Вы тут

Што згубілася між радкоў?


Калі ўзяць за сярэдні лік па тры публікацыі прозы і паэзіі на нумар, атрымаем 216 імёнаў на год — і гэта толькі ў часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Нёман». Зразумела, пры такім раскладзе ўсе творы ўпомніць немагчыма. Але мы паспрабуем згадаць найлепшыя публікацыі.


Казачная «Маладосць»

Яна апраўдвае сваю назву: сярод найярчэйшых аўтараў часопіса збольшага якраз літаратурная моладзь. Але далёка не дэбютанты. Прыкладам, ужо ў другім нумары 2016 года была апублікаваная паэтычная нізка Таццяны Сівец. Як і раней, прыярытэтнай тэмай застаецца каханне, але гучанне верша робіцца ўсё больш іранічным, калі не сказаць — трагічным. Ёсць у іх нешта фатальнае, быццам гераіня ў пошуках шчасця загадзя ведае, што фінал будзе не самы вясёлы. І ўсё ж не апускае рукі. Гэта жанчына, якая ўсведамляе сваю слабасць, і тым моцная. Такі настрой застаецца ў вершах, прысвечаных паэтам.

Шкада, што ў радзільні жанчыне не кажуць: "Пані, у вас нарадзіўся паэт. Не хочаце напісаць адмову?"

"Гэта не лечаць, шаноўная пані, вы ўпэўнены, што хочаце яго ўзяць дадому?" І калі яна кажа: "Так", то глядзяць на яе спачувальна, маўляў, дурніца, не ведае, што гаворыць…

Ёсць у гэтых жартоўных радках вялізная лыжка дзёгцю, усведамленне, што паэта філістар успрымае як блазна — у лепшым выпадку.

Працягваючы тэму добрай паэзіі, згадаем вершы Аляксея Арцёмава, што былі надрукаваныя ў № 5. Класічная форма не замінае яму быць арыгінальным. Датычна спадара Аляксея можна казаць, што гэта сталы паэт, пазнавальны голас, і, сустракаючы імя Арцёмава ў часопісе, вы можаце быць упэўненыя: знойдзеце й думку, і дасканалую форму. І гэта пры тым, што паэт не мае сваёй кнігі — пакуль што. Калі казаць менавіта пра маладосцеўскую падборку, тут — маляўнічы венецыянскі пейзаж з вобразам састарэлага дожа (адбітак аўтарскага настрою), прысвячэнне Стральцову, вартае таленту самога Стральцова, інтымная лірыка (з нязменным Арцёмаўскім гумарам), і не-не ды прамільгне вечны запавет — ≪memento mori≫. Яшчэ адна адметнасць паэзіі спадара Аляксея — ненаўмысная афарыстычнасць. Усё гэта падаграе жаданне як найхутчэй пабачыць першы зборнік паэта.

Таямнічыя, казачныя, крыху трывожныя — вершы Маргарыты Латышкевіч. Вялікі фантазёр і рамантык, яна высноўвае свет дзівосаў, радок за радком:

Там, у цёмнае пушчы,

Дзе дрэвы стаяць, як слупы,

Пераплёўшы карэнне

І сукаватае вецце,

Секачы сярод моху

Вышукваюць жалуды

І трывожна ўбіраюць

Праз ноздры

Духмяністы вецер...

Падборку «Люстра сну» можна пачытаць у № 7. А ў дзясятым — такая ж казачная, духмяная (водар пушчы, зёлак і старажытнай магіі) аповесць «Вершнікі на дарозе». Улюбёнасць у эльфаў знаходзіць тут яркае адлюстраванне. Пра што б ні казала пісьменніца — пра бяду ці смутак — атрымліваецца ў яе светла, жыццесцвярджальна. А гэта не меншы талент за адчуванне стылю ці здольнасць прыдумаць цікавы сюжэт.

Падобнае ўражанне пакідаюць апавяданні Кацярыны Мядзведзевай. «Жыў-быў ты...» і «Чацвёрты, самы чароўны» (№ 5), «Лекі ад кахання» і «Мой дзядзька Лунеш» (№ 9) — усе яны, па вялікім рахунку, пра штодзённую магію. Аповеды спадарыні Кацярыны казачныя, у іх заўжды прысутнічае элемент фантастыкі, але інтуіцыя падказвае, што гэта толькі фармальнасць: такія прыгоды могуць надарыцца і з вамі. Бо галоўнае не існаванне чараўнікоў ці вівераў у рэальным жыцці, а паэтычнае светаадчуванне.

Без фантастыкі зазвычай абыходзіцца дэбютант гэтага года (калі казаць пра часопісныя публікацыі) Юльяна Пятрэнка. Па тых нешматлікіх публікацыях, што мы бачылі летась, ужо можна заўважыць дар апавядальніка, у якім — здольнасць вылучаць значныя і красамоўныя дробязі, адчуваць героя і, галоўнае, небанальна распавядаць пра яго пачуцці. У «Маладосці» пра тое кажуць «Юльяніны байкі» (№ 3), дзе шэрая рэчаіснасць расквечваецца ажылымі беларускімі легендамі. У «Полымі» разгортваем № 7, дзе надрукаванае апавяданне «Чужая вясна» — гісторыя пра тое, як адна недарэчнасць паставіла пад пагрозу шчасце сям’і. У «Нёмане» — апавяданне «Спадчынніца», дзе гэтаксама раскрываецца свет жанчын, маленькіх і ўжо дарослых, сувязь пакаленняў. Гэта ўдалы, шматабяцальны дэбют. Гэтаксама прыкметным пасля часопісных публікацый стала імя Глеба Ганчарова, прытым як у паэзіі, так і ў прозе. Напачатку ён выступіў з «Апраметнымі навеламі» ў другім нумары «Маладосці». Падборка дэманічных апавяданняў між іншым зазначыла: Ганчароў — эрудаваны аўтар з пачуццём гумару, балагур кшталту Балахонава, які між жартамі задаецца сур’ёзнымі і нясмешнымі пытаннямі. У № 4 Ганчароў аказаўся яшчэ і паэтам, да таго ж, здольным вытрымаць вялікую форму: паэма «Анёл Януш» — адна з лепшых публікацый красавіцага выпуску. У гэтым складаным жанры ён працягвае працу.

«Уцёкі» Валера Гапеева — урывак з ненапісанага рамана, апублікаваны ў № 8. Спроба маленькага чалавека, які хацеў быць вялікім, разабрацца: дзе ж я збочыў не туды?.. ≪“Зайздросцяць” — ён чапляўся за такое тлумачэнне, як за выратавальную і надзейную выспу≫. Спадар Валер выявіў тут здольнасць амаль што псіхааналізу, і калі чытач ужо здагадваецца, у чым жа праблема героя, той знаходзіцца яшчэ ў наіўным няведанні. Такі ж талент казаць галоўнае між радкоў — у эсэ «Першая крытыка» (№ 7).

І яшчэ адна з найбольш значных публікацый года для «Маладосці» — аповесць Ягора Конева «Андрэй Станкевіч і Таемнае мастацтва», галоўны герой якой прыйшоў са старонак «Чорнага замка Альшанскага» Уладзіміра Караткевіча.


Кола ўспамінаў

Шмат перакладаў з беларускай мовы друкуецца ў «Нёмане». Нядзіўна, што частка з іх трапляе ў лік лепшых публікацый. Гэтым разам — аповесць Віктара Казько «На кручку» і навелы Уладзіміра Сцяпана. Першая друкавалася ў №№ 910.

Віктар Казько працягвае тэму сіроцкага дзяцінства, якое пераўтварылася ў рамантычнае юнацтва і сталасць з прысмакам расчаравання ды пустаты, бо многае з падлеткавых мараў не спраўдзілася. Мінулае вяртаецца да яго ў снах: вобраз вірлівай, непадатлівай ракі — гэта і сімвал бурнага юнацтва, гатовага выйсці з берагоў, і ўласна жыцця, поўнага цёмных віроў і нечаканых зменаў, і самога мінулага, непадуладнага чалавеку. Як той стары з яго вялікай рыбай, герой аповесці змагаецца за мару. А якая мара?.. Пабачыць свет? Стаць выбітным? Жыць напоўніцу кожнае імгненне? Пэўна, усё разам узятае. Пазбаўленыя бацькоў, адчування дома, дзеці прагнуць яркага жыцця, натхняюцца прыгодніцкімі кнігамі, і гэтая максімалістычная ўстаноўка робіць з іх марыянетак: палымяных дабраахвотнікаў высылалі на цаліну, у дзікія горы, на цяжкія працы, якія падлеткам здаваліся Эльдарада ўражанняў. Дзікая прырода і такія ж непрадказальныя людзі — усё гэта ёсць у аповесці «На кручку».

Дзіцячыя ўражанні пакладзеныя ў аснову навел Уладзіміра Сцяпана (№ 5). Але ў гэтым выпадку свет дзяцінства замкнёны, засяроджаны на сабе. Гэта дзяцінства ў Доме, з дзядамі і бабулямі, любімымі настаўнікамі, забаўкамі, і ўсё ж — адчуванне страты пануе ў навелах.

Усё гэта — мінулае, і святло дзяцінства як бы апаясанае колам смерці. Сыходзяць старыя, і з імі — часткі свету, што здаваўся непарушным. Абвостранае адчуванне жыцця робіцца яшчэ больш выразным дзякуючы стылю Сцяпана — лаканічнаму й абрывістаму, быццам азбука Морзэ. Тры кропкі — тры працяжнікі — тры кропкі. Ціхі, неўміручы сігнал сос па сыходзячай светлыні маленства, па нашых нябожчыках.

Што да арыгінальных рускамоўных тэкстаў, вылучым апавяданне «Час нелюбові» Уладзіміра Хількевіча, што друкаваўся ў № 9 (вельмі небанальнае пераасэнсаванне вайны, зламанай чалавечай псіхалогіі і скалечанай сям’і), ды аповеды Ірыны Шатыронак з № 11. Яе проза ўдала дапаўняе тэму дзяцінства, якая аказалася для «Нёмана» ў мінулым годзе надзвычай папулярнай і самай плённай. Калі для Казько дзяцінства — час змагання за асобу, для Сцяпана — час святла, якое той імкнецца захаваць нязгасным мага даўжэй, то для Шатыронак дзяцінства — час яркіх уражанняў, якія, відаць, у многім прадвызначылі яе як чалавека і аўтара. Яны дазволілі зразумець чалавека і меркаваць пра свет без шэрых стэрэатыпаў.


Накіды з натуры

Проза стала вызначальнай для леташняга «Полымя». Тут сустрэліся ваенная тэма ў спалучэнні з сямейнай, іранічныя апавяданні і замалёўкі з дзяцінства. Некаторыя прозвішчы паўтараюцца: так, зноў сярод лепшых апынуліся Маргарыта Латышкевіч і Уладзімір Сцяпан. У «Полымі» спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданні «Інструкцыя для хворых», «Муза», «Піястры», «Шчасце», «Быць Каралевай» (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы «Яблыкі». Як і ў выпадку з маладосцеўскімі публікацыямі, Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзняцца над апісанай сітуацыяй, змяншае маштаб трагедыі ці шчасця, але ўсё на карысць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк.

Вельмі праніклівыя, трапяткія навелы Навума Гальпяровіча (№ 8), у якіх апавядальнік адыходзіць на другі план, хоць і застаецца актыўным удзельнікам апісаных падзей. Галоўныя тут — партрэты буйным планам, і чым бліжэй вы разам з аўтарам прыглядаецеся да гэтых мілых дзівакоў, тым больш непаўторных рысаў заўважаеце. Навум Гальпяровіч больш вядомы як паэт, але яго кніга выбранай прозы, асабліва такой тэматыкі, магла б стацца падзеяй у літаратуры ды знайсці нямала чытачоў.

«Жнівень. Запісы, зробленыя ў апошні месяц лета» — так назваў сваю палымянскую падборку Уладзімір Сцяпан (№ 11). Сапраўды, гэта накіды з натуры, трапныя выказванні вяскоўцаў ды развагі аўтара, партрэты, быццам накіданыя чорным вугалем: скупыя й выразныя. Аднак талент навеліста не дазваляе Сцяпану зрабіць толькі накід: заўжды за ціхімі заўвагамі гучыць нешта большае. Прыкладам, пра значнасць зямлі для чалавека, пра каханне, якое не ў гарачых прызнаннях, а ціхім сядзенні ля ложку хворага, у мілым сердаванні й буркатанні. Пра смерць, якая адначасова страшная і будзённая. Пра боль — не толькі фізічны. Прадметы ў гэтых нататках такія рэальныя, што, здаецца, ты можаш памацаць іх. Мова герояў такая натуральная, быццам чуеш усё на ўласныя вушы. Водары саду, бальнічныя пахі, святло ў вялікай палаце і цемра жнівеньскай ночы — усё гэта захапляе, зачароўвае. Проза Уладзіміра Сцяпана — прыклад тае самае простасці, дасягнуць якой неймаверна цяжка.

Гэтаксама ў прозе «Полымя» за 2016 год вылучаецца апавяданне Васіля Макарэвіча «Сын» (№ 5). Твор невялікі і, тым не менш, змястоўны, прычым не напханы пахуткаму драматычнымі калізіямі, каб расчуліць чытача, але пабудаваны гарманічна, з веданнем тэхнічнага боку справы. Васіль Макарэвіч распавядае гісторыю жанчыны, якая нечакана стала маці — уратавала чужое дзіця ў час вайны, — а потым гэтак жа нечакана засталася адна, добраахвотна аддаўшы самае дарагое на свеце. Пошукі сына, сумневы, лічы, пякельныя пакуты — аўтар вядзе апісанне ад трэцяй асобы, але ўспрымаюцца выпрабаванні і боль гераіні вельмі асабіста. Штопраўда, у Васіля Макарэвіча своеасаблівая мова, месцамі хочацца яе «абеларусіць», але з часам вы прызвычаіцеся да стылістыкі аўтара, заглыбіўшыся ў сам аповед. Як і ў выпадку з Навумам Гальпяровічам, хацелася б прычакаць кнігу прозы аўтара.

Наста ГРЫШЧУК

Калі Вы не згодныя з выбарам рэдакцыі, маеце альтэрнатыўны рэйтынг часопісных публікацый за 2016 год, калі ласка, дасылайце лісты на адрас nastalit@gmail.com. Радыя ўсім водгукам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».