Вы тут

Акушэр-гінеколаг — пра тое, чаму яна адмовілася рабіць аборты


Нараджэнне дзіцяці спакон вякоў асацыявалася з пачаткам новага жыцця, са святлом і чысцінёю. Сёння ж зусім не дзіва, калі цяжарнасць успрымаецца як непажаданы выпадак і разглядаюцца варыянты прадухілення «нечаканасці». Што дае штуршок жанчыне, каб пайсці на аборт? Якая роля ў такой сітуацыі належыць доктару: выканаўцы ці кансультанта? Што ставіць у прыярытэт — палітыку дзяржавы ў галіне нараджальнасці ці асабістае права выбару жанчыны?


На скрыжаванні маралі і закону

Сёння абсалютная забарона на аборты ўведзена ў больш чым ста дзяржавах. Сярод іх — Чылі, Нікарагуа, Ватыкан, Сальвадор, Мальта, Філіпіны і інш. У трэцяй частцы краін перарыванні цяжарнасці праводзяцца толькі па сацыяльных і медыцынскіх паказаннях.

Масавыя акцыі ў Польшчы, якія атрымалі назву «Чорны пратэст», разгарнуліся ў канцы верасня мінулага года. Тады жыхары праз мітынгі і забастоўкі выказалі абурэнне, выкліканае намерам улад увесці забарону на аборты. У выніку законапраект большасцю галасоў быў адхілены.

Закон Рэспублікі Беларусь аб «Ахове здароўя» (ад 18.06.1993) дае жанчыне права «самой вырашаць пытанне пра мацярынства». Аборт дазваляецца пры тэрміне не больш за 12 тыдняў. Калі ёсць сацыяльныя паказанні, гэты тэрмін можна працягнуць да 22 тыдняў. А вось пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў перапыненне цяжарнасці дазваляецца ва ўстановах аховы здароўя на любым тэрміне.

Сёння заканадаўства прадугледжвае толькі два сацыяльныя паказанні для абортаў. Гэта цяжарнасць у выніку згвалтавання і пазбаўленне судом бацькоўскіх правоў. Дарэчы, яшчэ два гады таму пазбавіцца ад дзіцяці можна было ў 10 выпадках.

«Ён зараджае мяне дзіцячай непасрэднасцю...»

Алена даведалася пра цяжарнасць, калі ёй было 17 гадоў. Дзяўчына толькі скончыла школу, паступіла на прэстыжную спецыяльнасць у сталічны ўніверсітэт. Жыццё маладзіцы кіпела, пакуль не прыйшла нечаканая навіна — «я буду маці».

— Мяне агарнула пачуццё, быццам свет бурыцца на кавалкі. Першае, што я зрабіла, — патэлефанавала маці. Яна прыехала ў Мінск, разам схадзілі на УГД. Паказала пяць тыдняў. Тады я была вельмі разгубленая. Не даваў спакою юнацкі максімалізм. Я лічыла, што ўсё павінна ісці сваім чынам, што нельга нараджаць без мужа, што трэба атрымаць адукацыю. Маці тады сказала правільную рэч: «Я нічога не магу табе параіць, гэта павінна быцьтолькі тваё рашэнне. Так, цяжкае, але тваё». І я вырашыла пайсці на аборт.

З бацькам свайго дзіцяці Алена сустракалася з 10 класа. Спачатку ўсё было добра — кветкі, каханне і бесклапотнасць. Потым яна зразумела, што выбрала не надта годную кандыдатуру. Хлопец пачаў раўнаваць дзяўчыну да сяброў, выказваць незадаволенасць яе захапленнямі. Калі малады чалавек даведаўся пра цяжарнасць, у яго не было слоў (ды і што скажаш у 17 гадоў). Гаварылі за яго, у асноўным, бацькі. Аднак Алене патрэбна была падтрымка бацькі дзіцяці, і яна яе атрымала: у ноч перад абортам хлопец адправіў паведамленне са словамі «я кахаю цябе і буду любіць наша дзіця».

— Канешне, на той момант гэтыя словы адыгралі выключную ролю. Памятаю, як зранку ў пакой уварвалася маці, бо трэба было ўжо збірацца ў цэнтр. А я кажу: аборту не будзе.

Але пасля гэтага ўсё змянілася. Бацькі хлопца пры кожнай сустрэчы акуратна заклікалі дзяўчыну ўсё яшчэ раз абдумаць, гаварылі, што ў іх ёсць знаёмыя ўрачы. У хлопцы Алена цалкам расчаравалася. Маладыя людзі не мелі зносін аж да нараджэння дзіцяці. Потым зноў наладзілі кантакт, нават жылі разам некаторы час. Гэта не прывяло да моцнага сямейнага саюзу. Сёння бацька наведвае малога два разы на год — у дзень нараджэння і на Новы год.

— Тады мне вельмі дапамаглі ўрачы, — працягвае Алена. — Яны моцна паўплывалі на канчатковае рашэнне. Адна мне сказала, што маладыя дзяўчаты прыходзяць і не могуць мець дзяцей, таму я павінна радавацца. Другая падзялілася: «У мяне таксама няма мужа, але гэта не прычына пазбаўляцца ад дзіцяці».

Алена адмоўна ставіцца да забароны абортаў на заканадаўчым узроўні. Яна лічыць, што дзяржава не можа вырашаць за жанчыну. Тым больш, кожная забарона правакуе на тое, каб яе парушаць.

Сёння сыночку дзяўчыны ўжо тры з паловай гады. Алена шчаслівая, што не зрабіла глупства і дала жыццё роднаму чалавечку.

— Я разумею, што не магу жыць без яго, — тлумачыць дзяўчына. — Заўсёды шукаю магчымасць з ім убачыцца. Пакуль выхаваннем займаецца мой бацька. Я працягваю вучыцца на дзённым аддзяленні. Сын зараджае мяне дзіцячай непасрэднасцю, і разам з ім я адчуваю сябе сапраўды шчаслівай.

«Да апошняга размаўляю з кожнай жанчынай»

Марыя Астаф'ева ўсё жыццё працуе акушэрам-гінеколагам. Сёння яе стаж дасягнуў 36 гадоў. «Канешне, за сваё жыццё я шмат чаго зрабіла: і роды прымала, і аборты даводзілася рабіць, — прызнаецца Марыя Вітальеўна. — Ад абортаў я адмовілася гадоў дзесяць таму. Мы пакрысе ад гэтага адыходзілі. У савецкія часы ад абортаў адмовіцца было нельга. Раней па 15—20 на дзень рабілі. Паменшылася колькасць, калі гэта стала платнай паслугай».

У паліклініцы, дзе працуе Марыя, амаль усе ўрачы адмовіліся ад абортаў пасля паправак 2014 года ў Законе «Аб ахове здароўя». Згодна са змяненнямі, спецыяліст мае права адмовіцца ад правядзення перарывання цяжарнасці па рэлігійных і маральна-этычных перакананнях.

— Добра памятаю выпадак з практыкі: я сяджу, санітарка трымае люстэрка, медсястра падае інструменты, збоку стаіць анестэзіёлаг. А ў той дзень было нейкае рэлігійнае свята. Хтосьці ляпнуў «грашыць сёння нельга» з намёкам на мяне. Я адказала: грашу, але вы ўсе саўдзельнікі. Тады кожны задумаўся над тым, што мы робім.

Першы аборт Марыя памятае выразна: «Было невыноснае пачуццё страху. Тады я была яшчэ зусім «зялёная». Хто там не быў, той не ўяўляе, што гэта такое. Заўсёды перажываеш, заўсёды рызыкуеш».

— Я праціўнік абортаў. Да апошняга размаўляю з жанчынай. Да кожнай трэба знайсці свой падыход. Аднойчы на прыём прыйшла 40-гадовая жанчына з мужам. Ён не хацеў дзіцяці. Я павяла на УГД, паказала ручкі, ножкі. Гэта часта ўздзейнічае на будучых бацькоў. Пасля мужчына змяніў сваё меркаванне. Апошні выпадак быў зусім абуральны. Як я ні даводзіла жанчыне, што аборт — не лепшае выйсце, яна стаяла на сваім. Ноччу патэлефанаваў яе муж з пытаннем «Ці можна як-небудзь прамыць страўнік?» Яна выпіла таблетку, а потым перадумала. Уявіце абсурднасць сітуацыі!

Страшна, калі дзяўчыне нельга нараджаць па медыцынскіх паказаннях. Такіх выпадкаў — процьма. Гэтыя жанчыны, як правіла, вельмі хочуць дзіця. Памятаю, калі была ў нас даволі маладая жанчына, інфікаваная ВІЧ. Дома яе чакала дзіця. Куды ёй нараджаць? Ёсць шмат медыцынскіх паказанняў — цяжкія захворванні сэрца, нырак і інш. На практыцы сутыкалася з невыноснымі таксікозамі. Таксама прыходзілася перапыняць цяжарнасць.

У асноўным жа жанчына ідзе на аборт асэнсавана, калі яе дома ніхто не падтрымаў. «Была ў мяне дзяўчына, якая сустракалася з хлопцам, потым даведалася пра цяжарнасць, — успамінае Марыя. — Бацька дзяўчыны быў настроены катэгарычна. Аднак яна пакінула дзіця. Усе 9 месяцаў ён не размаўляў з дачкой. Праз некаторы час я ўбачыла, як гэты дзядуля гуляе з унучкай і гучна смяецца. Канешне, неабходна, у першую чаргу, падтрымка мужа. Калі чалавек кахае — ён ніколі не зробіць кепска сваёй жанчыне».

Даведка «Звязды»

Штогод у свеце ідуць на аборт каля 55 мільёнаў жанчын. Гэта пятая частка ад усіх выпадкаў цяжарнасці. Каля 70 тысяч жанчын штогод паміраюць ад пасляабортных ускладненняў. Пасля першага перарывання цяжарнасці кожная пятая жанчына робіцца бясплоднай. У Беларусі рэгіструюць каля 2 тысяч абортаў штомесяц. Сярод прычын, з-за якіх жанчыны адважваюцца на аборт, вылучаюцца непасрэднае рашэнне самой жанчыны (40%), пагроза яе здароўю (25%), сацыяльныя праблемы (23%) і анамаліі развіцця плода (12%).

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Загаловак у газеце: «Хто там не быў, той не ўяўляе...»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.