Вы тут

Як працуе аддзел па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў


Аддзел з'яўляецца структурнай адзінкай упраўлення крымінальнага вышуку МУС і займаецца вывучэннем крымінальных спраў, якія не былі раскрытыя «па гарачых слядах» ці на працягу года. Адказнасць на спецыялістах вялізная, бо цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы перыядычна зноў прапрацоўваюцца, нават калі з моманту іх здзяйснення прайшло не адно дзесяцігоддзе.


Пакаранне знайшло свайго «героя»

Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Віктар ЮЗЭФОВІЧ, не так даўно спецыялістам аддзела ўдалося раскрыць адразу два злачынствы, учыненых яшчэ ў 2007 годзе адным чалавекам. Першае падвойнае забойства адбылося ў ліпені. Тады былі знойдзеныя трупы мужчыны і жанчыны, абодва сярэдніх гадоў. Забітая жанчына на працягу практычна 10 гадоў не мела пастаяннай прапіскі і з'яўлялася асобай без пэўнага месца жыхарства.

Як аказалася, пацярпелыя некалькі месяцаў пражывалі на тэрыторыі пагрузачнай рампы аднаго з рэстаранаў у цэнтры горада. З мэтай заробку яны займаліся зборам шклатары і макулатуры, часам прыбіралі тэрыторыю каля рэстарана, за што яго супрацоўнікі давалі ім грошы і ежу. Вядома, не абышлося без злоўжывання спіртнымі напоямі. Да сяброў «у госці» часта прыходзілі прыяцелі, якія вялі такі ж антысацыяльны лад жыцця. Незадоўга да смерці пацярпелая практычна перастала хадзіць: у яе былі хворыя ногі, і большую частку часу яна ляжала на самаробным «ложку».

Аднойчы раніцай у аддзел РУУС паступіла паведамленне аб выяўленні трупаў мужчыны і жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Злачынец не проста расправіўся з імі ў парыве лютасці, але і свядома паспрабаваў надаць ім выгляд спячых людзей. Непадалёк ад месца іх знаходжання была знойдзена металічная труба, якой, як аказалася, і былі здзейснены забойствы.

У ходзе расследавання была праведзеная вялікая работа. Праверана асяроддзе, з якім узаемадзейнічалі забітыя, супрацоўнікі і госці рэстарана, жыхары навакольных дамоў, дворнікі, крымінальныя асобы. Побач з «прытулкам» забітых быў знойдзены чэк аб аплаце мабільнага тэлефона. Нават гэты варыянт быў адпрацаваны, аднак аказаўся памылковым. У той момант напасці на след злачынца не атрымалася.

Летась па справе была атрымана новая інфармацыя, пасля чаго прынята рашэнне аб правядзенні дадатковых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Адной з агульных сувязяў двух забітых быў устаноўлены малады чалавек, які таксама з'яўляўся асобай без пэўнага месца жыхарства. З 2008 года на працягу 7 гадоў і 10 месяцаў ён адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за крадзеж і рабаванне. Нягледзячы на тое, што ў 2008 годзе яму было ўсяго 20 гадоў, да гэтага ён ужо быў асуджаны за разбой, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару, крадзеж і махлярства.

У маладога чалавека няпросты лёс: бацькі, таксама раней судзімыя, былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, а ён выхоўваўся ў доме-інтэрнаце. Тым не менш сябе ён ставіў вышэй за сваіх сяброў-сабутэльнікаў і лічыў ледзь не праведнай справай збавенне свету ад іх. «Афіцыйнай» прычынай забойства ён назваў абразу.

У ходзе далейшых праверачных мерапрыемстваў была атрымана інфармацыя аб дачыненні забойцы яшчэ да аднаго злачынства, здзейсненага ў верасні 2007 года. 49-гадовая жанчына была знойдзена без адзення на транспартнай прахадной аднаго са сталічных прадпрыемстваў. Некалькі людзей бачылі яе ў той вечар з маладым чалавекам, з якім яна трымалася за руку. Вартаўнік прадпрыемства падчас абходу заўважыў, як той збівае жанчыну абцасам абутку па галаве. Пакуль вартаўнік націснуў кнопку трывожнай ахоўнай сігналізацыі, злачынец паспеў уцячы. Забітая на той момант лічылася афіцыйна беспрацоўнай, яна злоўжывала спіртнымі напоямі і перыядычна не начавала дома.

Віктар Юзэфовіч адзначыў, што перад законам усе грамадзяне роўныя, таму раскрыццё злачынства, у якім пацярпелы — асоба без пэўнага месца жыхарства, з'яўляецца не менш значным, чым іншыя.

«Тэхналогіі становяцца ўсё больш дасканалымі»

Начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў мінулых гадоў галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Уладзімір БУЛГАК расказаў, што чалавечая памяць валодае цікавай уласцівасцю: праз некаторы час могуць «усплываць» дэталі, якія першапачаткова здаваліся незваротна згубленымі або нязначнымі. Так, пры праверцы асоб, якія праходзілі па справе аб забойствах 2007 года, былі атрыманы дадатковыя звесткі, а таксама знойдзеныя новыя сведкі. Гэта дапамагло скласці больш падрабязны партрэт злачынца, якому адпавядала, у тым ліку і па ладзе жыцця, некалькі падазраваных. Сярод іх аказаўся і сапраўдны забойца.

Пасля таго, як гэту справу раскрылі, была праведзена выбарка па горадзе падобных злачынстваў, учыненых у той жа перыяд. Так атрымалася суаднесці спосаб здзяйснення забойства і асобу, якая яго ўчыніла, і з іншым выпадкам.

Па словах Уладзіміра Булгака, важным фактарам для раскрыцця злачынстваў мінулых гадоў з'яўляецца не толькі падрабязная праверка ўсіх асоб, якія праходзяць па справе, але і пільны збор доказаў і матэрыялаў на месцы злачынства. Тэхналогіі імкліва ўдасканальваюцца, і тое, што немагчыма было ўстанавіць нават 5 гадоў таму, цяпер становіцца відавочным для спецыялістаў.

Пра гэта сведчаць і лічбы: калі да пачатку 2010 года было каля 505 тысяч нераскрытых злачынстваў мінулых гадоў, то на 1 студзеня 2016-га — ужо менш за 183 тысячы. За 11 месяцаў гэтага года супрацоўнікам аддзела ўдалося раскрыць 1761 злачынства, з якіх 241 — цяжкае і 49 — асабліва цяжкіх, у тым ліку 16 забойстваў, 18 цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 28 згвалтаванняў і гвалтоўных дзеянняў сексуальнага характару і 26 разбояў.

Цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы заўсёды знаходзяцца на асаблівым кантролі. Так найбольш старое злачынства, справа па якім так і не была закрытая, датуецца 1952 годам. Тады ў Бабруйску была забітая 11-гадовая дзяўчынка. Вядома, раскрыццё гэтай справы было б падобна на цуд, а вось злачынствы, датаваныя 1980-мі, спецыялістам удавалася раскрываць, і не раз.

— Вельмі важна вяртацца да злачынстваў мінулых гадоў, таму што іх раскрыццё можа дапамагчы ўсталяваць сувязь з больш новымі здарэннямі, а ў некаторых выпадках выйсці на след і спыніць серыйнага злачынцу.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гады змяняюцца, а адказнасць застаецца

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

У сталіцы актыўна скупляюць кватэры. Ці надоўга гэта?

Пасля значнага вясновага «хапуна», на майскія святы рынак злёгку астыў.

Грамадства

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

«Як ты можаш такое казаць, мама?!» Спрачацца з пажылымі сваякамі трэба правільна

Псіхіка пажылых людзей часцей за ўсё не здольная да «апгрэйду».