У Віцебску адсвяткавалі 125 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Міная Піліпавіча Шмырова. Ён нарадзіўся ў снежні 1891 года ў вёсцы Пунішча Веліжскага павета Віцебскай губерні. Гэты легендарны чалавек вядомы далёка за межамі нашай краіны як адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху Беларусі.
— Сёлета мы святкуем дзве даты: юбілей Міная Піліпавіча Шмырова і 50 гадоў з дня ўтварэння музея. У сувязі з гэтым арганізавалі шэраг мерапрыемстваў, якія праводзілі ўпершыню. Сярод іх, напрыклад, квэст-гульні. Іх удзельнікі розных узростаў наведалі мемарыяльныя мясціны. Снежань — самы насычаны месяц на падзеі, — расказала карэспандэнту «Звязды» дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова Ірына Шышкова.
У прыватнасці, нядаўна правялі «круглы стол» «Асоба ў гісторыі, праблема ўспрымання». Удзел у ім бралі прадстаўнікі музеяў, архіваў, грамадскіх арганізацый, аспіранты і студэнты гістарычнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава. Адбыўся і вечар памяці, на які запрасілі ветэранаў вайны, былых вязняў фашызму.
А завяршыла ўрачыстыя мерапрыемствы традыцыйная акцыя «Партызанская ёлка», 12-я па ліку! Падчас яе гучалі песні ваенных гадоў. Арганізавалі экскурсію ў копіі партызанскіх зямлянак.
Члены клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі аднавілі і паказалі рэальны гістарычны факт. У ноч на 23 лютага 1943 года каля 500 узброеных байцоў сфарміраванага немцамі Волга-Татарскага легіёна са зброяй перайшлі на бок партызанаў. Да гэтага яны знішчылі тры фашысцкія штабы. Легіён называўся «Ідэль-Урал». Слова «Ідэль» у перакладзе з татарскай мовы азначае «Волга». У выніку сарвалася карная аперацыя «Шаравая маланка». У тым жа годзе амаль усе з ліку тых, хто пачаў ваяваць за Чырвоную Армію, загінулі. Пра гэта «Звязда» расказвала.
Гледачоў «Партызанскай ёлкі» частавалі гарбатай і сушкамі. Арганізавалі конкурсы, напрыклад, на самае меткае кіданне гранаты. Было шмат ахвотных сфатаграфавацца з даследчыкамі гісторыі вайны.
— Сёння вы ўбачылі прадстаўнікоў клубаў з Гомельскай вобласці. Мы неаднаразова прыязджалі ў Віцебск. Падтрымліваем сувязі з мясцовым клубам. Здымаліся ў дакументальным кіно, якое паказвалі па цэнтральных беларускіх тэлевізійных каналах. Бяром удзел у мерапрыемствах за мяжой. Напрыклад, з задавальненнем выступаем у Смаленскай вобласці — на фестывалі «Салаўёва пераправа», — адказаў на пытанні журналіста кіраўнік гомельскага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Памяць» Сяргей Чучвага.
На мерапрыемстве прысутнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і прадстаўнікі мясцовай улады.
— Сярод вас, бадай, няма тых, каго б не закранула вайна. Нашы продкі супрацьстаялі магутнай групоўцы вермахта, якая мела добрае ўзбраенне. І тым не менш мы перамаглі! — перад прысутнымі выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягораў.
Музей штогод наведваюць прадстаўнікі розных краін. За паўвекавую гісторыю тут пабывала нямала знакамітых людзей. Напрыклад, у чэрвені 1975 года з экспазіцыяй азнаёмілася Валянціна Церашкова. Яна, дарэчы, як і Шмыроў, была ўдастоена звання «Ганаровы грамадзянін горада Віцебска».
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота БЕЛТА
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».