопыт па лепшых заапарках свету і ажыццявілі ўнікальныя задумкі ў нас. Экзатарыум уяўляе сабой павільён для жывёл Паўднёвай Амерыкі. Тут знайшлі прытулак 80 відаў жывёл і 20 відаў раслін.

— Амерыканскія малпы вельмі маленькія, іх нельга параўноўваць з афрыканскімі шымпанзэ, — працягвае экскурсію па сваёй гаспадарцы Алена Ільінічна. — А паглядзіце на бурага тамарына з белымі вусікамі. Ён да нас з Чэхіі прыехаў. А гэта чырванавухія чарапахі, яны ў нас у вольным плаванні.

А ці бачылі вы маленькіх кракадзілаў? Яны падобныя да нерухомых яшчарак. Цяжка паверыць у тое, што з'явіліся на свет яны ў заапарку. Кракадзілы рэдка размнажаюцца ў ненатуральных умовах. Самка адклала 32 яйкі, з якіх вылупіліся тры маленькія кракадзільчыкі.

У рэптылій тэмпература тулава залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя. У прыродзе на зіму яны засынаюць. Тэрарыумныя ўмовы дазваляюць чарапахам, змеям і яшчаркам «актыўнічаць» круглы год.

Чыпсы пад забаронай

— Жывёл мы кормім два разы на дзень, за выключэннем рэптылій. Яны харчуюцца раз на тыдзень. Драпежнікаў кормім рыбай, мясам. Напрыклад, тыгру ў дзень даюць каля 7 кілаграмаў мяса, прычым яно павінна быць нятлустае. Не дазваляем наведвальнікам карміць жывёлін, таму што кормяць звычайна тым, што ядуць самі. Чыпсы, папкорн даюць альбо булку. У жывёлін больш складаныя страўнікі. Самі адысці ад людзей яны не могуць, а потым пачынаюцца праблемы са здароўем.

Цяжка жывёліне прыстасавацца да нізкай тэмпературы. Але браты нашы меншыя не дэпрэсуюць, а абжываюць свае «зімовыя кватэры», падрыхтаваныя спецыялістамі заапарка.

Вераніка Уласевіч

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Фота Антаніны Хатэнкі

Загаловак у газеце: «Зімовая кватэра» для шымпанзэ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.