Вы тут

Эксперты пра кірункі развіцця краіны ў новым годзе


Традыцыйна навагодні зварот кіраўніка дзяржавы падсумоўвае вынікі мінулага года і, самае галоўнае, акрэслівае перспектывы на новы. «Звязда» папрасіла вядомых палітыкаў, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў выказацца з нагоды асноўных акцэнтаў, якія зрабіў у сваім навагоднім віншаванні Прэзідэнт.


Сяргей ГАЙДУКЕВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:

— Адкрытасць нашай краіны, пра якую казаў Прэзідэнт, — гэта не проста «адкрылі». Гэта значыць, мы далучаемся да ўсіх вектаральных кірункаў у інтарэсах сваёй дзяржавы, тых дзяржаў, якія хочуць выйсці з намі на больш шчыльнае палітычнае, эканамічнае супрацоўніцтва. Гэта вельмі выгадна, тым больш у сітуацыі, у якой цяпер знаходзяцца многія краіны свету.

У нас вельмі паспяховай атрымалася Мінская перагаворная пляцоўка, яна дапамагла наладзіць адносіны з многімі. Можам нават, дзе трэба, прадстаўляць інтарэсы той ці іншай краіны... Адкрытасць значыць далейшае наладжванне ўзаемадзеяння з усімі краінамі. Натуральна, не толькі з суседзямі.

Зараз стратэгічная задача ў нас адна — з краінамі, што нас акружаюць або знаходзяцца далей, выбудоўваць сапраўдную шматвектарную палітыку, добрыя адносіны. Гэта не павінна залежаць ні ад палітычных рознагалоссяў. Трэба, каб адносіны з суседзямі мелі цвёрдую, стабільную пазіцыю — незалежна ад таго, якія там могуць адбывацца ўнутраныя падзеі.

Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Наша Пастаянная камісія курыруе пытанні актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, паляпшэння ўмоў вядзення бізнесу. Ёсць некалькі сур'ёзных кірункаў для работы — дэбюракратызацыя, удасканаленне адміністрацыйных працэдур, Адміністрацыйнага і Крымінальнага кодэксаў — у прыватнасці, зніжэнне рызык вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта значыць, змяншэнне адказнасці па артыкулах, якія не ўяўляюць грамадскай небяспекі.

Важным кірункам з'яўляецца ўдасканаленне дзейнасці кантрольных і правяраючых органаў, якая часта прыводзіць не толькі да
выканання заканадаўства, але і да з'яўлення дадатковых затрат бізнесу і нават да закрыцця асобных арганізацый.

Перад краінай цяпер стаіць пытанне аб стварэнні вялікай колькасці працоўных месцаў — мінімум 50 тысяч на год. Прычым важна, каб гэтыя працоўныя месцы былі высокапрадукцыйнымі, каб там прымяняліся інфармацыйныя тэхналогіі, паколькі нам неабходна забяспечыць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі не толькі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, але і на сусветным рынку ў цэлым. Перспектыўнымі з'яўляюцца прадукцыя і паслугі, зробленыя для ўсяго свету, — напрыклад, праграмныя прадукты, мікрахімія, нана- і біятэхналогіі, што асабліва актуальна ў Год навукі. У іх вытворчасці роля малога і сярэдняга бізнесу недаацэненая.

Неабходна зніжаць усе рызыкі, якія толькі магчымыя для бізнесу, паляпшаць макраэканамічную сітуацыю — крэдыты ў беларускіх рублях павінны каштаваць ніжэй за 10%. Важна выйсці і на еўрапейскія рынкі, уступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю — каб у нашага бізнесу было большае поле для дзейнасці. Аднак трэба падкрэсліць, што і ўзровень канкурэнцыі ў такім выпадку вырасце, і нам трэба быць гатовымі да таго, каб нават на сваім рынку чакаць канкурэнтаў з іншых краін. Гэта будзе вельмі складана, трэба зараз да гэтага рыхтавацца і працаваць у тым ліку над паляпшэннем заканадаўства.

Уладзімір Дворнік, старшыня Гомельскага аблвыканкама:

— У сваім навагоднім звароце да беларускага народа Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мы ствараем новыя вытворчасці, будуем дарогі, электрастанцыі, важныя сацыяльныя аб'екты і жылыя дамы. Добраўпарадкоўваем гарады і вёскі. З кожным годам Беларусь набывае ўсё больш сучаснае еўрапейскае аблічча». Што тычыцца Гомельшчыны, паляпшэнню дабрабыту яе жыхароў спрыяе маштабная мадэрнізацыя прамысловых гігантаў, стварэнне ў вобласці амаль 700 новых прадпрыемстваў і больш шасці тысяч працоўных месцаў. Па версіі рэспубліканскай канфедэрацыі прафсаюзаў, Гомельская вобласць трэці раз прызнана лепшай для вядзення бізнесу. У 2016 годзе мы адкрылі трасу М-5 і пусцілі электрацягнікі бізнес-класа. У Брагінскім раёне пачаў працаваць самы буйны ў Беларусі парк сонечных батарэй. Трагедыя на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 30 гадоў таму, нас не зламала. Мы даказалі ўсяму свету, што сумеснымі намаганнямі можна пераадолець наступствы нават самай страшнай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— У сучасным беларускім грамадстве ўсё большая ўвага надаецца арганізацыі навуковых даследаванняў. Менавіта ад узроўню развіцця навукі ў многім залежыць дзяржаўная бяспека краіны, а таксама сацыяльна-эканамічны і духоўна-культурны стан жыцця народа. У навагоднім віншаванні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падкрэслена, што Год навукі ў нашай краіне павінен прайсці пад знакам абнаўлення ва ўсіх абласцях жыццядзейнасці грамадства.

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі штогод шмат робіцца дзеля навуковага забеспячэння развіцця ўсіх сфер. Асабліва вялікія
планы звязаны з аб'яўленнем 2017-га Годам навукі. Напрыклад, у Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў НАН запланавана правядзенне больш як 70 буйных навукова-практычных мерапрыемстваў і ажыццяўленне выдавецкіх праектаў. У 2017 годзе краіна будзе шырока святкаваць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, таму наперадзе — насычаны і напружаны перыяд супольнай працы навукоўцаў, работнікаў сферы адукацыі, культуры і інфармацыі. Шэраг навукова-асветніцкіх мерапрыемстваў будзе праведзены і ў рэгіёнах нашай краіны.

Уся дзейнасць гуманітарнай навукі накіравана на ўмацаванне міжнацыянальнага і міжканфесійнага адзінства, што дапаможа стваральнай працы на карысць беларускага народа.

Канстанцін ШАЛЬКЕВІЧ, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў:

— Кругласутачная работа супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якая патрабуе найвялікшай вытрымкі і смеласці, — залог грамадскай стабільнасці і ўстойлівага развіцця дзяржавы.

Увогуле апошнім часам шмат зроблена па супрацьдзеянні незаконнай міграцыі, нелегальнаму абароту спіртных напояў, распаўсюджванню наркотыкаў. Намаганні міліцыі таксама накіраваны на забеспячэнне дарожнай бяспекі, ахову грамадскага правапарадку ў месцах масавага знаходжання грамадзян, абарону адзінокіх старых і прафілактыку падлеткавай злачыннасці. У фокусе нашай увагі гэтыя пытанні застануцца і ў 2017 годзе.

Назапашана шмат канструктыўных ідэй і прапаноў па далейшай аптымізацыі заканадаўства ў нашай сферы. Напрыклад, плануецца распрацаваць комплексны закон аб прафілактыцы гвалту ў сям'і. Ужо падрыхтаваны праект закона аб ахове грамадскага парадку і забеспячэнні бяспекі на спартыўных мерапрыемствах. Яго галоўная сутнасць — забарона на наведванне матчаў і спаборніцтваў для фанатаў-хуліганаў.

Застаючыся на вастрыі нацыянальнай бяспекі, мы і надалей будзем рабіць сваю работу больш эфектыўнай, карыснай і значнай як для ўсёй краіны, так і для кожнага яе грамадзяніна.

Святлана КОВАЛЬ, кансультант аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны:

— За апошнія два гады ў краіне адзначаецца абсалютны прырост насельніцтва. Колькасць насельніцтва на 1 кастрычніка 2016 года склала 9 мільёнаў 505 тысяч чалавек (плюс 6,8 тысячы чалавек у параўнанні з пачаткам года). Значна павялічыўся ўзровень нараджальнасці. У бягучай пяцігодцы нарадзілася больш за 580 тысяч дзяцей, з іх каля 57 працэнтаў — другія і наступныя. Шматдзетных сем'яў у краіне ўжо налічваецца больш за 86 тысяч, па звестках перапісу 2009 года іх было 62,5 тысячы.

Меры сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем'яў накіраваны на ўсе катэгорыі сем'яў, у якіх чакаецца нараджэнне дзіцяці альбо ўжо выхоўваюцца непаўналетнія. Сёння сем'ям з дзецьмі ў Беларусі прызначаюцца 11 відаў дапамогі. Самая значная з іх — дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. У 2015 годзе расходы на выплату дапамогі склалі 2% ВУП (у 2014 годзе — 1,7%). Усе гэтыя выдаткі апраўданыя, бо дазволілі дасягнуць галоўнай мэты — павялічыць нараджальнасць. Выплатамі ахоплена амаль 552 тысячы дзяцей.

Шматдзетныя сем'і — гэта асаблівая катэгорыя, якой дзяржава прадастаўляе дадатковыя меры падтрымкі ў розных сферах жыццядзейнасці: пры карыстанні дзіцячымі дашкольнымі і іншымі агульнаадукацыйнымі ўстановамі, у сферы жыллёва-крэдытнай палітыкі, працоўнага, падатковага, пенсійнага заканадаўства, пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг.

Сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў узмоцнена ўвядзеннем з 2015 года новага элемента — сямейнага капіталу. Праграма разлічана на 5 гадоў — з 1 студзеня 2015-га па 31 снежня 2019-га. Па стане на 1 снежня 2016 года адкрыта 28 824 дэпазітныя рахункі на суму звыш 288 мільёнаў долараў ЗША.

Загаловак у газеце: Адкрытасць і нацэленасць на поспех

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.