Вы тут

З 1917 у 2017: як «Звязда» віншавала сваіх чытачоў з Новым годам


Надыходзячы год мы ўсёй рэдакцыяй чакаем з усхваляванасцю і трапятаннем. Не жартачкі: найстарэйшаму выданню Беларусі, нашай газеце спаўняецца 100 гадоў! Для нас гэта робіць знакавым увесь будучы год. Напярэдадні яго наступлення мы вырашылі ўспомніць, як змянялася наша выданне, актуальныя тэмы і самі людзі на працягу ўсяго гэтага немалога тэрміну.


Га­зе­та «Звяз­да», 1 сту­дзе­ня 1947 го­да.

У даваенны перыяд тэма Новага года ў газеце амаль не закраналася. Было не да таго — вырашаліся найважнейшыя партыйныя задачы. Замест казачнага свята на першы план выходзіць тое, што год, які пачынаецца, азнаменаваны, напрыклад, 10- ці 20-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У першым нумары газеты за 1928 год асноўная тэма — 10 год з даты заснавання БССР. У артыкуле «Менск — у дні свята» апавядаецца хто прыехаў павіншаваць дзяржаву з юбілеем, а пра іншую ўрачыстасць, без якой цяжка ўявіць сучаснае жыццё, — ні слова.

У апошніх нумарах 1936 года пра Новы год як пра свята таксама няма згадак. Максімум, што можна прымеркаваць да падзеі, — гэта матэрыялы пра тое, як умоўны завод рыхтуецца да 1937 года або што выкананы гадавы план па вытворчасці сталі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны сітуацыя пачынае паступова змяняцца. Цікава, што ў савецкія часы навагоднія нумары выходзілі пасля самога свята, а ў канцы снежня ўрачыстасці ўвага амаль не ўдзялялася.

Адкрываем газету за 1 студзеня 1947 года. На першай старонцы — партрэт Правадыра народаў пад лаканічным віншаваннем: З Новым годам, дарагія таварышы! Побач змешчаны тэкст аб выдатных дасягненнях мінулага года і не менш амбіцыйных чаканнях ад года, які надышоў. Аўтар усхваляе савецкіх рабочых і сялян, не без гонару згадвае пра поспехі СССР на міжнароднай арэне: «Савецкі Саюз верна і непахісна стаіць на варце міру і міжнароднай бяспекі, на варце дэмакратыі і прагрэсу».

У газеце была надрукавана анкета «Звязды» з пытаннем: «Якім асабістым вынікам вы адзначылі 1946 год і чым збіраецеся парадаваць савецкую краіну ў 1947 годзе?»

Дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода расказаў пра тое, што «на былым пустыры ўзвышаюцца новыя цэхі. Але гэта толькі першыя крокі. Трэба будзе выканаць грандыёзную праграму па будаўніцтве, мантажы абсталявання і асваенні асноўных вытворчых цэхаў, каб ужо у 1948 годзе прыступіць да выпуску беларускіх аўтамабіляў». Л. Рахленка, народны артыст БССР у надыходзячым годзе «з сардэчным хваляваннем» плануе працаваць над вобразам Сталіна ў п'есе «Канстанцін Заслонаў». Сярод дасягненняў 1946 года называецца будаўніцтва ў сталіцы 12 тысяч квадратных метраў жылой плошчы, у планах — узвядзенне вялізнага на той момант 107-кватэрнага дома, аднаўленне галоўнага корпуса Акадэміі навук і пабудова політэхнічнага інстытута.

Для дзяцей на зімовыя канікулы арганізвана насычаная праграма: ёлкі, спектаклі, піянерскія вогнішчы, сустрэчы з Героямі Савецкага Саюза, літаратурныя вечары. Для фізкультурнікаў на стадыёне таварыства «Харчавік» адкрыўся каток, на якім устаноўлена «па-мастацку ўпрыгожаная ёлка».

На кантрасце са святочным настроем савецкіх грамадзян падаюцца жахлівыя сусветныя навіны: катаванні ў грэчаскіх турмах, забарона дэманстрацыі ў ЗША фільма пра фашысцкія зверствы.

У рубрыцы «Куды сёння пайсці» жыхарам сталіцы на выбар прапаноўваюцца спектаклі «Сабака на сене» і «Зароблены хлеб», а таксама кінастужкі «Суд народаў» і «Як гартавалася сталь».

Праз дзесяцігоддзе, у 1957-м, замест партрэта кіраўніка дзяржавы на першай паласе газеты красуецца выява шчаслівай сям'і пад крамлёўскімі курантамі. Побач — навагодняя прамова старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР тав. К.Я. Варашылава. Асноўны матыў застаецца ранейшым: «Мінулы год быў незабыўны, знамянальны, таму што адбыўся гістарычны XX з'езд КПСС, які ўзброіў партыю, народ, краіну яснай праграмай далейшай барацьбы за пабудову камунізму».

Натхняльны тэкст падмацаваны вершаванымі радкамі:

Новы год —

хлапчына яснавокі,

Нашых слаўных будняў

радавы —

На працоўны пост,

на пост высокі

Выйшаў,

закасаўшы рукавы.

Па плячы яму

любыя справы —

Сіла маладая ў плячах.

І святло кастрычніцкае

славы

(Сорак год

спаўняецца дзяржаве!)

У юнацкіх свеціцца вачах.

Сваё віншаванне з ЗША даслаў савецкі дэлегат, які заўважыў, што «Раўнадушных і абыякавых няма — на нас (краіну) глядзяць з захапленнем, з нянавісцю і ... з зайздрасцю. Квітней жа і красуйся, родная зямля!»

Як і цяпер, адным з галоўных паказчыкаў узроўню жыцця з'яўлялася ўзвядзенне новых збудаванняў. «На працягу 1956 года ўступілі ў строй тэлевізійны цэнтр, Тэатр юнага гледача, Палацы культуры прафсаюзаў і будаўнікоў, многія клубы, бібліятэкі, магазіны, установы аховы здароўя...» Складана было не спакусіцца і не выправіцца на шпацыр па такім прыгожым горадзе. Менавіта таму побач размясцілася афіша. Для юных гледачоў — спектакль «Не ўсё кату Масленіца», фільм «Прыгоды Арцёмкі» і мультыплікацыйная стужка «Дванаццаць месяцаў». Для дарослых — у Акадэмічным тэатры Янкі Купалы ранішні спектакль «На крутым павароце» і вячэрні — «Позняе каханне». Выбар кінафільмаў даволі шырокі: амаль дзясятак. Для больш актыўных у Беларускім дзяржаўным ордэна Леніна тэатры оперы і балету зладжаны маладзёжны канцэрт-баль.

У наступным нумары — хроніка апошніх падзей, напрыклад, сустрэча Новага года ў Крамлі. У артыкуле пералічваецца чарговасць, з якой дзяржаўныя дзеячы прамаўлялі тосты, а таксама ў абавязковым парадку дадаецца, што пасля кожнага з іх ішлі «бурныя апладысменты».

Га­зе­та «Звяз­да», 1 сту­дзе­ня 1967 го­да.

У 1967 годзе тэматыка першай старонкі з навагодняй зноў вяртаецца да выключна камуністычнай. Рабочы, які ўвасабляе год, які настаў, нясе транспарант, што абвяшчае аб 50-годдзі Кастрычніка.

Не ў малюнках — дык у вершах: на першай старонцы размешчаны рыфмаваныя радкі Мікалая Гамолкі «Шчасця народам»:

Сабраліся мы

за святочным сталом,

Віном ён застаўлен

і мёдам.

Хай шчасце ідзе

ў наш радасны дом, —

Таварышы,

з Новым вас годам!

З'яўляецца цікавая рубрыка, якая чымсьці нагадвае нашу ідэю: пераклічка гадоў. Успамінаецца, што знамянальнага адбылося ў тым ці іншым годзе. У газеце друкуюцца аўтарскія карыкатуры, у асноўным — на заходніх ворагаў або бязладных працаўнікоў, а таксама з'едлівыя памфлеты.

Аказваецца, што ў 1967 годзе Дзед Мароз падчас навагодніх ёлак паднёс 90 тысяч падарункаў маленькім беларусам. Цяпер гэтая лічба была б у разы большая.

Навагодні нумар 1977 года аказаўся самым «несвяточным»: справаздача аб праведзенай рабоце, сухія планы і нават ніякіх цёплых слоў, вершаў ці малюнкаў. Не дзіўна, што гэты перыяд называюць «застоем».

Га­зе­та «Звяз­да», 1 сту­дзе­ня 1980 го­да.

Змест газеты ў навагоднім выпуску 1987 года істотна трансфармуецца. Замест безагаворачных поспехаў — развагі аб мінулых памылках і будучых зменах. Аднак настрой застаецца аптымістычным. Характэрна, што кожны з'езд ЦК КПСС у газеце названы як гістарычны і адзін з найважнейшых.

На першай старонцы — пытанні да ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі аб тым, як ён сустракаў 1917 год. І прадказальны адказ — ніяк, было не да таго. Наогул выданне набывае значна больш «чалавечы» характар — на першы план выходзяць асабістыя гісторыі людзей. Напрыклад, як гэта — сустракаць Новы год у поездзе? Ці якія стравы ўпрыгожваюць святочны стол беларусаў? Раскрыю сакрэт — смятанны торт і пірог з яблыкамі. На асобнай старонцы «З меха Дзеда Мароза» змешчаны казкі, жарты, карысныя парады, вясёлыя малюнкі.

Пераносімся ў 1997 год. З аднаго боку — і ў перад- і ў постнавагодніх нумарах з'явіліся афіцыйныя пастановы, з другога — асабістыя віншаванні ад чытачоў сваім блізкім. Відаць, што выданне знаходзіцца ў пераходным стане: ад савецкай падачы да пошуку новай формы.

Да 2007 года газета цалкам мяняецца: друк у колеры, вялікая колькасць яркіх фотаздымкаў і цікавых ілюстрацый. Галоўны фотаздымак — з парада Дзедаў Марозаў, які ўжо паспеў стаць традыцыйным. На другой старонцы маляўнічая аб'ява — салют у сталіцы ўпершыню адбудзецца каля нядаўна збудаванай Нацыянальнай бібліятэкі.

І вось перад вамі нумар у гонар Новага 2017 года, які хтосьці са здзіўленнем ці настальгіяй таксама прачытае праз дзесяцігоддзі. Гады мяняюцца, а газета «Звязда» застаецца побач з вамі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: З 1917 у 2017: як газета «Звязда» віншавала сваіх чытачоў з Новым годам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.