Вы тут

Метафарычнасць геаметрычных форм


Праз тэкстыльную скульптуру і метал.


Хрысціна Высоцкая «Прыцягненне».

Калі ўяўляеш скульптуру, то на розум спачатку прыходзяць аб’екты з цвёрдых альбо пластычных матэрыялаў. Але не менш актуальная тэкстыльная скульптура. У сталічнай мастацкай галерэі ≪Універсітэт культуры прадстаўлена выстаўка па выніках V Міжнароднага італьянска-беларускага пленэру ≪Дыялог скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзерсіс≫, дзе скульптура з тканіны дэманструе неверагодныя асаблівасці і магчымасці.

Пленэр быў праведзены сёлета ў Італіі аўтарскай некамерцыйнай канцэптуальнай галерэяй «Брама» і, як у мінулыя разы, атрымаўся насычаным і плённым. Беларускія і італьянскія творцы ўзаемадзейнічалі, абапіраючыся на досвед у мастацтве абедзвюх краін. Мастакі аб’ядналі тэкстыльную скульптуру з металам, які надае арт-аб’екту больш брутальнасці, у той жа час не дазваляе згубіць тонкасці, пяшчотнасці. Такое сумяшчэнне кантрасных матэрыялаў — дыялог фактур, спроба аб’яднаць розную энергетыку, падкрэсліць адметнасць, глыбіню мастацкай кампазіцыі. Чырвоны і чорны — два колеры, якія аўтары выкарыстоўвалі ў творах, праз іх таксама паспрабавалі выйсці на кантакт з гледачамі. Усё атрымалася: мастацтва, яркае, смелае і арыгінальнае, прыцягвае актуальнымі тэмамі, задумай.

Пасля пленэру паўтара месяца выстаўка экспанавалася ў Балоньі. Айчынныя мастакі зацікавілі італьянскую публіку своеасаблівым адчуваннем свету, шчырасцю, здольнасцю пераносіць гармонію ў мастацтва. На жаль, цяжкасці транспарціроўкі і афармлення мытных дакументаў не дазволілі паказаць у Мінску творы італьянскіх мастакоў, аднак іх імёны неаднаразова агучваліся на адкрыцці праекта.

Асаблівасць тэкстыльнай скульптуры ў тым, што яна абсалютна нязвыклая воку, таму выклікае шмат пытанняў наконт працэсу стварэння, канцэпцыі кампазіцыі. На думку куратара выстаўкі, мастацтвазнаўцы Ларысы Фінкельштэйн, скульптура з тканіны — даследаванне новай мастацкай прасторы праз геаметрычныя формы. Аб’ём тут адыгрывае не самую важную ролю, дапамагае выказаць мастацкую метафару, філасофскія развагі аўтара.

На выстаўцы прадстаўлены арт-аб’екты, якія адлюстроўваюць вечныя тэмы: узаемаадносіны паміж людзьмі, цыркуляцыя і маруднасць жыцця, свабода ад стэрэатыпаў, вера ў прыкметы, пераўвасабленне думак у рэальнасць. Аўтары паспрабавалі выказацца так, каб іх пачулі: выбралі такія матывы творчасці, якія не страцяць актуальнасці. На адкрыцці выстаўкі прагучала меркаванне, што прадстаўленыя экспанаты могуць быць цікавыя не толькі дарослым, аматарам арыгінальнага мастацтва, але і дзецям, якія здольныя заўважаць дэталі.

Галіна Санько «Цыркуляцыя».

Тэкстыльная скульптура, у параўнанні з бронзавай, драўлянай альбо гіпсавай, навобмацак успрымаецца неадназначна. Тут усе элементы — з розных матэрыялаў. Можна нават не дакранацца да экспанатаў, а паспрабаваць візуальна зразумець, з якіх матэрыялаў ствараюць аўтары. І гэта таксама дыялог з гледачом, прыцягненне ў мастацкі працэс.

Калі бачыш скульптуры з тканіны ўпершыню (асабліва калі твораў шмат у адной прасторы), ёсць адчуванне, што патрапіў у тэатральную залу, дзе эксцэнтрычныя дэкарацыі — ужо самі па сабе акцёры монаспектакля. Выстаўка «Дыялог скульптур. Чырвонае. Чорнае. Італьянскі экзерсіс» змагла ўразіць наведвальнікаў галерэі і кантраснасцю, і шматграннасцю. Усе перакрыжаваныя дыялогі, якія прадугледжвае экспазіцыя, здольныя стварыць гаму пачуццяў і перажыванняў: ад вострага ўнутранага канфлікту да паступовага прымірэння і спакою.

Вікторыя АСКЕРА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».