Напрыканцы года прынята падводзіць вынікі літаратурнага жыцця краіны, вызначаць, якія з новых кніг найбольш спадабаліся, якія з іх мы возьмем з сабой у год наступны, будзем чытаць і перачытваць. Мы ж прапануем чытачам «Звязды» звярнуць увагу не толькі на новыя выданні, што пабачылі свет сёлета, але і вярнуцца да класікі. У нашым залатым тузіне згадаем самыя знакавыя кнігі стагоддзя — тыя, за якія сапраўды не сорамна беларусам і ў якіх выявіўся наш нацыянальны характар, менталітэт. Магчыма, гэты рэйтынг будзе крыху суб'ектыўным, некаму ён нагадае пра школьную праграму, але спадзяюся, што большасць нашых чытачоў усё ж звернуцца да згаданых твораў.
Амаль 17 гадоў таму, ва ўжо далёкім 2000 годзе, «Звязда» праводзіла апытанне сярод сваіх чытачоў, каб вызначыць знакавую кнігу стагоддзя. Тады бясспрэчным лідарам стала «Новая зямля» Якуба Коласа. Думаецца, без гэтай паэмы не абыдземся і сёлета: твор сапраўды паказвае адметнасці характару беларуса, яго імкненне атрымаць свой кавалак зямлі, на якім бы ён стаў сапраўдным гаспадаром. Думку пра прыналежнасць да месца, дзе нарадзіўся, жыве і працуе беларус, працягвае паплечнік Якуба Коласа Янка Купала ў драме «Тутэйшыя». Пагадзіцеся, як і герой твора Мікіта Зносак, многія беларусы сёння не адчуваюць і не разумеюць сваёй нацыянальнай прыналежнасці, не імкнуцца вывучаць гісторыю. Не абыдземся ў рэйтынгу найлепшых кніг стагоддзя без мастацтва «чыстай красы» — творчасці сёлетняга юбіляра Максіма Багдановіча. Яго паэтычны «Вянок» не толькі стаў праявай велізарнага таленту маладога творцы, але і адзначыў яго тонкі густ і ўменне да дэталяў, драбніц прадумваць і структураваць кнігу паэзіі.
Імя Сымон у большасці аматараў беларускай літаратуры асацыюецца з таленавітым музыкам-самародкам з вядомай паэмы Якуба Коласа. Але тут мы згадаем твор іншага аўтара. Майстар імпрэсіяністычнай паэзіі і прозы Змітрок Бядуля ў сваёй аповесці «Салавей» здолеў расказаць гісторыю ўнікльнага акцёра прыгоннага тэатра, музыкі, здольнага дасканала перадаваць «гаворку» звяроў і птушак. Аповесць прываблівае не толькі сюжэтам, але найперш меладычнасцю мовы і неверагодным уменнем аўтара перадаваць у словах чыстыя эмоцыі.
Не абмінём мы ўвагай і творчасць Кузьмы Чорнага. Думаецца, яго «Пошукі будучыні» многім помняцца яшчэ са школьных гадоў. Гэты аўтар — з тых празаікаў, каго можна чытаць і перачытваць, дзівячыся майстэрству падбіраць словы, выказваць глыбокія думкі і разважаць пра лёсы цэлых пакаленняў. Успамінаюцца таксама «Ніжнія Байдуны» Янкі Брыля і непаўторныя характары вяскоўцаў, дасканала вымаляваныя ў гэтым творы. Тут жа згадаем і байкі Кандрата Крапівы. Дасціпны гумар, сітуацыі, пазычаныя з жыцця, і неверагодна назіральны аўтар. Гэтыя кароткія і смешныя вершы актуальныя і сёння.
Калі мы кажам пра непаўторных герояў, то нельга не згадаць Уладзіміра Караткевіча і яго яскравага персанажа Гервасія Выліваху з «Ладдзі роспачы». Імпульсіўны, смелы, шчыры, самаадданы, ён не баіцца рызыкаваць і да апошняга адстойвае ўласную пазіцыю. Карацей, Гервасій — ці не самы сімпатычны герой усёй нашай класікі.
Нельга лічыць, што беларуская літаратура — тэрыторыя выключна мужчынская. Жанчынам тут таксама хапае месца і прасторы для творчасці. Тут згадаем тонкую лірычную паэтку Яўгенію Янішчыц і першы том Збору твораў, што пабачыў свет сёлета, а таксама таленавітую пісьменніцу Людмілу Рублеўскую з яе тэтралогіяй пра смелага Пранціша Вырвіча і мудрага Баўтрамея Лёдніка. Калі паэзія Янішчыц прываблівае найперш пачуццёвасцю, шчырасцю, адкрытасцю, то проза Рублеўскай вылучаецца выверанасцю, дакладным гістарызмам і імкненнем раскрываць сюжэты як мага больш дэталёва.
Да творчасці Адама Глобуса ў нашым грамадстве неадназначнае стаўленне. Нехта яго кнігі вельмі любіць, а нехта цалкам не прымае такой смеласці і адкрытасці, якія гэты паэт і празаік выказвае ў сваіх творах. Я сябе назаву, хутчэй, у ліку першых. Бо гэты аўтар сапраўды паказаў, што беларуская літаратура — не толькі тэрыторыя цноты і сціпласці, што тут дазволена намнога больш, што можна разважаць шырэй і закранаць самыя інтымныя пытанні. Таму яго «Толькі не гавары маёй маме» — адразу «так» нашага залатога тузіна.
Калі б Андруся Горвата не існавала, то яго варта было б прыдумаць. Працаваў дворнікам у Купалаўскім, выдатны калумніст, ён з'ехаў з Мінска ў хату свайго дзеда ў палескую вёску. Яго дзённік «Радзіва Прудок» стаў сёлета сапраўднай літаратурнай сенсацыяй. Кніга, на якую збіралі грошы праз краўдфандынгавую платформу, — сапраўдны знак абранасці, далучанасці да суполкі. А яшчэ — гэта выдатная медытатыўная проза, на якую сапраўды не шкада патраціць некалькі паслянавагодніх вечароў.
Марына ВЕСЯЛУХА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.
Каментары