Вы тут

Як адзначаюць навагоднія святы на двух розных полюсах Беларусі


Дзед Мароз са Снягурачкай на кабрыялеце, калядныя кірмашы на цэнтральнай плошчы, дзіцячыя ранішнікі, карагоды, навагоднія спектаклі — мы пабывалі ў розных месцах краіны, каб паглядзець, як невялікія беларускія гарады рыхтуюцца да святкавання Калядаў і Новага года і ствараюць для гэтага адпаведную атмасферу. Два раённыя цэнтры, Петрыкаў і Паставы, сталі нашым прыстанкам для пошуку святочнага настрою і каляднага чараўніцтва. Гэтыя гарады аб'ядноўвае антураж і пэўны склад думак, што ўсім нам застаўся ад савецкага часу, але іх «душа» паходзіць з больш глыбокай спадчыны. У стасунках гэтых пластоў можна ўбачыць твар горада, а ў сённяшнім культурным жыцці — яго тонкія праявы. Мы, у сваю чаргу, сталі «даследчыкамі» калядна-навагодніх праграм, якія хоць і ўтрымліваюць агульныя «нарыхтоўкі» невялікіх гарадоў, вядома ж, між сабой адрозніваюцца.


Безумоўна, гарадской візітоўкай у гэты час становіцца святочная ёлка на цэнтральнай плошчы, таму яе пошук, выбар і ўстаноўка ператвараюцца амаль у прыгоду. «Гэта толькі здаецца лёгкім: маўляў, пайшоў у лес і знайшоў, — расказвае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пастаўскага райвыканкама Мікалай Доўмант. — На справе не ўсё так проста, шмат залежыць ад надвор'я, і мы, бывае, па чатыры-пяць дзён ездзім на пошукі». Сёлета галоўная ёлка ў Паставах дасягае 21 метра ў вышыню і важыць тры з паловай тоны, і яна не самая цяжкая: адзін год супрацоўнікам спадабалася сямітоннае дрэва — пяць з яго ўсталявалі на плошчы.

Упрыгожванне горада і раёна перад святамі — «эстэтычнае афармленне вуліц, фасадаў, будынкаў і збудаванняў» — абавязак райвыканкама. За «негалоўныя» гарадскія святочныя дрэвы прызначылі адказнымі мясцовыя прадпрыемствы і арганізацыі і ў чарговы раз арганізавалі стымулюючы конкурс на найлепшае святочнае афармленне. Кажуць, у горадзе ўзнік дух саперніцтва, а ганаровы вынік пракаментавалі выразам: «горад ззяе, як маленькі Лас-Вегас».

Самы ўпрыгожаны прыватны дом у Петрыкаве.

Аналагічны конкурс ладзіцца ў Петрыкаве, дзе нас часта накіроўвалі да дома Галіны Шлягі, які па колькасці ілюмінацыі, напэўна, таксама можна параўнаць з Лас-Вегасам. «Люблю прыносіць людзям радасць», — тлумачыць свой імпэт Галіна Аляксееўна, якая ў бясконцых метрах агеньчыкаў на вокнах, дрэвах, ганку і на ўсім, чым можна, налічыла васямнаццаць гірлянд.

Галоўная ёлка ў Петрыкаве.

На святочным шэсці  Дзядоў Марозаў.

Да галоўнай петрыкаўскай ёлкі яшчэ перад каталіцкім святам Божага Нараджэння прыйшло шэсце Дзядоў Марозаў, якое адкрыла шэраг калядных і навагодніх мерапрыемстваў. Хоць гэта ідэя для беларускіх гарадоў увогуле не ўнікальная, затое ў Петрыкаве галоўныя Дзед Мароз і Снягурка ўзначальвалі парад на кабрыялеце. Пад суправаджэнне духавога аркестра за імі рухаліся яшчэ больш за пяцьдзясят персанажаў — па Дзеду Марозу і Снягурцы ад кожнай арганізацыі. Каля ёлкі іх ужо, вядома ж, чакалі ўзрушаныя дзеці, якія адразу пасля карагодаў выстраіліся ў чэргі, каб расказаць верш і атрымаць за гэта падарунак. Пад касцюмамі то старшакласнік, то хірург, то супрацоўнік Дома культуры — карацей, гэтае свята стваралі прадстаўнікі розных арганізацый, кожная з якіх сама рыхтавала свае падарункі.

Увогуле святочныя мерапрыемствы, апроч тых, што ладзяцца ў саму навагоднюю ноч, арыентаваны ў першую чаргу на дзяцей, таму чараўніцтва, Дзед Мароз, здзяйсненне мар і ўсё містычнае, што суправаджае канец года, — гэта іх пераважнае права. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якую ў Петрыкаве ладзяць у камерным краязнаўчым музеі, разлічана выключна на дзетак — Дзед Мароз ля каміна, Снягурачка, спецыяльная праграма — працуюць па заяўках Кажуць, паслуга (наведванне рэзідэнцыі платнае) карыстаецца папулярнасцю, і сюды, да Дзеда Мароза, прыязджаюць дзеці з усяго раёна.

Амаль усе святочныя мерапрыемствы каштуюць грошай — такім чынам раёны падцягваюць свае планы па платных паслугах, якія павінны выканаць на працягу года. «За ўсё, за што мы можам узяць грошы, мы, канешне, спрабуем узяць», — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў Петрыкаве Вольга Усціновіч-Насека. Напрыклад, Пастаўскі раён летась зарабіў на святочных імпрэзах каля васьмідзесяці мільёнаў недэнамінаваных рублёў, а ў гэтым годзе чакае прыбытку ў памеры ўжо ста дзесяці мільёнаў рублёў. Сёлета каля галоўнай гарадской ёлкі ў Паставах па нядзелях адкрываецца калядны кірмаш, на якім прадаюцца вырабы Дома рамёстваў. І хоць святочны акцэнт у Паставах зроблены на комплекс «Азяркі», што знаходзіцца ў лесе за некалькі кіламетраў ад горада і дзе ладзяцца цэлыя святы для гасцей і, у прыватнасці, дзяцей, горад ад гэтага не страчвае. Якраз на каталіцкае свята Божага Нараджэння на сцэне Дома культуры, які ўмяшчае больш за 500 гледачоў, па традыцыі была пастаўлена музычная казка — два дні з аншлагам паказвалася «Папялушка», у якой было задзейнічана каля ста трыццаці чалавек з творчых груп горада і раёна ў цэлым.

За кулісамі падчас навагодняга спектакля Пастаўскага Дома культуры.

Дысбалансу паміж мерапрыемствамі, прымеркаванымі да каталіцкага і праваслаўнага свят у Паставах, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіны Чаплінскай, няма: «Па веравызнанні наша насельніцтва падзелена прыкладна напалам, ёсць шмат змешаных сем'яў, таму нельга сказаць, хто — каталікі альбо праваслаўныя — святкуюць больш пампезна і масава».

Самая дарослая вечарына — гэта ўласна святкаванне Новага года ў ноч на 1 студзеня, якое складаецца з дзвюх паралельных частак. У Петрыкаве «Навагодняя ноч» на плошчы пачынаецца ў гадзіну і звычайна працягваецца да чатырох раніцы. У яе ўваходзяць тэатралізаванае прадстаўленне, музыкальнае віншаванне, гульнявая забаўляльная праграма, на якой прысутнічаюць сімвалы адыходзячага і будучага года і, вядома ж, Дзед Мароз. Адначасова ў зале Дома культуры праходзіць дыскатэка (сёлета ёлка, усталяваная ў гэтай зале, пахне надзвычайна). «Гэта трэба для арганізацыі занятасці моладзі ў вячэрні і начны час, каб яна сабралася ў навагоднюю ноч там, дзе больш бяспечна, дзе дзяжураць адпаведныя службы, — кажуць у Петрыкаўскім райвыканкаме.

Дарэчы, навагодняя ноч і дзіцячы ранішнік 31 снежня ў Петрыкаве і гарадскім пасёлку Капаткевічы — гэта адзіныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раёне за кошт бюджэтных сродкаў. Астатняе, як кажа Вольга Усціновіч-Насека, фінансуецца з пазабюджэтных сродкаў. Пазабюджэт, спонсарскія сродкі і эканомія выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы да Новага года паўсюль. Гэта датычыцца ў першую чаргу ўпрыгажэння гарадоў і іншых населеных пунктаў раёна, да якога імкнуцца прыцягнуць прыватных прадпрымальнікаў і мясцовы бізнес, заахвоціць жыхароў адпаведна прыбраць свае дамы. У дачыненні да канцэртаў і спектакляў у Петрыкаве кажуць: «практычна ўсе касцюмы шыем сваімі рукамі, таму што грошай не хапае». Для «Папялушкі» ў Паставах за касцюмы дзецям адказвалі бацькі, а сукенку галоўнай гераіні, напрыклад, забяспечыў Салон вясельнай моды. Касцюмы для шэсця Дзядоў Марозаў у Петрыкаве набывалі арганізацыі і прадпрыемствы, ад якіх гэтыя героі «накіроўваліся». «Нам лёгка працаваць, толькі хочацца тым, хто дапамагае, нечым падзякаваць, але за дробязь, што мы маем, мы гэтага не можам зрабіць», — кажа дырэктар петрыкаўскага Дома культуры Нэлі Кудравец.

Ранішнікі, канцэрты, спектаклі і ўсе падобныя ініцыятывы, арганізаваныя пад куратарствам райвыканкамаў, у невялікіх гарадах усё роўна застаюцца галоўнай святочнай праграмай. У свядомасці жыхароў цэнтральная плошча горада ўжо стала месцам сустрэчы, а найбуйнейшыя канцэртныя залы ўспрымаюцца як асноўныя пляцоўкі святочных мерапрыемстваў. Вядома ж, тут ёсць альтэрнатывы — рэстараны, більярдныя, сядзібы і найбольш утульны варыянт — уласны дом. Але як бы хто ні адзначаў Новы год, маленькім гарадам хочацца пажадаць ісці за сваёй культурнай спадчынай і шукаць свае адметнасці. Палессе і Паазер'е зараз на правільным шляху.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: З Палесся — у Паазер'е

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.