Вы тут

Васіль Жарко: Налета трэба захаваць натуральны прырост насельніцтва


У надыходзячым годзе трэба захаваць натуральны прырост насельніцтва. Пра гэта, як інфармуе БЕЛТА, заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко падчас наведвання РНПЦ «Маці і дзіця». Там ён прымаў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».


«У кожнай галіне свая задача. Калі браць ахову здароўя і сацыяльную абарону, нам трэба захаваць дэмаграфічны прырост, каб (колькасць. — Заўв. рэд.) насельніцтва нашай краіны не падала. Па ўсіх падліках, у бягучым годзе насельніцтва прырастае. У першую чаргу за кошт зніжэння агульнай смяротнасці, смяротнасці асоб у працаздольным узросце», — сказаў Васіль Жарко.

У галіне аховы мацярынства і дзяцінства важна захаваць станоўчыя тэндэнцыі. Дзіцячая смяротнасць сёння знаходзіцца на ўзроўні 3 праміле, што з'яўляецца вельмі добрым паказчыкам. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, яго можна паменшыць да 2,5 праміле. Гэта магчыма за кошт памяншэння смяротнасці ад знешніх прычын, у прыватнасці няшчасных выпадкаў дома. Важна захаваць нізкі паказчык дзіцячай смяротнасці.

Неабходна ўдасканальваць адукацыйны працэс. Васіль Жарко лічыць, што ЦТ павінна захавацца, але ў нейкім перайначаным варыянце. Па частцы прадметаў, напрыклад, фізіцы, матэматыцы, трэба пакінуць тэсты, а недзе важныя зносіны абітурыента з экзаменатарам, сказаў намеснік прэм'ер-міністра. Што датычыцца медыцынскай адукацыі, тут адзначаецца нейкі перакос. Калі раней у медыцынскіх ВНУ на лячэбных факультэтах было 70—80% хлопцаў, то цяпер там столькі ж дзяўчат. А гэта цяжкая прафесія, асабліва калі потым ісці ў рэанімацыю або хірургію. «Трэба глядзець, як прыцягнуць дзяцей. Неабходна прафарыентацыя», — упэўнены Васіль Жарко. Кожны абітурыент павінен ісці туды, куды кліча сэрца. Калі проста атрымаць дыплом, але прафесія не даспадобы, не ўдасца якасна выконваць пастаўленую задачу.

Акрамя гэтага, Васіль Жарко адзначыў, што дасягненне ў 2017 годзе ўзроўню сярэдняга заробку ў краіне ў $500 — задача няпростая, але яе трэба выканаць. «У галіне сацыяльнай абароны Прэзідэнт паставіў задачу: $500 — заработная плата. Няпростая работа, але гэту задачу трэба ў наступным годзе выканаць. Думаю, што з аптымізацыяй у органах дзяржкіравання, у бюджэтнай сферы, развіццём пазабюджэтнага сектара гэтую задачу абавязаны выканаць. Над гэтым будзем працаваць», — сказаў Васіль Жарко.

Падчас наведвання РНПЦ «Маці і дзіця» Васіль Жарко павіншаваў жанчын, якія нядаўна сталі мамамі, пажадаўшы ім здароўя, дабрабыту ў новым годзе. У якасці падарунка ён уручыў сродкі па доглядзе нованароджаных.

РНПЦ «Маці і дзіця» з'яўляецца галаўной установай Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў галіне акушэрства, гінекалогіі, педыятрыі і медыцынскай генетыкі. Яго дзейнасць накіравана на ахову здароўя маці і дзіцяці, умацаванне рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, удасканаленне службы планавання сям'і і медыка-генетычнага кансультавання, памяншэнне рэпрадуктыўных страт, зніжэнне захворванняў цяжарных жанчын і нованароджаных дзяцей, паляпшэнне дэмаграфічных паказчыкаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прырост насельніцтва і даходаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.