Вы тут

Да старшыні Брэсцкага гарвыканкама дазваніліся 28 чалавек


Гэта кароткае інтэрв'ю адбылося адразу пасля завяршэння прамой лініі, якую правёў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК. Да кіраўніка горада змаглі дазваніцца 28 чалавек.


— Калі падвесці некаторыя вынікі трохгадзіннага дыялогу з гараджанамі, што можна сказаць?

— Тое, што многія з агучаных праблем нам вядомыя. Напрыклад, пытанні па землеўпарадкаванні і землекарыстанні. Над іх вырашэннем мы працуем. Як і па некаторых аспектах добраўпарадкавання. Я цалкам разумею людзей, якія бачаць, што горад развіваецца, і хочуць, каб менавіта ў іх завулак хутчэй прыйшоў асфальт. У горадзе 300 кіламетраў дарог патрабуюць асфальтавання. І гэтую праблему мы імкнёмся вырашаць сістэмна.

І яшчэ. Карысць сённяшняй прамой лініі, як і папярэдніх, — у тым, што яны актуалізуюць некаторыя пытанні, якія мы не заўважаем альбо ўпускаем. Адным са зваротаў сёння быў званок Святланы Маркаўны, жыхаркі дома ў цэнтры горада. Яна скардзілася на вечную лужыну ў іх двары. Можа, гэта, з пункту гледжання горада, не такая ўжо значная праблема, але... Заяўніца расказала пра яе ранейшыя звароты і ўказала на адсутнасць каардынацыі ў рабоце пэўных службаў. Службы гэтыя атрымалі адпаведнае ўказанне, і лужыне дадуць нарэшце рады.

Прыемна, што паступілі два званкі з удзячнасцю за навагодняе афармленне горада. Думаю, што не толькі тэлефонныя абаненты, але і ўсе гараджане ацанілі сёлетні святочны антураж Брэста.

— Ці можна згадаць звароты на прамыя лініі падчас асабістых прыёмаў грамадзян за гады вашай работы, якія пазней выліліся ў рашэнні гарвыканкама альбо іншыя маштабныя справы?

— Такіх прыкладаў можна прывесці нямала. Не раз удакладнялася работа грамадскага транспарту, графік якога прывязвалі да начных змен некаторых прадпрыемстваў менавіта пасля зваротаў тых, хто там працуе. Пра пытанні добраўпарадкавання можна і не гаварыць: і тратуары рабілі, і цэлыя вуліцы добраўпарадкавалі. Так было і раней, і будзе далей.

Сур'ёзнае пытанне вырашана па цеплазабеспячэнні мікрараёна «Паўднёвы». Менавіта звароты грамадзян падштурхнулі да таго, што старую кацельную вывелі з абароту, а гэты жыллёвы раён далучылі да асноўнай крыніцы ЦЭЦ.

Апошнім часам шмат пішацца і гаворыцца пра адраджэнне былога гарадскога саду. У многіх брастаўчан дома яшчэ захоўваюцца паштоўкі пачатку мінулага стагоддзя з надпісам «Брэст-Літоўск. Гарадскі сад». Але той стары парк на рагу Машэрава-Леніна, у самым цэнтры горада, многія дзесяцігоддзі быў закінутым і занядбаным. Сёлета з вясновых суботнікаў пачаліся работы па навядзенні парадку і адраджэнні адной са славутасцяў горада. Прыемна, што не засталася ўбаку грамадская ініцыятыва, на суботнікі выходзіла нямала добраахвотнікаў. Цяпер ужо мала хто і ўспомніць, што пачыналася добрая справа менавіта са звароту групы грамадзян у гарвыканкам.

Падобны зварот стаў пачаткам вырашэння пытання па будынку аўтавакзала. У выніку гэты будынак будзе выкарыстаны ў адпаведнасці з яго гістарычнай значнасцю, хоць вакзал з часам плануецца перанесці ў іншае месца.

— На канферэнцыі, прысвечанай «Берасцейскім кнігазборам», вы пачалі сваю прамову прыкладна так: «Толькі што правёў асабісты прыём і прыйшоў да высновы: калі б нашы грамадзяне чыталі класіку, двое з заяўнікаў наогул не прыйшлі б, бо іх пытанні носяць асабісты характар, іх вырашэнне па-за кампетэнцыяй органа ўлады, а яшчэ двое знайшлі б патрэбную даведку ў літаратуры або ў сеціве». Па-ранейшаму сустракаюцца звароты не па адрасе?

— Здараецца. Самым недарэчным на маёй памяці быў зварот-скарга. Гараджанін ранкам расчысціў ад снегу пляцоўку для сваёй машыны, а сусед тут жа заняў яе. Заяўнік вельмі абураўся: маўляў, прыедзь, старшыня, разбярыся з суседам. А калі сур'ёзна, то большасць зваротаў абгрунтаваныя і носяць канструктыўны характар.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Саду — красаваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?