Як вядома, Савет Міністраў адпаведнай пастановай зацвердзіў новыя тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг на наступны год. Аб тым, з чым гэта звязана і чаго нам чакаць у камунальнай сферы надалей, карэспандэнту «Звязды» расказаў начальнік упраўлення рэгулявання натуральных манаполій паліўна-энергетычнага комплексу і транспарту Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Дзяніс Бібікаў.
Выключна запланаванае павышэнне
Паводле слоў суразмоўцы, тарыфы на ЖКП павялічваюцца штогод менавіта з першых дзён студзеня, што прадугледжана Указам № 550 кіраўніка нашай дзяржавы. Гэтым дакументам удакладняецца, што пасля такога павелічэння тарыфаў плацяжы насельніцтва па аплаце жыллёва-камунальных паслуг будуць павышаны ў памеры, які эквівалентны 5 доларам у разліку на сям'ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў, пры нарматыўным спажыванні гэтых паслуг. Зразумела, што ў меншых кватэрах узровень росту гэтых тарыфаў будзе меншы, а ў больш прасторных — большы.
Пакрыццё затрат па вадзе дасягне 80%
Вядома, што налета тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне павялічваюцца на 17%, водазабеспячэнне і водаадвядзенне — амаль на 90%, а тэхабслугоўванне дома — усяго на 0,5%. Чаму тарыфы вырастаюць менавіта ў такіх прапорцыях? Чаму вада падаражэла так істотна? Дзяніс Уладзіміравіч растлумачыў, што спецыялісты міністэрства цяпер вырашылі падцягнуць тыя пазіцыі ЖКП, якія павінны будуць у найбліжэйшы час дасягнуць 100% пакрыцця насельніцтвам затрат на іх прадастаўленне. Больш таго, гэта тыя пазіцыі, дзе людзі маюць магчымасць эканоміць рэсурсы і, адпаведна, свае грошы. Па водазабеспячэнні і водаадвядзенні сёння пакрыццё затрат насельніцтвам складае больш за 40%, а пасля павелічэння тарыфаў гэты ўзровень будзе дасягаць прыкладна 80% ад рэальнага сабекошту паслуг. Далейшая індэксацыя тарыфаў гэтых паслуг дазволіць выйсці ў 2018 годзе на 100% узровень пакрыцця.
Дойдзе чарга і да батарэй
Па ацяпленні і гарачым водазабеспячэнні зімой эксперты вырашылі не спяшацца, а правесці мяккае павелічэнне па рэшткавым прынцыпе ў межах 5 долараў. У ацяпляльны сезон ажыццяўляць больш істотны рост гэтых тарыфаў не зусім мэтазгодна — у людзей гэта наўрад ці выкліча разуменне. А праблема з аплатай цяпла існуе даволі вострая.
Начальнік упраўлення паведаміў, што менавіта па цеплазабеспячэнні ў сістэме ЖКП сёння існуе самы нізкі ўзровень пакрыцця, які складае каля 36%. Пад'ём тарыфаў на цяпло на 17% крыху павялічыць пакрыццё насельніцтвам затрат, але гэта будзе не больш за 40% ад рэальнага кошту паслугі. Атрымліваецца, што сур'ёзнае павышэнне тарыфу на ацяпленне нам трэба чакаць у міжсезонне.
Стаўка на субсідыі
Сёння ў міністэрстве спадзяюцца, што ў хуткім часе будзе завершана дапрацоўка сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый. На гэты конт кіраўніцтва ЖКГ крыху раней паведамляла, што будуць зменены падыходы (парогі) у гэтай сістэме, каб субсідыі маглі атрымаць усе малазабяспечаныя людзі.
Наш суразмоўца адзначыў, што гэта пытанне не зусім у кампетэнцыі іх міністэрства. Разам з тым ён паведаміў, што новая сістэма субсідый у першую чаргу павінна падтрымаць асоб пенсійнага ўзросту і сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян ва ўмовах росту ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Тут выкарыстоўваюцца два прынцыпы — выяўляльны і заяўны. Хутчэй за ўсё, у наступным годзе павялічыцца колькасць атрымальнікаў такой дапамогі ад дзяржавы па выяўляльным прынцыпе, якім будуць налічвацца субсідыі аўтаматычна. Акрамя таго, можа павялічыцца і колькасць тых сем'яў, якія пачнуць звяртацца па субсідыі ў выканкамы самастойна.
«Мне здаецца, што толькі ў тым выпадку, калі сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый запрацуе бездакорна, мы зможам ажыццяўляць істотнае павелічэнне тарыфаў на цеплавую энергію», — мяркуе Дзяніс Бібікаў. У гэтым выпадку такое змяненне тарыфаў стане не вельмі балючым для насельніцтва.
Штоквартальная індэксацыя
Відавочна, што пасля гэтай навіны нас пачынае цікавіць яшчэ адно пытанне. Ці будуць налета камунальныя тарыфы расці і надалей? У межах Указа № 550 прадугледжана штоквартальная індэксацыя тарыфаў ЖКП. Рост іх будзе абмяжоўвацца пэўнымі параметрамі.
У выпадку павелічэння афіцыйных заробкаў работнікаў будуць зменены і тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.
Суразмоўца нагадаў, што ў канцы 2018 года запланавана давесці аплату жыллёва-камунальных паслуг насельніцтвам да 100% ад іх сабекошту. У гэты час сістэма субсідый павінна закрыць пытанне з аплатай камунальных паслуг сацыяльна неабароненымі катэгорыямі насельніцтва. А ўсе астатнія павінны будуць плаціць за «камуналку» поўнасцю, лічыць спецыяліст.
Сяргей КУРКАЧ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».