Вы тут

Дачка Канстанціна Заслонава — пра дзяцінства, каханне, подзвігі бацькі


Знаёмства з Канстанцінам Заслонавым у многіх з нас пачынаецца яшчэ са школьнай парты. Без гэтага мужнага і адважнага чалавека, імя якога носяць навучальныя ўстановы і ваенны гарадок, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і дзіцячая чыгунка, электрацягнік і дэпо, вуліцы гарадоў адразу ў трох краінах і нават сорт бэзу, складана ў поўным маштабе ўявіць подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Існуе цэлая «рэспубліка заслонаўцаў», якая аб'ядноўвае школы, атрады і дружыны, названыя імем героя.


Кан­стан­цін За­сло­наў  пе­рад па­чат­кам  Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны.

Жыццё дзядзькі Косці, як называлі героя партызаны, абарвалася раптоўна. Але і за свой кароткі век ён зрабіў столькі, што назаўсёды застанецца ў гісторыі.

Новыя галёшы і сыход з дому

Канстанцін Заслонаў нарадзіўся пад Вялікімі Лукамі. Неўзабаве сям'я, у якой выхоўвалася пяцёра дзяцей — тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі, пераехала ў Пецярбург. На жыццё зараблялі тым, што здымалі вялікую кватэру і пускалі туды пастаяльцаў.

З самага дзяцінства Канстанцін Заслонаў добра маляваў. Гэтаму майстэрству яго навучыў пецярбургскі мастак. Але гарадское жыццё цягнулася нядоўга. Як толькі выйшлі дэкрэты аб зямлі, Сяргей Гаўрылавіч Заслонаў вырашыў заняцца сельскай гаспадаркай і пераехаў у вёску. Завёў жывёлу, займаўся земляробствам і спадзяваўся на дапамогу дваіх сыноў (адзін з братоў Канстанціна памёр у маленстве).

Толькі жадання вазіцца з каровамі ў Косці не было: ён хацеў вучыцца. Аднойчы бацька купіў яму новыя галёшы. Гэта была падзея! У паслярэвалюцыйныя гады, калі абутак і адзенне былі ў дэфіцыце, у асноўным хадзілі ў лапцях. Новыя галёшы малодшы Заслонаў абуў, калі чарговы раз ішоў пасвіць кароў. Пачалася навальніца, зямля ператварылася ў балота, у якім, хаваючыся ад жахлівых істот-прывідаў, і заграз Косця. Нават не паспеў заўважыць, як згубіў адзін галёш.

— Бацька спрабаваў яго за гэта высцябаць, — расказвае Іза Заслонава, малодшая дачка Героя Савецкага Саюза. — Той строга абыходзіўся з дзецьмі: пры любой нагодзе браўся за папругу. Прычым сырамятную, якая вельмі балюча б'е. У той дзень за Косцю заступілася маці. Раззлаваны бацька сказаў, што той яму не сын, раз не шануе такіх дарагіх падарункаў. Далей ад граху Ганна Пятроўна адвяла Косцю ў суседнюю вёску, дзе ён пайшоў у школу.

Незадаволены паводзінамі сына, бацька вырашыў яму не дапамагаць. І ў васьмігадовым узросце Канстанцін Заслонаў вымушаны быў сам зарабляць сабе на хлеб. Раніцай вучыўся, а ўвечары працаваў шаўцом. Жыў і харчаваўся там, дзе прыйдзецца. Вялікія нагрузкі, а таксама недахоп у харчаванні выліліся ў язву дванаццаціперснай кішкі, якая ўвесь час нагадвала пра сябе.

Каханне з першага погляду і няўдалы лётчык

Заслонаву было каля 20, калі ён скончыў Велікалуцкую чыгуначную прафтэхшколу. Юнаку прапаноўвалі працягнуць адукацыю, але, каб існаваць, трэба было зарабляць грошы. Па размеркаванні Канстанцін трапіў у Віцебск.

— Там якраз адчынілі новую сталовую і ім, паўгалодным юнакам, выдалі бясплатныя талоны на ежу, — гаворыць дачка Заслонава. — Гэта было такое свята! У першы ж дзень яны наеліся так, што ажно жываты балелі.

Талоны на ежу раздавала прыгожая дзяўчына, у якую Заслонаў закахаўся з першага погляду. Але Косця, у адрозненне ад яго таварыша, не вельмі спадабаўся юнай Маргарыце. Толькі ўпартага Заслонава спыніць было складана, і ён рабіў усё магчымае, каб заваяваць яе сэрца: чытаў вершы, расказваў розныя гісторыі...

А вось чаго ён не ўмеў, дык гэта танцаваць. Праўда, на танцы аднойчы ўсё ж пайшлі. Скончылася тым, што Заслонаў адтаптаў дзяўчыне ногі, і яны адышлі ўбок. Але ахвотных патанцаваць з прыгажуняй было хоць адбаўляй. Неўзабаве яна пусцілася ў скокі з ладным, адзетым па форме лётчыкам. З таго часу ўсе размовы Маргарыты былі пра людзей гэтай прафесіі.

І раптам, нікому не кажучы ні слова, Канстанцін Заслонаў знікае. Як потым аказалася, ён паступіў у адзін з аэраклубаў Асаавіяхіма. Аднойчы, ужо перад самымі экзаменамі, навучэнцы адпрацоўвалі палёт на далёкасць. Побач з ім у кабіну сеў выкладчык, і яны паляцелі ў Віцебск. Пралятаючы над домам сваёй каханай, Заслонаў скінуў кветкі і ліст. Але Маргарыта ўсяго гэтага не атрымала: прызнанне ў каханні прызямлілася на суседскі двор.

Скончылася гэтая гісторыя трагічна. Пачалася навальніца, і пасадзіць самалёт Канстанцін Заслонаў быў не ў сілах. На шчасце, усе засталіся жывыя. Праўда, без пераломаў не абышлося. Так Заслонаў лётчыкам і не стаў.

У мядовы месяц — на Далёкі Ўсход

Затое ў яго была іншая прафесія, без якой ён не мог уявіць свайго жыцця. «Чыгунку бацька проста абажаў, — прызнаецца Іза Заслонава. — Прычым ён любіў ручную працу. Часта прыходзіў дахаты ўвесь брудны, жонка не паспявала яго адмываць».

Сэрца Маргарыты Заслонаў усё ж заваяваў. Калі Канстанцін вучыўся ў Ленінградскім чыгуначным інстытуце, брат Рыты прынёс яму ад нявесты ліст. Дзяўчына пісала, што збіраецца на курсы ў Маскву. Косця кінуў інстытут, дабраўся да Віцебска і зрабіў усё магчымае, каб яна засталася.

— У мамы былі доўгія, ледзь не да кален, белыя валасы, — кажа Іза Канстанцінаўна. — Адразу пасля рэгістрацыі яна абрэзала косы і змяніла сваё імя, якое ёй не падабалася. Так, ужо стаўшы Раісай, мама засведчыла сваё ўступленне ў самастойнае жыццё.

Замест вясельнага падарожжа маладажоны паехалі на Далёкі Усход — трэба было аднаўляць разбураную падчас грамадзянскай вайны чыгунку. За два-тры гады чыгуначнікі зрабілі вялікі аб'ём работы, але начальства гэтага не прызнавала. Працуючы па 24 гадзіны ў суткі, яны не атрымлівалі нічога, акрамя поліўкі з грэцкіх круп. Жонка Заслонава пачала пухнуць ад голаду...

Тады Канстанцін Заслонаў адправіў тэлеграму наркаму шляхоў зносін СССР Лазару Кагановічу. На тэлеграму адрэагавалі і неўзабаве з рабочымі разлічыліся. А Заслонаў асабіста ад наркама атрымаў імянны гадзіннік. Карыстаючыся магчымасцю, той прыцягнуў вопытнага чыгуначніка да складання графіка руху цягнікоў. Затым у працоўнай біяграфіі Заслонава былі Новасібірск, Рослаўль, Орша, дзе і застала Вялікая Айчынная вайна.

Яго сям'я — ужо з'явіліся дзве дачушкі — у той момант гасцявала ў жончынага брата пад Ленінградам. Менавіта дзякуючы яму, тады начальніку чыгункі па Ленінградскай вобласці, Заслонавы былі эвакуяваны. Тады яны яшчэ не ведалі, што больш са сваім мужам і бацькам не ўбачацца.

Дыверсант з нямецкім алібі

Як супрацоўнік чыгункі ў эвакуацыю трапіў і Канстанцін. Усяго некалькі месяцаў адпрацаваў у адным з маскоўскіх дэпо, пасля чаго ў складзе групы чыгуначнікаў быў адпраўлены ў тыл ворага. Нягледзячы на тое, што вельмі сварылася жонка, на руках у якой засталося двое малых дзяцей, Заслонаў не мог дапусціць, каб немцы разбурылі тое, што стваралася на працягу доўгага часу. Тым больш, што яшчэ за некалькі гадоў да вайны ён прайшоў спецыяльную падрыхтоўку і ведаў, як дзейнічаць у тыле ворага.

Да Оршы дайшлі не многія. Нямецкае камандаванне якраз аб'явіла набор спецыялістаў на работу: чыгуначнікі новай уладзе былі патрэбны.

— Калі Канстанцін Заслонаў прыйшоў у нямецкую камендатуру, гітлераўцы здзівіліся: яны ведалі, што ён быў у пашане пры Саветах і ў сваю чаргу з задавальненнем працаваў на гаспадарку, — расказвае Іза Заслонава. — На пытанне, што прымусіла яго памяняць свае погляды, бацька сказаў, што хоча зарабляць грошы, а гэта не зусім атрымлівалася пры савецкай уладзе.

Гэты аргумент пераканаў гітлераўцаў, і Заслонава ўзялі на работу. За тры месяцы пад яго кіраўніцтвам падпольшчыкі падарвалі 93 нямецкія паравозы. Замаскіраваныя пад каменны вугаль міны заслонаўцы кідалі ў тэндары, дзе захоўвалася паліва. Доўгі час немцы не маглі зразумець, у чым справа, бо паравозы ўзрываліся на дастатковай адлегласці ад Оршы.

Камандзіра групы неаднойчы хацелі затрымаць, але падазрэнні ніколі не пацвярджаліся. Справа ў тым, што Заслонаў жыў на адной кватэры з немцам. Напярэдадні дыверсій Канстанцін стараўся знаходзіцца ў полі зроку свайго суседа. Такім чынам, немцы, якія думалі, што трымаюць свайго лепшага спецыяліста пад кантролем, самі таго не ведаючы, забяспечвалі яму алібі. Не маглі яны падумаць аб тым, што просты рабочы мог дасканала валодаць нямецкай мовай.

Ды і не ў інтарэсах начальніка дэпо, лянівага і недасведчанага ў чыгуначнай справе немца, было развітвацца з Заслонавым, які, па сутнасці, рабіў за яго ўсю справу. Таму калі і трапляў дзядзька Косця ў розныя сітуацыі, то меў аўтарытэтнага заступніка. Ужо будучы ў партызанах, Канстанцін Заслонаў сустрэў таго немца. І да глыбокага расчаравання партызанаў вымушаны быў яго адпусціць: як у народзе кажуць, што вінен — аддаць павінен.

Народны ўлюбёнец

Пра подзвігі партызанскага атрада, створанага Канстанцінам Заслонавым, напісана не шмат. Многія ведаюць, што пад яго камандаваннем падпольшчыкі знішчылі вялікую колькасць варожых салдат і тэхнікі. А між іншым, дыверсіі на чыгунцы заслонаўцы працягвалі і будучы ў партызанах. Пачаўшы «рэйкавую вайну» за год да яе афіцыйнага аб'яўлення, яны фактычна паралізавалі ўвесь чыгуначны рух Беларусі.

Першай аперацыяй навастворанага партызанскага атрада дзядзькі Косці быў захоп варожага гарнізона, свірна і кароўнікаў, у якіх немцы ўтрымлівалі сагнаную жывёлу і птушку. Сялян, якія з асцярожнасцю выглядвалі з вокнаў, заслонаўцы паклікалі да свірна. Мясцовыя жыхары толькі і паспявалі адцягваць поўныя мяхі са збожжам і бульбай. Нешта пагрузілі партызаны і на свае павозкі, прывязаўшы да іх дзве каровы. Іншую скаціну раздалі сялянам. Старыя ды падлеткі (працаздольных немцы звезлі ў Германію) падалі перад партызанамі на калені. З таго часу Заслонаў стаў народным улюбёнцам, а трапіць да яго ў атрад імкнуўся кожны, хто цудам пазбег фашысцкай расправы.

— Бацька заўсёды імкнуўся быць вельмі справядлівым да людзей, іх учынкаў, лічыўся з іх жаданнямі, станам, не любіў нікога ні да чога прымушаць, за што яго паважалі і прыслухоўваліся да яго меркавання, — гаворыць дачка партызанскага камандзіра. — А пасля аднаго выпадку адносіны да яго, асабліва з боку мясцовых жыхароў, сталі выключнымі.

Аднойчы, седзячы ў сваёй зямлянцы, Заслонаў пачуў, як адзін з яго партызанаў адабраў у мясцовага жыхара два вядры мёду. Расказваючы, якім чынам удалося «раскулачыць» дзеда, той яшчэ і ганарыўся гэтым. Заслонаў не вытрымаў. Скончылася ўсё тым, што мёд вярнуўся да свайго гаспадара.

Менавіта гэты выпадак і спарадзіў даверлівыя адносіны да Заслонава, аб якіх камбрыг нават не падазраваў. Варта яму было зайсці ў вясковую хату, як у яе набіваліся жанчыны з дзецьмі, прычым кожная імкнулася пасадзіць яму на калені свайго нашчадка. Канстанцін Сяргеевіч любіў дзяцей і з задавальненнем гуляў з імі, успамінаючы сваіх дзяўчат. Але аднойчы ён западозрыў у гэтым нешта незвычайнае. Як потым высветлілася, мясцовыя жанчыны чамусьці вырашылі, што калі Заслонаў патрымае на руках хворае дзіця, тое адразу ж папраўляецца. Партызанскі камандзір не стаў разупэўніваць мацярок, якія і так нацярпеліся за гады вайны.

Шкадуючы людзей, не думаў пра сябе

Аднойчы, карыстаючыся адсутнасцю камандзіра (Заслонаў якраз пайшоў паглядзець месца, якое партызаны абралі для зімовай стаянкі), камандуючы Сенненска-Аршанскай партызанскай зоны Васіль Бойка сабраў усе свае атрады, а таксама большасць заслонаўцаў і разам з імі сышоў у тыл. Нямецкія газеты пісалі, што з самым жудасным бандытам і здраднікам Вялікай Германіі пакончана. Але Заслонаву не толькі ўдалося застацца цэлым пасля таго, як каля зімовай стаянкі завязаўся бой, а і наноў сфарміраваць усю Сенненска-Аршанскую партызанскую зону.

Так склалася, што пасля вайны адзін з тых, хто разам з Бойкам сышоў у тыл, жыў у адным пад'ездзе з дачкой Заслонава. Ён заўжды пазбягаў сустрэчы з нашчадкамі Героя, ні разу не папрасіў у сям'і прабачэння. Але, па словах яго дачкі, калі той успамінаў Заслонава, увесь час плакаў.

Шмат карысных спраў за сваю нядоўгую партызанскую дзейнасць зрабіў Канстанцін Заслонаў. Пад яго кіраўніцтвам было знішчана сем буйных гарнізонаў ворага, ажыццяўляліся самыя рызыкоўныя дыверсіі. Пры гэтым ён увесь час імкнуўся захаваць салдат. Але ў той жа час ніколі не шкадаваў сябе: быў у самым эпіцэнтры бою. Адважна змагаўся з ворагам ён і 14 лістапада 1942 года, калі яго напаткала варожая куля.

Нават за мёртвага Заслонава немцы давалі 80 тысяч нямецкіх марак, маёнтак у Германіі і дадатковыя даброты ўсім сваякам. Але здрадніка не знайшлося. Мясцовыя жыхары пахавалі камбрыга ў брацкай магіле на вясковых могілках. Героя не стала, але заслонаўцы працягвалі змагацца з ворагам — за кароткі час былі створаны дзве брыгады і некалькі дзясяткаў атрадаў, якія сталі насіць імя легендарнага камбрыга.

Музею — быць?

Згодна з рашэннем Савета Міністраў БССР Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза Заслонава адчыніў свае дзверы ў Оршы 1 жніўня 1948 года. Першапачаткова ён размяшчаўся ў Доме культуры чыгуначнікаў імя Кірава. Экспазіцыя пашыралася, і ў красавіку 1952 года музей пераехаў у асобны будынак.

Былы Дом піянераў чыгуначнага вузла, дзе да нядаўняга часу знаходзіўся музей Заслонава, даўно патрабаваў рамонту. Толькі справа да гэтага не дайшла. Паправіў сітуацыю — праўда, у іншы бок — ліпеньскі ўраган. Музей застаўся без даху. І замест таго, каб пакласці новы, прыгналі бульдозер і будынак увогуле знеслі. Так не стала найстарэйшага музея Оршы і адной з найстарэйшых музейных устаноў краіны.

Але, як запэўніла карэспандэнта «Звязды» намеснік дырэктара па навуковай рабоце Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юлія Камарова, Аршанскі мемарыяльны музей К.С. Заслонава, які з 1994 года з'яўляецца філіялам установы, не знішчаны. Нягледзячы на адсутнасць былога будынка, экспазіцыя працягвае існаваць. Частка экспанатаў з музея Заслонава захоўваецца ў фондах Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны і выкарыстоўваецца ў выставачнай дзейнасці. Іншыя экспанаты часова «прапісаліся» ў іншым філіяле музейнага комплексу — Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада. Музейныя прадметы рэгулярна выкарыстоўваюцца на шматлікіх выставачных пляцоўках Оршы.

Калі ў музея Заслонава з'явіцца асобны будынак, музейныя супрацоўнікі казаць не бяруцца — не ў іх кампетэнцыі. Тое, што ён дакладна будзе, пацвердзіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Ганна Святлова. Адновяць стары будынак ці з'явіцца новы, пакуль вырашаецца. Газета «Звязда» будзе сачыць за сітуацыяй.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Той самы дзядзька Косця

Каментары

З чым перш за ўсё асацыіруецца Орша? Вядома ж, з Героем Савецкага Саюза Канстанцінам Заслонавым, з першымі залпамі знакамітых "Катюш". Куды цяпер ісці людзям, якія з задавальненнем наведвалі музей Заслонава? Ці кожны дадумаецца, што экспазіцыя – у іншым музеі. Ды і ў якім яна стане? Нават калі і ў самым лепшым і прадметы сапраўды экспануюцца, што значыць асобны пакой (ці ёсць і ён?) і цэлы музей? Будынак знеслі летам. Ужо пачаўся новы год, а мясцовыя ўлады яшчэ толькі вырашаюць – аднавіць стары або пабудаваць новы. Так і бясконца можна думаць, а потым увогуле забыцца, што быў такі... Заслонаў. І апошняе. Калі на такім узроўні будуць адносіцца да сваёй спадчыны, да памяці герояў Вялікай Айчыннай, якія цаною свайго жыцця здабывалі нам Вялікую Перамогу, то што казаць пра падрастаючае пакаленне? Ці не самі мы асуджаем яго на бяспамяцтва?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.