Вы тут

У Мінску прэзентавалі серыю кніг «Жывыя сведчанні Беларусі»


Малалетнія вязні нацызму стварылі серыю кніг, дзе расказалі пра сваё апаленае вайной дзяцінства.

Каля сотні былых вязняў гета, канцэнтрацыйных лагераў і прымусовых рабочых прынялі ўдзел у форуме былых вязняў нацызму. Падчас сустрэчы, якая адбылася ў храме-помніку Усіх Святых, была прэзентавана серыя кніг «Жывыя сведчанні Беларусі».


На працягу некалькіх гадоў удзельнікі і сведкі падзей Вялікай Айчыннай вайны дзяліліся сваімі ўспамінамі, якія ў выніку выдадзены ў дзевяці кнігах. Першая — «Вайна і ўкрадзеныя гады» — утрымлівае каля 70 успамінаў, дакументаў, фотаздымкаў. Яе аўтарамі ў асноўным сталі былыя прымусовыя рабочыя ў Германіі, а сёння — жыхары Савецкага раёна сталіцы.

Эстафету падхапілі іншыя раёны Мінска. У падрыхтоўцы кніг вязням нацызму дапамагалі адміністрацыі раёнаў, раённыя арганізацыі былых малалетніх вязняў фашызму, Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, школьнікі і настаўнікі.

Своеасаблівы летапіс Вялікай Айчыннай вайны, заснаваны на ўспамінах удзельнікаў і ахвяр тых жудасных падзей, стварылі і ў 25-й мінскай гімназіі. Пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры , кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» Аліны Пахвалёнай навучэнцы ладзяць экскурсіі па мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Акрамя таго, яны адкрылі новыя факты з гісторыі лагера смерці, адшукалі біяграфіі некаторых трасцянецкіх ахвяр.

Праект «Жывыя сведчанні Беларусі» атрымаў такі розгалас у грамадстве, што некаторыя кнігі нават былі перавыдадзены і дапоўнены. Напрыклад, успаміны былых вязняў канцлагера «Асвенцым» апублікаваны ўжо тройчы. Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання былых малалетніх вязняў фашызму Аляксандра Барысава, якая мае непасрэднае дачыненне да выдання кнігі, пра Асвенцым ведае не па чутках. Аляксандра Васільеўна — вязень трох лагераў. З Асвенцыма, або Аўшвіца, як называлі самы масавы канцэнтрацыйны лагер палякі (тут было знішчана каля 1,4 мільёна чалавек), яе, знясіленую і паўсляпую, у студзені 1945-га вызвалілі салдаты Чырвонай Арміі.

— У гады Другой сусветнай вайны існавала каля 40 тысяч месцаў масавага знішчэння людзей, — расказаў дырэктар Гістарычнай майстэрні імя Леаніда Левіна, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Кузьма Козак. — Толькі на тэрыторыі Беларусі падчас акупацыі нацысты стварылі 260 такіх месцаў. З іх 140 — гета. А колькі беларусаў утрымлівалася ў канцэнтрацыйных лагерах Еўропы!

Ужо сабраны ўспаміны нашых землякоў, якім цудам удалося выжыць у такіх «фабрыках смерці», як Дахау, Бухенвальд, Равенсбрук, Майданэк, Сабібор, Заксенхаўзен. Неўзабаве і яны выйдуць у серыі «Жывыя сведчанні Беларусі», а гэта значыць, што моладзь яшчэ больш даведаецца пра выпрабаванні, якія некалькі дзесяцігоддзяў таму вытрымалі іх продкі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Жывыя сведчанні

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».