Напярэдадні Года Пеўня карэнны рыжанін расказаў «Звяздзе» пра сімвал свайго горада — Залатога пеўніка, а таксама звязаныя з ім легенды і гісторыі.
Пазалочаныя агнём
Пеўнікі рыжскіх шпіляў сустракаюць усіх, хто набліжаецца да Старога горада, упрыгожваюць яны і тры галоўныя шпілі латвійскай сталіцы, пазіраючы адтуль на Рыгу і на ўсё, што ў ёй адбываецца.
Дакладна вядома, што першы пеўнік у Рызе з'явіўся на шпілі царквы Пятра яшчэ ў 1491 годзе. Лёс яго быў няпростым. За больш як пяцьсот гадоў птушку мянялі сем разоў. Першы прастаяў 85 гадоў, не вытрымаўшы буры 1576 года, якая пагнула яго. Другі ахоўваў горад менш за год. Трэці пачаў сваю службу ў 1578 годзе і гэтак жа, як і першы, дажыў да сур'ёзнага ўзросту ў 73 гады. Вядома, што чацвёрты пеўнік мог ужо пахваліцца залатымі бакамі. Трагічны лёс быў у пятага . У 1666 годзе ён упаў разам з вежай, якая, як высветлілася, была пабудавана без падмурка.
Шосты пеўнік гарэў двойчы. У 1721 годзе ў вежу трапіла маланка і царква загарэлася. Кажуць, што Пётр І, які знаходзіўся ў той час у Рызе, асабіста ці то тушыў пажар, ці то кіраваў яго тушэннем. Пасля аднаўлення вежы пеўнік вярнуўся на месца, але другі раз пацярпеў ад пажару 29 чэрвеня 1941 года. Цяпер гэты пеўнік знаходзіцца ў царкве, а шпіль упрыгожвае яго копія — сёмы па ліку флюгер. Усталяваны ён у 1970 годзе. Сёмы пятроўскі пеўнік вельмі вялікі: даўжыня 210 см, вышыня 153 см пры баявой вазе 158 кг.
На шпілі Домскага сабора пеўнік з'явіўся пасля пабудовы новай пірамідальнай вежы ў 1595 годзе. Папярэдняя згарэла ў 1547-м падчас святкавання Тройцы. Гэты пеўнік быў заменены на копію ў 1985 годзе. Арыгінал знаходзіцца ў крыжовай галерэі Домскага сабора. Падчас апошніх рэстаўрацыйных работ Домскі пеўнік быў таксама адноўлены і зноў заняў сваё месца на шпілі 29 верасня 2015 года. Важыць гэтая пазалочаная птушка 86 кг. На флюгер нанесены надпіс: «Я — копія свайго папярэдніка, Домскага пеўня, які нарадзіўся ў 1595 годзе, быў упрыгожаны ў 1666 годзе і пазалочаны агнём у 1777 годзе».
Пра пеўніка Домскага сабора казалі, што ў сярэднія вякі з аднаго боку ён быў залаты, з другога — чорны. Калі вецер дзьмуў з мора, па Даўгаве ў Рыгу маглі зайсці караблі, гандаль ажываў і пеўнік паварочваўся да горада сваім залатым бокам. Калі вецер дзьмуў у бок мора, караблі падысці да горада не маглі, жыццё замірала, а пеўнік паварочваўся чорным бокам. Гэта легенда, але, калі ўважліва паглядзець на пеўніка, які захаваўся, то відаць, што пазалочаныя былі абодва бакі. Пры гэтым адзін бок сапраўды больш чорны. Тлумачэнне простае — салёны марскі вецер адпаведны бок закрануў больш. Так што ў кожнай легендзе ёсць свая доля праўды.
Царква Екаба атрымала сваю вежу разам з першым пеўнікам у 1596 годзе. Падчас дзевяцімесячнай аблогі і штодзённых артабстрэлаў з боку рускай арміі ў 1710-м пеўніка прыйшлося мяняць, адбылося гэта, праўда, толькі праз 26 гадоў. У 80-я гады ХХ стагоддзя пасля моцнай буры пеўнік царквы Екаба зноў пацярпеў, так што цяпер на шпілі знаходзіцца трэці флюгер.
На шпілі царквы Іаана сядзіць самы малады з царкоўных пеўняў Старога горада. Упершыню ён з'яўляецца ў 1680 годзе і ўвенчвае невялікую мініяцюрную копію вежы царквы Пятра. Будаваў абедзве вежы адзін майстар — Руперт Біндэшу. Гэты певень аглядаў горад зверху 84 гады — да 20 мая 1764-га, калі яго замянілі на новага. І вось гэтая птушка здзейсніла невялікае падарожжа. 18 лістапада 1848 года моцная бура расхістала вежу. Новую, але ўжо гатычную, у 1849 годзе пабудаваў галоўны архітэктар горада Ёган Даніэль Фельско. Вежу вянчае крыж, а пеўніка змясцілі на паўночна-заходні франтон царквы.
Чаму — пеўні?
Ёсць меркаванне, што гэты сімвал звязаны з лютэранствам. Але лютэранства адлічвае сваю гісторыю з 1517 года, а першы пеўнік упрыгожваў Рыгу ўжо ў 1491 годзе.
Яшчэ кажуць, што гэта знак пільнасці, і спасылаюцца на Евангелле. Ён (Хрыстос) сказаў Пятру: «Праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад мяне». (Мк.14,30.) Але, як мне здаецца, такое меркаванне пра рыжскія флюгеры не справядлівае ў адносінах да Пятра, які з'явіўся краевугольным каменем хрысціянскай Царквы.
Тады ўжо больш лагічным можа быць варыянт, звязаны з тым, што рэлігійныя людзі баяцца нячыстай сілы, а яна, у сваю чаргу, баіцца сонечнага святла. І чым вышэй падняць пеўніка, тым хутчэй ён убачыць сонца і тым больш вялікую тэрыторыю будзе ахоўваць.
Існуе і фальклорная версія. Настаяцель адной з рыжскіх цэркваў захацеў кураціны і сказаў пастве, каб прыносілі курыц. Прыйшла першая гаспадыня і залямантавала, што курачкі нясуць яйкі, а вось у яе ёсць два пеўні, якія ўвесь час паміж сабой б'юцца. Ці можна аднаго з іх? Святар пагадзіўся: можна і пеўня замест курыцы. Калі прыйшла трэцяя гаспадыня з такім жа пытаннем, настаяцель усталяваў на вежы царквы выяву пеўня, каб усе бачылі, што можна прыносіць яму не толькі курыц.
Але самым праўдападобным мне здаецца наступны варыянт. Справа ў тым, што ў 1485 годзе ў горадзе Нюрнбергу была выдадзена кніга «Sресulum nаturаlе» — «Люстэрка прыроды». Гэта энцыклапедыя ведаў аб прыродзе, аб тым, як яе ўяўлялі людзі 500 гадоў таму. Дык вось, там гаворыцца, што пеўні ўсталёўваюцца на шпілі цэркваў як флюгеры, каб яны разварочваліся насустрач ветру і сваім спевам адганялі дэманаў буры. Можа быць таму ў Рызе так мала бур?
Пры гэтым пеўні ёсць і ў суседняй Эстоніі, і ў Германіі. Шмат пеўняў у Францыі, асабліва ў Нармандыі. У Англіі таксама нямала пеўняў-флюгераў. Адну з вежаў сабора Мацвея ў Будапешце ўпрыгожвае певень. І нават званіцу абацтва Успення ў Ерусаліме ўвенчвае пеўнік.
Але вернемся ў Рыгу. Ёсць на Домскай плошчы месца, з якога дасведчаны чалавек можа ўбачыць адразу сем пеўняў. Тры відавочныя — на шпілях цэркваў Пятра, Екаба і Домскага сабора. Чацвёрты з 2003 года ўпрыгожвае невялікую вежку гасцініцы «Гутэнберг». Яшчэ адзін певень прымасціўся побач з фігурай Меркурыя на фасадзе былой біржы, а цяпер Музея замежнага мастацтва. На будынку біржы размешчаны тры фігуры Меркурыя. Яшчэ ў Старым горадзе ёсць падарунак горада Брэмена — аднайменныя музыканты. Вядома, і сярод іх ёсць пеўнік.
У сувязі з тым, што певень сёлета шануецца і як знак кітайскага гараскопа, адпаведна ён звязаны з навагоднімі святамі, неабходна згадаць пра пеўнічка, які ўпрыгожвае «лічбавую» ёлку, якая знаходзіцца побач з Ратушнай плошчай. У Рызе навагодняя ёлка згадваецца ў 1510 годзе. Гэта першая згадка пра ўбраную ёлку ў свеце, і штогод пад Новы год тут праводзіцца фестываль ёлак, а «лічбавая» або дыгітальная ёлка побач з Ратушай упрыгожвае Рыгу цэлы год.
Ёсць такі выраз «трымаць нос па ветры», але я хачу пажадаць у надыходзячым годзе паводзіць сябе так, як гэта робяць пеўнікі Рыгі — разварочвацца насустрач ветру, гэта значыць, смела глядзець на любыя жыццёвыя сітуацыі і быць гатовым да іх вырашэння!
Сяргей Іванчанка, рыжскі гід
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.