Вы тут

Над чым вучоныя працуюць у Год навукі?


“Беларускія навукоўцы не пакутуюць ад дэфіцыту ідэй. І ў нас сёння няма вынікаў, якія пыляцца на паліцах. Усе нашы навуковыя распрацоўкі ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца”, —​ заявіў падчас афіцыйнай прэзентацыі Года навукі ў Беларусі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ.


Уладзімір ГУСАКОЎ

Ён падкрэсліў, што рашэнне кіраўніка дзяржавы абвясціць 2017 год Годам навукі ўскладае на ўсю навуковую супольнасць краіны вялікую адказнасць.

— Галоўным крытэрыем эфектыўнасці навукі з’яўляецца яе ўплыў на рост эканомікі. Сёння беларуская навука максімальна інтэграваная ў эканоміку: 85% інвестыцый накіроўваюцца на даследаванні прыкладнога характару, — паведаміў Уладзімір Гусакоў. — За апошнюю пяцігодку навукоўцы выканалі больш як 7,5 тысяч дагавораў з рознымі заказчыкамі на стварэнне навукова-тэхнічнай прадукцыі на агульную суму звыш 609 млрд недэнамінаваных рублёў. Падрыхтавана больш за тысячу інавацыйных праектаў. Навуковая сфера пераходзіць на кластарную арганізацыю. Пачалі працаваць створаныя на базе НАН міждысцыплінарныя навукова-даследчыя цэнтры і навукова-тэхналагічныя кластары пошукавага і стратэгічнага характару. Па найбольш запатрабаваных кірунках ствараюцца скразныя навукова-вытворчыя аб'яднанні. Напярэдадні новага года быў створаны навукова-тэхналагічны парк "БелБіяград", які закліканы забяспечыць рэалізацыю поўнага цыкла — ад даследаванняў і распрацовак да вытворчасці сучаснай навукаёмістай прадукцыі.

Уладзімір Гусакоў праінфармаваў, што навукоўцы Беларусі працуюць над цэлым шэрагам важнейшых праектаў, сярод якіх распрацоўка новага беларускага спадарожніка дыстанцыйнага зандавання Зямлі, новай лінейкі суперсучасных шматфункцыянальных беспілотных лятальных комплексаў, развіццё 3D-друку, ажыццяўленне комплекснага навуковага абслугоўвання Беларускай АЭС,  распрацоўка навуковага і тэхналагічнага патэнцыялу новых відаў энергетыкі, у тым ліку сонечнай.

У 2017 годзе працягнецца праца па ўзвядзенні першай беларускай палярнай станцыі ў Антарктыдзе, работа над найноўшым суперкамп’ютарам, здольным генераваць штучны інтэлект, над агульнанацыянальнай сістэмай ідэнтыфікацыі тавараў, дактрынай харчовай бяспекі, новымі маркамі сталі для машынабудавання, унікальнымі лекавымі прэпаратамі, метадамі лячэння з дапамогай ствалавых клетак…

Акадэмік-сакратар аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Мікалай СЕРДЗЮЧЭНКА расказаў пра новую тэхналогію аднаўлення расліннымі поліфеноламі пашкоджанай алкаголем печані: “Эксперыменты паказалі, што мы можам актыўна ўплываць на развіццё паталагічнага працэсу і аднаўляць пашкоджаныя клеткі. Таксама ў Год навукі працягнуцца даследаванні ў галіне імунатэрапіі рака. Наша мэта — запуск механізмаў распазнання і знішчэння злаякасных клетак уласнай імуннай сістэмай чалавека.  Гэта міжнародны праект, які мы рэалізуем сумесна з Літвой і Украінай”.

Акрамя таго, Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі працуе над механізмам ранняй дыягностыкі рака тоўстага кішэчніка. Гэта захворванне выходзіць сёння на адну з лідзіруючых пазіцый і ў структуры анкалагічнай захваральнасці,  і ў лятальнасці ад раку. Беларускія навукоўцы таксама распрацавалі арыгінальную тэхналогію дастаўкі ствалавых клетак у галаўны і спінны мозг. Клеткі ўводзяцца не ў кроў, а пад слізістую абалонку носа. Потым яны мігрыруюць і трапляюць у мозг…

— Мы падыходзім да этапу, калі ў медыцыне будуць выкарыстоўвацца прынцыпова новыя рашэнні, — падкрэслівае Уладзімір Гусакоў, — напрыклад, лекавыя прэпараты мэтавага прызначэння, якія ўздзейнічаюць толькі на пэўныя клеткі або органы. Адбываецца пераарыентацыя хімічнага сінтэзу лекаў на біясінтэз. Нашы вучоныя-медыкі працуюць цяпер над штучнай скурай або біяскурай, якая хутка прыжываецца на месцы апёкаў. Таксама Акадэмія навук займаецца распрацоўкай новых вітамінных комплексаў для жанчын, спартсменаў, мужчын з рознымі ўмовамі працы, дзяцей, стварае прадукты харчавання для людзей з пэўнымі захворваннямі, для цяжарных жанчын.

Акадэмік-сакратар аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Аляксандр ЛАСКАЎНЁЎ расказаў пра распрацоўкі ў барацьбе з тэрарызмам: "У гэтым годзе намі будзе прапанаваная тэхналогія канструкцыі бронекамізэлькі высокага класа абароны супраць вінтовачных куль з тэрмаўмацавальнымі стрыжнямі, якая зможа супрацьстаяць вельмі магутнай зброі". Акрамя таго, у 2017 годзе будзе створаны прататып беларускага электрамабіля,  праведзены разлік канструкцыі і дызайн экстэр'ера новага электробуса, які пачне выпускаць “Белкамунмаш". Таксама ў бягучым годзе будзе створаны доследны ўзор малагабарытнай камунальнай вакуумнай машыны, так званы мабільны пыласос для гарадской гаспадаркі. Вядзецца распрацоўка ўстаноўкі для комплекснай перапрацоўкі цяжкіх нафтавых адходаў — гудрону, мазуту.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін паведаміў пра намер накіроўваць у 2017 годзе 20% сродкаў фінансавання на звышрызыкоўныя праекты. 

— Трэба шчыра прызнаць, што мы ў пэўнай ступені забюракратызавалі многія навуковыя рашэнні і навуковую адказнасць. Жорстка патрабуем вяртання сродкаў ў бюджэт, нават калі штосьці і не атрымалася. Гэта прыводзіць да таго, што навукоўцы баяцца брацца за новыя распрацоўкі. У сувязі з гэтым ДКНТ рыхтуе змяненні ў заканадаўства, і пятая частка сродкаў будзе накіроўвацца на знакавыя праекты, дзе немагчыма гарантаваць стопрацэнтны поспех. Акрамя таго, у бягучым годзе мы працягнем ствараць пляцоўкі, дзе навукоўцы маглі б камерцыялізаваць свае распрацоўкі і ствараць уласны бізнес, — паабяцаў Аляксандр Шумілін.

Ён таксама нагадаў, што перад Новым годам быў падпісаны ўказ аб стварэнні цэнтралізаванага рэспубліканскага інавацыйнага фонду: "Гэта значыць, што, акрамя бюджэту, з'яўляецца яшчэ адна крыніца фінансавання прыкладных навуковых распрацовак. Таму ў Год навукі ўсе праекты ў рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм будуць прафінансаваныя ў поўным аб'ёме. Таксама ў канцы года быў створаны Расійска-Беларускі фонд венчурных інвестыцый, у 2017-м ён выдзеліць сродкі на першыя праекты. Гэта яшчэ адна крыніца для фінансавання перспектыўных распрацовак".

Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь ПАЛЬЧЫК выказаў упэўненасць, што спалучэнне досведу з ініцыятывай моладзі дазволіць вырашыць усе пастаўленыя ў год навукі задачы:

— Атэстацыя з’яўляецца вяршыняй вялікага айсбергу падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, — адзначыў ён. —  ВАК, у сваю чаргу, арыентаваны на ліквідацыю ўсіх бар’ераў, якія перашкаджаюць падрыхтоўцы дысертацыйных работ. Мы арыентуемся на падтрымку і развіццё айчынных інавацыйных школ і прыцягненне моладзі да навуковай дзейнасці.

Усяго ў Год навукі пройдзе больш за 60 мерапрыемстваў. Будуць праведзены знакавыя міжнародныя форумы — першы сімпозіум "Навуковыя асновы беларускай дзяржаўнасці", сёмы Беларускі касмічны кангрэс, першы беларускі філасофскі кангрэс "Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце", кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання". На новым арганізацыйным узроўні пройдуць рэспубліканскія конкурсы інавацыйных праектаў, навуковых работ студэнтаў,  конкурс "100 ідэй для Беларусі". А ў канцы студзеня, калі ў краіне будзе адзначацца Дзень навукі, грамадскасці будзе прэзентаваны лагатып Года навукі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.