Многія дзеткі ведаюць Андрэя Вітушку як «дзядзю ў белым халаце», які ў праграме «Дабраранак» дае карысныя парады мядзведзіку Топу... Многія бацькі — як дасведчанага анестэзіёлага-рэаніматолага, што працуе ў аддзяленні рэанімацыі нованароджаных у РНПЦ «Маці і дзіця». Летась Андрэй абараніў дысертацыю на беларускай мове пра неданошаных дзетак. У сезон ён ахвотна выступае з лекцыямі пра зімовыя хваробы. На адну з іх, што адбылася падчас курсаў "Мова Нанова", завітала карэспандэнт «Звязды». І занатавала самыя цікавыя пытанні і адказы на іх.
— Ці ёсць нейкія тэмпературныя абмежаванні, калі ўзімку лепш не выходзіць гуляць на вуліцу з маленькімі дзеткамі?
— Для нашай геаграфічнай зоны ёсць рэкамендацыя: «мінус 5 градусаў на кожны месяц» (яна датычыцца дзяцей ва ўзросце да 6 месяцаў). Гэта значыць, з дзецьмі першага месяца жыцця можна гуляць пры тэмпературы не вышэй за 5 градусаў марозу, другога — 10, трэцяга — 15. Безумоўна, калі тэмпература паветра ўзнялася да мінус 20—25 градусаў, то варта падумаць пра мэтазгоднасць наогул выходзіць на вуліцу. Акрамя таго, трэба правільна апранаць дзяцей перад прагулкай, засцерагаць адкрытыя ўчасткі скуры — нос і шчокі. Ёсць адмысловыя крэмы, якія не ўтрымліваюць вады і дапамагаюць пазбегнуць абмаражэння далікатнай дзіцячай скуры і не дапусціць ускладненняў. Цяпер шмат рознай прадуманай зімовай вопраткі, таму не варта ператвараць малога ў касманаўта, які з цяжкасцю можа паварушыцца.
— Як зразумець, наколькі правільна вы апранулі дзіця?
— Большасць матуль мацаюць нос ці вушы, але гэта няправільна. Трэба дакрануцца пальцамі да дзіцячай шыі. Калі яна гарачая і вільготная, значыць занадта цёпла апрануліся. Адпаведна, калі шыя халодная — трэба бегчы дадому і апранацца цяплей.
— Што рабіць, калі ўсё ж такі атрымалі лёгкае абмаражэнне?
— Як правіла, пачынаецца ўсё з таго, што нямеюць пальцы на руках і на нагах, мерзнуць нос і шчокі. Калі вы гэта адчуваеце, то трэба шукаць цёплае памяшканне: падземны пераход, краму, цырульню. Зайдзіце і пабудзьце там хоць 5 хвілін. Калі дабеглі дадому, спачатку трэба адагрэць рукі цяплом уласнага дыхання, а потым можна змясціць іх пад струмень цёплай вады. У гэтай сітуацыі дапушчальна папарыць ногі, папіць цёплай гарбаты. Да кожнай сітуацыі трэба падыходзіць індывідуальна. Так, напрыклад, дзецям з алергіяй супрацьпаказаныя зёлкі. Іх ужыванне стварае дадатковую нагрузку на імунітэт і правакуе абвастрэнне.
— Ці варта расціраць абмарожаныя ўчасткі цела спіртам?
— Не, бо калі ў вас халодныя рукі і вы на іх нанесяце яшчэ спірт, то ён пачне тут жа выпарвацца з паверхні скуры і забярэ апошняе цяпло.
— Знаёмыя раілі выкарыстоўваць спірт ці воцат для таго, каб збіць тэмпературу...
— Праводзіліся даследаванні: дзяцей пры павышанай тэмпературы абціралі спіртам і вадой. Дык эфект ад вады (пакаёвай тэмпературы) быў такі ж самы, як і ад спірту. Але пры гэтым апісаныя атручванні апошнім. Справа ў тым, што скура ў малых першага года жыцця тонкая. Праз яе спірт усмоктваўся і на выхадзе мелі «п'яных» дзяцей, якія паступалі ў аддзяленне рэанімацыі. Малых нельга расціраць спіртам. Тое ж самае тычыцца і воцату. Гарчычнікі дзецям да года таксама не раю ставіць, бо вельмі складана дазіраваць час, каб не атрымаць апёк.
— Я выхавальніца дзіцячага садка. Што рабіць, калі дзеці пачынаюць чыхаць? Як самой не захварэць?
— Раю зрабіць прышчэпку. Гэта дазваляе знізіць верагоднасць грыпу і іншых рэспіраторных вірусных інфекцый. Праўда, у студзені ўжо пазнавата. Калі зробіце прышчэпку цяпер, то яна можа нават нашкодзіць: вы рызыкуеце падхапіць грып ці іншую інфекцыю. Тым самым дадаткова нагрузіце ўласны імунітэт.
— Ці сапраўды эфектыўныя прышчэпкі ад грыпу?
— Калі чакаць, што вы зрабілі прышчэпку і будзеце ўвесь сезон здаровымі (гэта значыць, у вас не будзе ні кашлю, ні насмарку), то гэта занадта завышанае чаканне. Механізм прышчэпкі ад грыпу ў тым, што яна бароніць менавіта ад гэтага захворвання. То-бок, што чалавек альбо не захварэе на грып, альбо калі захварэе, то пройдзе гэта ў больш лёгкай форме, без сур'ёзных ускладненняў. Прычым, каб быў эфект, прышчэпку трэба рабіць штогод.
— А ці дапамагае аксалінавая мазь?
— Вірусаў, якія выклікаюць рэспіраторныя вірусныя інфекцыі, каля 200. На некаторыя аксалін дзейнічае. Але на большасць — не. І ў вас ёсць велізарная верагоднасць сустрэцца менавіта з тым вірусам, ад якога не ўратуе аксалін.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Як засцерагчыся ад вострых рэспіраторных інфекцый узімку:
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.