Вы тут

Аўтагоншчыкі МАЗа скарачаюць адставанне ад лідараў «Дакара-2017»


Экіпаж пад кіраўніцтвам Сяргея Вязовіча завяршыў сёмы этап ралі-рэйду на пятым месцы і наблізіўся да першай дзясяткі ў агульным заліку.


Сёмы этап аказаўся досыць небяспечным з-за праліўных дажджоў, якія абрынуліся на Балівію, дзе праходзілі гонкі. З-за такіх умоў арганізатары вырашылі практычна ўдвая скараціць спецучастак — да 161 км. Частка маршруту прайшла па трасе шостага адрэзка гонкі, які раней адмянілі з меркаванняў бяспекі.

На праходжанне спецучастка МАЗу Сяргея Вязовіча спатрэбілася 1 гадзіна 47 хвілін, беларус саступіў пераможцу — гоншчыку каманды «КамАЗ-майстар» Дзмітрыю Сотнікаву ўсяго 5 хвілін. Наперадзе экіпажа Сяргея Вязовіча таксама аказаліся тры грузавікі Іvесо, у тым ліку галандца Жэрара дэ Роя, які лідзіруе ў гонцы па суме сямі этапаў.

У агульным заліку Сяргей Вязовіч падняўся на 16-е месца. Лідарам гонкі застаецца Жэрар дэ Рой, якому зараз наш экіпаж саступае 3 гадзіны 25 хвілін.

Яшчэ адзін беларускі экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксея Вішнеўскага фінішаваў на сёмым этапе на 16-й пазіцыі. У генеральнай класіфікацыі ён захоўвае 20-е месца. МАЗ Аляксандра Васілеўскага з-за праколу фінішаваў толькі 20-м.

— Трохі засмучаныя тым, што спецучастак скарацілі, паколькі мы стараемся выкарыстоўваць любую магчымасць, каб павысіць свае пазіцыі. Спецучастак прайшлі ўпэўнена, аднак без неабходнасці стараліся не рызыкаваць — ліўні размылі большую частку трасы. На жаль, Аляксандр Васілеўскі пракалоў кола, якое прыйшлося экстранна замяняць, таму ён фінішаваў не ў першай дзесятцы, — адзначылі ў камандзе «МАЗ-СПОРТаўта».

Наступны восьмы этап прывядзе гоншчыкаў у аргенцінскі горад Сальта. Працягласць спецучастка там, мяркуецца, складзе 492 км, аднак арганізатары могуць унесці змены ў маршрут. Чакаецца, што на ўчастку гэтага этапу экіпажы сутыкнуцца з сур'ёзнымі перашкодамі ў выглядзе пяшчаных дзюн.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: След у след

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?