Вы тут

Усё залежыць ад тых, хто кіруе...


Чарговы прызыў у беларускае войска ўскалыхнуў у памяці падзеі даўніх дзён... Калі ў 1960 годзе, у другой палове кастрычніка, я і мае аднагодкі маршам рухаліся ад ваенкамата да чыгуначнай станцыі Мёры для адпраўкі на тэрміновую службу ў рады Савецкай Арміі.


Пры­вя­дзен­не тэх­ні­кі су­вя­зі ў па­ра­дак пас­ля ву­чэн­няў. Зле­ва на­пра­ва: кру­ціць ры­чаг яф­рэй­тар Ло­сеў Ва­лян­цін з Уль­я­наў­скай воб­лас­ці, До­ра­шаў Пётр — ста­ля­вар з Да­не­цка, я і Кар­паў Ва­ло­дзя — ша­фёр.

Строй сённяшніх прызыўнікоў радуе вока сваім знешнім выглядам: на большасці спартыўныя касцюмы, акуратныя курткі. Мы ж апраналі тое, што маглі, дакладней, каб не было ўрону для сям'і, бо ўсё адно ў часці гэта знішчалася. Так, мой сябра Славамір надзеў кажушок, пашыты яму ў 9-м класе, а цяпер — рукавы па локаць, на грудзях петлі з вяровачак — не сыходзіўся. Мне бацька аддаў свой фрэнч з грубага даматканага сукна. І такая ці падобная «экіпіроўка» была ў большасці навабранцаў. Калі ў вайсковай часці, пасля лазні, нас абмундзіравалі, мы адзін аднаго не маглі пазнаць. Нам выдалі скураныя рамяні і ялавыя боты — прыкмета, што служыць давядзецца за мяжой.

Курс маладога байца праходзілі ў Івацэвіцкім раёне, у балоцістым лясным масіве Волька. Прысягу прымалі ў сціплай абстаноўцы. Бацькі і знаёмыя, як цяпер (ды як і я да сваіх дваіх сыноў), не прыязджалі. Пасля каранціну пагрузка ў таварняк Брэст—Варшава—Франкфурт-на-Одэры—Эрфурт. Я і пяць хлопцаў з Віцебска трапілі ў Асобны полк сувязі 62-й арміі маршала Чуйкова, які базіраваўся ў горадзе Веймар. Нас адразу прызначылі ў палкавую школу малодшых камандзіраў-спецыялістаў.

У палку аказаліся дзеці розных народаў Савецкага Саюза. «Дзедаўшчыны» мы не ведалі, субардынацыя з сяржантамі і афіцэрамі — і не больш таго. Ніколі не было сутычак ці непаразуменняў і на нацыянальнай глебе. Адным з самых блізкіх мне сяброў стаў Віталь Беўзюк з Вінніцкай вобласці. Дзяліліся ўсім, нават пісьмамі ад дзяўчат і сям'і, таму я лёгка асвоіў украінскую мову. Яшчэ яскравы прыклад: на практычныя палявыя заняткі я, «зялёны» курсант, быў размеркаваны да радавога трэцяга года службы з Арменіі Геваркяна, які па-сапраўднаму быў для мяне «дзядзькам», як у старой расійскай арміі. Ара (так мы чамусьці называлі ўсіх каўказцаў) вучыў мяне хутка і дакладна рабіць злучэнні кабелю, дзе і як лягчэй зрабіць пераход лініі цераз дарогу, як маскіраваць... Прытым ноша — два тэлефонныя апараты ТАІ-43, чатыры шпулі лёгкага кабелю, аўтаматы, процівагазы, каскі — усё было падзелена пароўну. Пазней, у 70—80-я гады, даведаўшыся пра нестатутныя адносіны, «дзедаўшчыну» сярод салдат у Саюзе, я з удзячнасцю ўспамінаў свайго першага напарніка і тое, што «дзед» не ўзвальваў на мяне ўвесь рыштунак, як гэта рабілі пазней.

Салдат без песні — не салдат. Паступова арганізоўвалася самадзейнасць. А якая песня без баяна? Валера Кароль з Мінска іграў на акардэоне. Дамовіліся ўсёй школай з палучкі ў 10 нямецкіх марак скласціся па 3 і купіць акардэон. Мне (а я закончыў культпрасветвучылішча) было даручана кіраваць хорам, і мы на аглядзе занялі 1-е месца.

Удзел у агля­дзе мас­тац­кай са­ма­дзей­нас­ці: на акар­дэ­о­не іг­рае Ка­роль Ва­ле­рый з Мін­ска, зле­ва Ка­ра­чан­скі Сяр­гей — ку­бан­скі ка­зак, па­ся­рэ­дзі­не — я.

Вельмі адказным, гуманным, палітычна і культурна-адукаваным быў нампаліт часці падпалкоўнік Кавалёў. Апроч палітзаняткаў, лекцый, імкнуўся пашырыць кругагляд салдат, арганізаваў некалькі пазнавальных экскурсій. Асабліва ўдзячны мы яму за наведванне Дрэздэнскай карціннай галерэі. Справа склалася наступным чынам: пры падрыхтоўцы да запланаваных вучэнняў у Саксоніі, раён Дрэздэна, Кавалёў папярэдзіў, каб мы на ўсякі выпадак узялі параднае абмундзіраванне хоць праз аднаго. Калі надарыцца магчымасць, то звозіць у Дрэздэн. Так і атрымалася. Закончыўшы сеансы сувязі, наш батальён атрымаў адпачынак. Для нас было выдзелена па 4 гадзіны на кожную групу для паездкі.

Можа, каму здасца, што служба ў нашым палку была суцэльным святам, знаёмствам з музеямі Германіі. Але гэта зусім не так. Па-першае, нашаму прызыву «пашчасціла» быць сведкамі рэвалюцыі на Кубе і ўзвядзення Берлінскай сцяны, а гэта — боегатоўнасць № 1, г.зн. адмена водпускаў, нават афіцэрам. У самыя гарачыя моманты нават спалі з аўтаматамі. А ўжо «паваяваць» давялося амаль на ўсіх палігонах былой ГДР. Служба патрабавала высокай фізічнай падрыхтоўкі. Тэхніка сувязі па сённяшніх мерках — каменны век. Шпуля цяжкага чатырохжыльнага кабелю (Т-194— 80 кг). Прыстасаванні: аўтамабіль ГАЗ-63 для падвозу і цялежка для размотвання. Задача майму лінейна-кабельнаму аддзяленню — даць кабельную лінію ад вузла сувязі да радыёперадатчыка, які звычайна размяшчаўся за 3-4 кіламетры ад вузла. Маскіроўка лініі — адна са складаных аперацый. Даводзілася папрацаваць і кіркай, і ломам, і, нібы малпам, палазіць па стройных, без ніжніх сукоў, буках, робячы пераходы праз асфальтаваныя, хоць і ў лесе, дарогі.

Мне пашанцавала служыць у такой часці, дзе быў узорны парадак. Старэйшыя афіцэры, начальнікі службаў амаль усе былі баявымі афіцэрамі і вельмі ўважліва, з дабрынёй адносіліся да салдат. Намеснік начальніка па тыле, падпалкоўнік Бірук «абражаў» салдат наступным чынам: «Піраты! (любімая абраза). Калі я ўбачу кінутую лусту хлеба ці будзеце недаедкам выціраць стол, згнаю на губе». Але нікога ні разу не пакараў. Затое на сталах у сталовай летам стаялі графіны з хлебным квасам. Ён трымаў падсобную гаспадарку, і харчаванне было добрае.

Я ніколі не наракаў на службу, хоць трапляліся і ныцікі: маўляў, тры гады выкідваюцца з жыцця. Лічу, што армія — гэта школа жыцця. Праўда, усё залежыць ад тых, хто кіруе.

Былы сяржант, старшы лейтэнант запасу, настаўнік Альфрэд Тычко, в. Ідолта, Мёрскі р-н

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома. Картачкі (не больш за тры) з невялічкай (!) гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfо@zvіаzdа.bу. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».