Вы тут

Як перажыць халады?


На Беларусь прыйшлі арктычныя маразы. На паўночным захадзе краіны ртутны слупок можа апускацца ўначы нават да мінус 32 градусаў. Удзень жа паветра прагрэецца не больш чым да 10 градусаў ніжэй за нуль. У такія халады доўга без печкі ў прыватным доме не абысціся. Ды і жыхары шматпавярховак пачынаюць масава карыстацца электрычнымі абагравальнікамі. А вось тут дыстанцыя да магчымага пажару рэзка скарачаецца.


Як жа перажыць анамальнае надвор'е? Пра гэта карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з афіцыйным прадстаўніком Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Крысцінай БАРЭЙКА.

Смертаноснае гаручае

Фота: ndn.info

"Класічных" прычын пажараў менавіта ў моцныя халады ў прыватных дамах некалькі. Жаданне тапіць печку як мага даўжэй без перапынкаў, калі "за бортам" мінус 20, немінуча прывядзе да яе перапальвання і ўзнікнення шчылін у корпусе, праз якія агонь вырвецца ў хату. Таксама ратаўнікі раяць прыбіць каля топкі печкі металічны ліст памерам сама меней 50х70 см. Калі на яго незнарок выпадзе вугольчык, то бяды атрымаецца пазбегнуць. Як бы моцна не халадала за акном - за дзве гадзіны да сну топку печы трэба абавязкова спыняць, інакш можна атруціцца чадным газам. Таксама нельга даручаць дзецям кантроль за агнём і пакідаць печку, якая паліцца, без нагляду. І забудзьце пры распальванні печкі пра лёгкаўзгаральныя вадкасці кшталту бензіну. Пляснуў чалавек крыху вадкага паліва ў агонь, каб ён лепш разгараўся - і імгненна ператварыўся ў жывы факел.

- 2 студзеня позна ўвечары ў РАНС Маладзечанскага раёна раздаўся тэлефонны званок. На другім канцы дроту быў дзяжурны па РУУС, - гаворыць Крысціна Барэйка. - Ён паведаміў, што ў вёсцы Новай загарэўся жылы дом. Калі ратаўнікі прыехалі на месца падзей, высветлілася, што моцныя апёкі атрымаў гаспадар - на ім загарэлася вопратка, пацярпелі ад агню і шафа з дываном. Якраз побач з домам па вуліцы праходзілі мужчына і жанчына. Яны заўважылі водбліскі полымя ў вокнах, увайшлі ў хату і з дапамогай вядра вады патушылі агонь яшчэ да прыезду ратаўнікоў. Але вось падручнымі сродкамі прыйсці на дапамогу гаспадару дома аказалася немагчыма. Яго экстранна шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Папярэдні дыягназ - стопрацэнтны тэрмічны апёк скуры 3-й і 4-й ступеняў. Апёкі атрымалі і дыхальныя шляхі. Прапакутаваўшы крыху больш за суткі, 4 студзеня 65-гадовы мужчына памёр.

Прычына пажару пакуль высвятляецца. Але найбольш верагодная версія - неасцярожнае абыходжанне з лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі падчас распальвання печы.

А што рабіць, калі сістэма ацяплення замёрзла? Вызначыць, што ў трубах утварылася ільдзяная "пробка", вельмі проста - пры адкрытых запорных механізмах цыркуляцыя вады не ідзе, а ціск на манометры пачынае перавышаць дапушчальныя паказчыкі для катла. Адагрэць яе можна пры дапамозе гарачага пяску, вады ці спецыяльна прыназначанага для гэтага прыбора. Браць на ўзбраенне сюжэты старых кінастужак, калі трубы адагравалі адкрытым агнём паяльнай лямпы, катэгарычна забаронена - гэта можа прывесці да пажару. Асаблівую ўвагу надайце гарышчам - менавіта там расшыральныя бакі замярзаюць часцей за ўсё, асабліва калі яны не ўцеплены або калі па памяшканні гуляюць скразнякі.

Як правільна карыстацца абагравальнікам?

Фота: novate.ru

Апоўначы 18 кастрычніка ратаўнікі выехалі на выклік у вёску Гарадзішча Чэрвеньскага раёна. Ім паведамілі, што гарыць прыватны дом. Прыехаўшы, яны ўбачылі жудасную карціну - перакрыцці і дах часткова абваліліся, а сам дом і пуня палаюць адкрытым агнём. Пасля таго, як полымя было ўціхамірана, на падлозе аднаго з пакояў быў знойдзены і гаспадар дома. На жаль, дапамагчы 51-гадоваму мужчыне было ўжо немагчыма. Мяркуецца, што пажар узнік з-за таго, што загарэўся працуючы абагравальнік.

- Бяспечна абыходзіцца з электрычным награвальным прыборам проста, - сцвярджае Крысціна Барэйка. - Альфай і амегай павінна быць інструкцыя да яго. Абагравальнікі нельга пакідаць на праходах і выкарыстоўваць як прыладу для сушкі адзення і абутку. Яшчэ адна памылка - уключаць у адну разетку больш за адзін абагравальнік. Прыбор гэты вельмі магутны, і таму верагоднасць кароткага замыкання ўзрастае шматкроць. Асабліва гэта датычыцца дамоў са старой праводкай, якая элементарна не разлічана на такія нагрузкі. Калі ў доме, дзе працуе абагравальнік, жывуць дзеці ці старыя, то лепш набыць прыбор закрытага тыпу. А калі апарат адпрацаваў належны па інструкцыі тэрмін (звычайна гэта каля 10 год), то яго лепш замяніць.

А ўпрыгажэнні пакіньце дома

Фота: karpovka.com

Толькі за мінулыя суткі ў Мінскай вобласці сем чалавек атрымалі дыягназ "абмаражэнне". Тры з іх шпіталізаваны ў цяжкім стане. У Лагойскую цэнтральную раённую бальніцу ўвогуле паступіў пацыент з абмаражэннем абодвух рук трэцяй ступені.

Цесная і вільготная вопратка і абутак, фізічнае стамленне, голад, вымушанае доўгае нязручнае становішча, хранічныя захворванні - спадарожнікаў абмаражэння можна пералічваць шмат. Сярод узроставых груп у зоне рызыцы - дзеці і пажылыя. Гэта і трэба ўлічваць пры планаванні прагулак - не сядзець жа ўсе маразы дома. Таму пажадана прыхапіць з сабой на вуліцу запасную пару пальчатак і тэрмас з гарачай гарбатай. Яна дапаможа аднавіць сілы. Дзецям пажадана кожныя 15-20 хвілін вяртацца з марозу ў цёплае памяшканне.

- Па статыстыцы, часцей за ўсё халадавыя траўмы атрымліваюць нецвярозыя людзі, бо ўжыты алкаголь стварае падманлівае адчуванне камфорту, прычым насамрэч цяпло губляецца арганізмам вельмі хутка, - кажа Крысціна Барэйка. - Таксама не варта курыць на моцным марозе: тытунь змяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, з-за чаго канечнасці стаовяцца больш уразлівымі. А вось палепшыць яе можа вольная вопратка.

Варта апрануцца як "капуста" - паміж слаямі вопраткі ёсць праслойка паветра, якая будзе стрымліваць цяпло. Тым, у каго часта пацеюць ногі, трэба пакласці ў боты цёплыя сцелькі, а шкарпэткі з бавоўны замяніць на шарсцяныя - яны цудоўна ўсмоктваюць вільгаць.

 Кольцы, завушніцы, бранзалеты і іншыя металічныя прадметы на час маразоў пажадана зняць. Яны астываюць  значна хутчэй за скуру і таму могуць "прыліпнуць" да цела, выклікаўшы халадавую траўму. Да таго ж кольцы пагаршаюць цыркуляцыю крыві.

Калі вы адчулі, што ў вас замярзаюць канечнасці, трэба тут жа зайсці ў бліжэйшае цёплае месца - краму ці пад'езд. Верагоднасць абмаражэння на ветры значна вышэйшая. Ад паездак на аўтамабілі ў такую халадэчу лепш адмовіцца. Але ж калі заглухлі ў незнаёмай мясцовасці, то адразу ж выклікайце на дапамогу экстранныя службы. І чакайце іх у машыне.

Першая дапамога пры абмаражэнні няхітрая. Трэба як мага хутчэй даставіць пацярпелага ў цёплае памяшканне, зняць прамерзлую вопратку. Даць яму гарачую гарбату. І тут жа выклікаць хуткую дапамогу - кожная хвіліна прамаруджвання можа каштаваць вельмі і вельмі дорага...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.