Вы тут

Зялёны чай дапамагае кітайцам выглядаць маладымі


Еўрапейцам, якія пабывалі ў Кітаі, лягчэй за ўсё ахарактарызаваць гэту краіну двума словамі: іншая планета. Не толькі таму, што, скажам, з Мінска шлях туды складае каля 11 гадзін. Вылятаеш раніцай, прылятаеш ноччу. Пры гэтым авіякампанія прапануе табе адсочваць траекторыю палёту са спадарожніка, ты назіраеш у рэжыме рэальнага часу, як пад крыламі твайго самалёта з аднаго боку на іншы пераварочваецца ледзь не палова планеты — амаль увесь Еўразійскі кантынент. І гэта ўражвае.


Чай­ныя план­та­цыі ка­ля во­зе­ра Сі­ху. У гэ­тых мяс­ці­нах вы­рошч­ва­юць са­мы да­ра­гі чай у Кі­таі.

Праз восем-дзесяць гадзін у небе (без уліку перасадак) аказваешся за сем тысяч кіламетраў ад дому, у вельмі далёкай краіне, на іншым краі зямлі, дзе за сценамі аэрапорта плюс трыццаць градусаў, у той час, як на тваёй радзіме плюс дванаццаць (так бывае, напрыклад, у верасні)... І тады здзіўляе ўсё, што ты бачыш. Будаўніцтва і рамонт дарог... па начах. Паўсюдныя электронныя табло з іерогліфамі, каменныя львы з чырвонымі пышнымі бантамі. Жанчыны, якія старанна хаваюць твар і рукі ад сонца. Бязгучныя электрамапеды. Дарагія крамы. Кіроўцы, якія ігнаруюць пешаходныя пераходы. Салодка-вострая ежа...

Але, бадай, адна з самых уразлівых адметнасцяў — адносіны кітайцаў да чаю.

Першае, што кідаецца ў вочы ў Пекіне, гэта тэрмасы і пераносныя шклянкі ў руках гараджан. Невялікія, на 250—300 мілілітраў, яны звісаюць на раменьчыках з запясцяў чыноўнікаў, стаяць на кафедрах выкладчыкаў, іх носяць з сабой школьнікі, трымаюць пад рукой кіроўцы, перыядычна напаўняюць кіпнем пасажыры высакахуткасных цягнікоў...

Скульп­ту­ра муд­ра­ца Лу Юя, аў­та­ра «Чай­на­га ка­но­на» (VІІІ ста­год­дзе) у вёс­цы Лун Цзін.

Наша гід у Шанхаі Чунян Лан расказвала, што кітайцы звычайна раніцай заліваюць зялёны чай у сваіх тэрмасах або паходных шклянках і ўвесь дзень проста падліваюць туды гарачую ваду. Калі чай добры, то яго можна такім чынам піць на працягу дня, а дарагія гатункі — нават два дні. Дарэчы, самі кітайцы, як правіла, не купляюць вельмі танны чай, а дарагога пры такім падыходзе хапае надоўга. З гэтым звязана яшчэ адна асаблівасць Паднябеснай — гарачую ваду тут можна знайсці амаль паўсюдна: на вакзалах, у цягніках, кафэ, магазінах... Першае, што вам пададуць у віп-рэстаране — імбрычак з кіпнем. І на афіцыйным прыёме каля вас паставяць завараны зялёны чай у кубачку з накрыўкай, у які прыгожыя кітаянкі будуць падліваць час ад часу вар.

Самі кітайцы перакананыя, што менавіта зялёны чай дапамагае ім выглядаць маладзейшымі за сваіх еўрапейскіх аднагодкаў. Такой уласцівасцю, тлумачаць яны, напой абавязаны антыаксідантам, якіх у зялёным чаі ўтрымліваецца больш, чым у чорным. Пры гэтым і той чай, які мы называем чорным (у Кітаі яго называюць чырвоным), і дзясяткі відаў зялёнага чаю, а таксама чорны, белы і жоўты чай вырабляюцца з адной і той жа расліны — вечназялёнага чайнага куста або камеліі кітайскай. Вялікая разнастайнасць сыравіны, з якой робяць самы папулярны ў свеце напой, абумоўлена тэхналогіяй вырошчвання, збору і прыгатавання чайнага ліста, а таксама — мясцінамі, дзе ён вырошчваецца. Кожная мясцовасць у Кітаі, дзе стагоддзямі існуюць чайныя плантацыі, знакамітая сваім унікальным чаем, які мае непаўторны водар, колер і смак.

Справа ў тым, што смак чаю, як і смак віна, залежыць ад сукупнасці геаграфічных і кліматычных умоў: глебы, колькасці сонечных дзён, тэмпературы паветра, вышыні над узроўнем мора, вільготнасці, сілы ветру і нават ад таго, што расце побач. Ёсць нават спецыяльны тэрмін, які абазначае ўсё гэта, — тэруар. Напрыклад, чым вышэй знаходзіцца чайная плантацыя, тым большыя перапады тэмператур на працягу сутак адчувае чайны ліст. Лічыцца, што гэта дазваляе яму назапашваць у сабе ўсе каштоўныя рэчывы ў цёплы дзень і не выдаткоўваць іх халоднай ноччу, адсюль у чаю багаты і доўгі смак.

Пе­рад тым, як пра­даць, чай у Кі­таі аба­вяз­ко­ва да­дуць па­каш­та­ваць.

Рускамоўным наведвальнікам Кітая зручна купляць чай на рынку Ябаалу ў Пекіне — адным з самых вядомых гандлёвых кварталаў сталіцы Паднябеснай, дзе ўсе прадаўцы размаўляюць па-руску і для зручнасці бяруць сябе рускія імёны. Мой прадавец чаю Сунь Джэньян мае рускае імя Грыша. Спачатку ён наладзіў для нашай групы з 10 чалавек дэгустацыю чаю, потым запісаў, каму які чай трэба і нарэшце сфарміраваў кожнаму пакет. І ўсё гэта за невялікі прамежак часу. Пры гэтым ён адказваў на ўсе пытанні і не прапускаў ніводнага патэнцыйнага пакупніка, які праходзіў міма яго невялікай крамы.

Днямі я спісалася з Сунь Джэньянам і папрасіла нагадаць, якім чаем ён нас частаваў. Вось што ён мне адказаў: «Зялёны: «Лун Цзін», «Бі Ло Чунь», «Сінь Ян Маа Цзянь», «Тайпін Хоукуй», «Чжу Е Цін». Улун: «Тэ Гуань Інь», «Да Хун Паа», «Фэн Хуань Дань Цун», тайваньскі, «малочны», з жэньшэнем, «Гуй Хуа». Чырвоны: «Дзянь Хун», «Ці Хун», «Чжэнь Шань Сяа Чжун», «Цзінь Цзюнь Мэй». Чорны: пуэр, «Гуньсі Лю Баа», хуланскі прэсаваны...» Я нават не вытрымала і зачытала яго ліст дачцэ. І мы са смехам паглядзелі адна на адну. Я ж кажу — іншая планета.

Тады ў Грышы я купіла сабе зялёны пуэр, бо чалавек, які нам парэкамендаваў «чайніка» (так рускамоўныя ў Кітаі называюць прадаўцоў чаю) Грышу, сказаў, што, калі раніцай выпівае яго, адчувае зарад бадзёрасці і працаздольнасці да самага вечара. Мне патрэбен быў менавіта такі эфект. Аднак пазней даведалася, што людзям з нізкім крывяным ціскам пуэры варта піць з асцярожнасцю, таму вырашыла падарыць яго бацькам, а сабе пазней купіла «Стары Белы чай» (праўда, зусім стары быў у тры разы даражэйшы, я купіла ўзростам два гады). Белы чай стабілізуе ціск. Увогуле ў кожнага кітайскага чаю ёсць свая гісторыя, легенда, свой рэгіён і свае адметныя ўласцівасці.

Вёс­ка Лун Цзін, якая да­ла наз­ву са­ма­му зна­ка­мі­та­му кі­тай­ска­му чаю.

Напрыклад, «Да Хун Паа», або «Вялікі Чырвоны Халат», здольны адначасова расслабляць і танізаваць, паляпшаць канцэнтрацыю ўвагі і падымаць настрой. «Бі Ло Чунь» дапамагае пры лячэнні злаякасных пухлін і паляпшае работу стрававальнага апарату. А «Тайпін Хоу Куй» умацоўвае сценкі сасудаў. Яшчэ лічыцца, што якасны зялёны чай, любы, супакойвае нервовую сістэму і нейтралізуе шкодныя рэчывы ў чалавечым арганізме, а таксама стымулюе іх вывядзенне (нездарма ўсе прыбіральні ў Кітаі бясплатныя), вылечвае запаленчыя працэсы ў органах малога таза, дабратворна ўплывае на зрок, стан зубоў і скуры...

У пекінскай чайнай краме мы даведаліся, што самі кітайцы не п'юць араматызаваныя чаі, такія як «малочны ўлун», язмінавы, фруктовы (гэта ўвогуле не чай, сказаў Грыша) і падобныя. У якасны чай кітайцы не дадаюць нічога іншага, таму араматызаваныя чаі каштуюць там не дорага. Напрыклад, «малочны ўлун» можна купіць па цане ад 10 юаняў (1,5 долара) за 100 грамаў, у той час як за 50 грамаў «Лун Цзіна», які быў сабраны ў красавіку, трэба аддаць 100 юаняў. У найбуйнейшай кітайскай інтэрнэт-краме самы дарагі чай — «Лу Чжэнхаа» — каштуе 7920 юаняў (амаль 1150 долараў) за 150 грамаў.

Насамрэч добры чай не можа быць танным. Выраб якаснага чаю — вельмі працаёмкі працэс. Напрыклад, гатунак «Лун Цзін», адзін з самых вядомых і любімых самімі кітайцамі (назва перакладаецца як «Калодзеж дракона»), збіраецца на высакагорных плантацыях правінцыі Чжэцзян толькі ўручную, каб сарваць верхавіну парастка з двума верхнімі лісцікамі. Гэты чай пры заварванні не адцэджваюць, і калі лісцікі разам з духмянай вадой трапляюць у рот, іх ядуць, бо яны вельмі далікатныя. Кітайцы, дарэчы, пра чай кажуць, што яны яго не п'юць, а, менавіта, ядуць, і ў выпадку з «Лун Цзінам» гэта трэба разумець літаральна. Як правіла, кітайцы чай нічым не прыкусваюць, і, канешне, не салодзяць. Смак «Лун Цзіна» непрывычны для еўрапейцаў, некаторыя параўноўваюць яго са смакам... шпінату.

Мне пашчасціла патрапіць у старажытную вёску, якая дала назву гэтаму чаю, — там «Калодзеж дракона» вырошчваецца і вырабляецца на працягу 800 гадоў. Чайная вёска «Лун Цзін» знаходзіцца побач з Ханчжоў, які самі кітайцы называюць «раем на зямлі» з-за прыгажосці гэтых мясцін. У Ханчжоў сёлета, дарэчы, праходзіў саміт «Вялікай дваццаткі».

Чай «Лун Цзін» таксама бывае розны, яго якасць і кошт залежаць ад часу збору. Найбольш дарагі — той, што сабраны ў сакавіку, з самых першых лісточкаў у новым годзе. Кітайцы кажуць: лепшы чай той, што сабраны перад святам Цзін Мін (свята Чысціні і Яснасці, прыпадае на пачатак красавіка). Ён мае самыя тонкія і далікатныя водар і смак. Кошт такога чаю — 2000—5000 юаняў за 500 грамаў. У гэтай вёсцы мы дэгуставалі красавіцкі, ліпеньскі і жнівеньскі «Лун Цзін». Дэгустацыя праходзіла наступным чынам: спачатку нам расказалі пра чай, потым раскрывалі ўпакоўку самага дарагога, давалі ўдыхнуць яго водар, потым прапанавалі параўнаць з водарам «Лун Цзін», які быў сабраны пазней. Пасля гэтага заварылі кожны чай па чарзе (пачынаючы ад лепшага) у празрыстых шклянках. Дарэчы, лічыцца, што чаінкі «Лун Цзіна» вельмі прыгожа апускаюцца на дно шклянкі, і гэта сапраўды так.

Пасля паездкі ў Кітай прайшло больш за два месяцы. Запакаваны ў фольгу зялёны пуэр чакае, калі будзе падораны. А вось не самага дарагога (як мне патлумачыла перакладчыца — на сярэднюю кітайскую сям'ю) белага чаю мы выпілі ўжо больш за палову ад 320-грамовага бліна. Белы чай адразу спадабаўся мне і дачцэ, але не спадабаўся мужу. Аднак менавіта ён яго ў асноўным і п'е, паскардзіўшыся неяк, што чай гэты, напэўна, выклікае залежнасць, бо ён, маўляў, ніколі ў жыцці не піў так многа чаю ўвогуле. Не кажучы ўжо пра зялёны. І гэта прытым, што 5—7 грамаў ён адломвае ад бліна адзін раз у суткі, заварваючы адны і тыя ж чаінкі разоў сем на працягу дня. І апошняе заварванне яму падабаецца часам больш за папярэднія. Дарэчы, спосаб заварвання чаю і працэс яго спажывання кітайцамі таксама вельмі адрозніваюцца ад таго, які мы ведаем. Але гэта — асобная гісторыя.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Пекін — Мінск

Загаловак у газеце: Чай і кітайцы

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.