Вы тут

Як дабрачынным фондам удаецца збіраць грошы на дарагія аперацыі?


«Нягледзячы на тое, што матэрыяльны стан беларусаў у апошнія гады не палепшыўся, дабрачынцаў менш не стала. Мы нават заўважылі тэндэнцыю: у крызіс колькасць дарыльшчыкаў павялічваецца», — прызналіся нам у адным з дабрачынных фондаў. Для сем'яў, якім трэба знайсці на лячэнне свайго дзіцяці па 50—70 тысяч еўра, неабыякавыя грамадзяне часам адзіная надзея.


Сярэдняе ахвяраванне — 10 рублёў

225 ахвяраванняў. Амаль столькі штодзень паступае ў Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанц». З пачатку года арганізацыі ўдалося сабраць амаль 1,8 мільёна долараў.

Калі казаць аб адраснай фінансавай дапамозе дзецям, то 40 працэнтаў ахвяраванняў прыпадае на долю юрыдычных асоб, астатнія 60 працэнтаў пералічаюць прыватныя асобы. Кожны пяты перадае грошы ў фонд пастаянна. Сярэдні чэк — 10 рублёў.

— Мы заўсёды ўдзячны кожнаму ахвяраванню, бо ведаем дакладна, што маленькай дапамогі не бывае, — кажа спецыяліст па сувязях з грамадскасцю фонду Настасся ШАЦЬКО і адзначае, што часам памер паступлення дасягае і 10 тысяч рублёў.

Летась фонд змог дапамагчы 162 падапечным. Дыягназы ў дзяцей розныя. На збор самых вялікіх сум (каля 100 тысяч долараў) у арганізацыі ідзе 1,5—2 месяцы. Грошы выдаткоўваюцца на аперацыі, абследаванні, прэпараты, медтэхніку. Лячэнне хворых дзяцей аплачваюць у тых выпадках, калі па нейкіх прычынах высокакваліфікаваная медыцынская дапамога не можа быць аказана дзяржаўнымі медустановамі ці пакрыта за кошт бюджэту.

Каб прыцягнуць сродкі, фонд расказвае гісторыі сваіх падапечных праз сайт, сацыяльныя сеткі, СМІ. Людзі адгукаюцца, бо адчуваюць, што дапамагаюць канкрэтнай сям'і. Арганізацыя таксама рэгулярна дзеліцца з дабрачынцамі навінамі аб дзецях, і гэта дапамагае захоўваць сувязь з дарыльшчыкамі.

У апошнія гады ўсё больш кампаній звяртаецца да фонду і прапануе праводзіць акцыі на карысць падапечных. Так, адна ювелірная фірма ўсе сродкі, атрыманыя з продажу пэўнай калекцыі падвесак, перадае на лячэнне кагосьці з дзяцей. А сетка кніжных крамаў штомесяц пералічае на рахунак фонду да трох працэнтаў ад выручкі.

— Што тычыцца не зусім паспяховых акцый, то, на мой погляд, у Беларусі пакуль не прыжыліся інтэрнэт-акцыі, калі трэба штосьці зрабіць у сацыяльных сетках, напрыклад, — мяркуе суразмоўніца. — Хаця на захадзе яны наадварот вельмі папулярныя і збіраюць немалыя сродкі.

Неабыякавыя пенсіянеры

Як дабрачынныя арганізацыі вызначаюць, каму з дзяцей, чые бацькі звяртаюцца да іх, дапамога патрэбна ў першую чаргу? Вера ГАХАВА, выканаўчы дырэктар мясцовага фонду «Дотык да жыцця» (іх падапечныя — малыя з анкалогіяй і ДЦП), расказвае, што яны абапіраюцца на рэкамендацыі беларускіх урачоў:

— Мы цесна працуем з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Яны падказваюць, у каго з дзяцей курс лячэння даў прагрэс і варта працягваць, а каму трэба зрабіць аперацыю як мага хутчэй.

Перш чым пачаць збіраць грошы па заяўцы бацькоў, просяць іх даць гісторыю хваробы дзіцяці з рэкамендацыямі па далейшым лячэнні, рахунак-фактуру з замежнай клінікі, якая гатова прыняць малога. Няма дакументаў — ні аб якой дапамозе не можа ісці размова.

Сярод юрыдычных асоб, што ахвяруюць сродкі, — індывідуальныя прадпрымальнікі, агенцтвы нерухомасці, транспартна-лагістычныя і ІТ-кампаніі. Што да прыватных асоб, якія не застаюцца абыякавымі, то ў іх ліку — людзі розных узростаў.

— Калі па радыё аб'яўляем пра акцыю, прыходзяць пенсіянеры (у Расіі і Еўропе, дарэчы, гэта самая актыўная катэгорыя сярод дарыльшчыкаў. — Аўт.). Нават 5 рублёў бабулі прыносяць і просяць: «Гэта таму хлопчыку, калі ласка, перадайце». Не скажу, што грамадства зачарсцвела. Дзякуй Богу, звяртаюць увагу, — дзеліцца Вера Гахава.

Большасць ахвярадаўцаў прыцягваецца праз сайт фонду, але арганізацыя праводзіць і розныя акцыі для збору сродкаў. Напрыклад, на ручкі калясак у гандлёвым цэнтры прымацоўваюць спецыяльныя планшэты, дзе размяшчаюць фота дзіцяці, якому патрэбны грошы на лячэнне, інфармацыю пра яго захворванне. Ці ўдзельнічаюць у кірмашах (як правіла, у Калядным і Вербным). Валанцёры для гэтых выстаў робяць паштоўкі, плятуць вяночкі, шыюць лялькі, якія потым прадаюцца за ахвяраванні. А да Дня дзіцяці фонд ладзіць на карысць падапечных дабрачынны канцэрт з удзелам беларускіх «зорак».

Кампанія «Белавія», дарэчы, робіць фонду зніжкі да 25 працэнтаў. Таму на пералётах для сем'яў (а многім даводзіцца вазіць дзіця за мяжу на паўторныя абследаванні) удаецца сэканоміць.

Прыбытак з ліманаду і тартоў

— Мы не выкарыстоўваем жаласлівыя гісторыі. І не зазіраем людзям у кішэню: маўляў, кубак кавы каштуе два долары, ты мог бы ахвяраваць гэту суму на дабрачыннасць. Ніколі не кажам, як чалавеку трэба распарадзіцца фінансамі. Наадварот, стараемся быць у тым месцы, дзе людзі трацяць грошы, і прапанаваць патраціць іх з карысцю для дзяцей, — дзеліцца вопытам сузаснавальнік украінскага дабрачыннага фонду «Таблетачкі» Ірына ЛІТОЎЧАНКА.

70 працэнтаў паступленняў у арганізацыю — ад фізічных асоб. Прыцягнуць сродкі ў многім дапамагаюць менавіта акцыі. У некаторых рэстаранах «Таблетачкі» запусцілі дабрачынныя дэсерты. Гэта добрыя дэсерты, ад якіх папраўляюцца толькі дзеці, бо ўсе грошы з такіх піражкоў і тартоў ідуць у фонд. Улетку арганізацыя робіць вялікую акцыю «Дзень ліманаду». Сёлета ў ёй удзельнічала больш за 400 устаноў па ўсёй краіне.

— Прапануем кавярням адмовіцца ад прыбытку з ліманаднага напою, забраць сабе толькі сабекошт. А мы за гэта прыцягваем да іх кліентаў. Чаму гэта выгадна рэстаратарам? Бо жнівень — спакойны сезон, усе раз'язджаюцца падчас водпускаў або адпачываюць на вуліцы.
У сярэднім мы збіраем з гэтай акцыі 19—23 тысячы долараў, — падлічвае Ірына Літоўчанка.

У падобным фармаце фонд працуе таксама з кінатэатрамі. Адзін сеанс на тыдзень — напрыклад, дзіцячы мультфільм ранкам — робяць дабрачынным. А акцыя з сеткай кавярняў (калі невялікая сума з кожнага кубка кавы ідзе на дапамогу анкахворым дзецям) прыносіць 11 тысяч долараў штомесяц.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ца­на жыц­ця

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.