Вы тут

Хто зможа паступаць на вострадэфіцытныя спецыяльнасці без экзаменаў?


Змяненні, унесеныя ў Правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з'явіліся ў адкрытым доступе, і цяпер з імі можа азнаёміцца кожны. Тэкст Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №4 ад 9 студзеня 2017 года быў афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Пра асноўныя новаўвядзенні будучай прыёмнай кампаніі — магчымасць здачы абітурыентамі ВНУ чатырох тэстаў, падаўжэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ на два гады і льготы пры паступленні для выпускнікоў профільных педагагічных класаў — "Звязда" паведамляла раней. А што зменіцца для абітурыентаў, якія плануюць паступаць не ў ВНУ, а ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы?

— Для выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, якія спыняцца на атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, спрашчаюцца некаторыя ўмовы, — тлумачыць начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандр ЛАШУК. — Раней у дачыненні да часткі з іх распаўсюджвалася абмежаванне — ім трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па рускай (беларускай) мове і профільным прадмеце. Зараз абмежаванне ў дачыненні да рускай (беларускай) мовы знятае, яно засталося толькі па профільным прадмеце. Новаўвядзенне распаўсюджваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія будуць паступаць на спецыяльнасці, па якіх конкурс у мінулым годзе склаў 3 і больш чалавек на месца, а таксама на адзінаццацікласнікаў пры паступленні на спецыяльнасці з конкурсам у 2016 годзе — 1,5 і менш чалавек на месца. Гэта асабліва актуальна для людзей, якія даўно скончылі школу, але хацелі б атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Новымі правіламі прыёму таксама прадугледжана дадатковая магчымасць для маладых людзей стаць навучэнцамі ССНУ: выпускнікоў 11-х класаў, якія не прайшлі ў бягучым годзе па конкурсе, па іх жаданні могуць залічыць на вакантныя месцы ў групы на базе 9-х класаў, набраныя год таму. Але гэта будзе магчымым толькі пры ўмове, калі ў такіх групах ёсць вакантныя месцы. Акрамя таго, для выпускнікоў сярэдняй школы, якія паступаюць у ССНУ, прадугледжана магчымасць здачы трох прадметаў на ЦТ, хоць прыёмнай камісіяй будуць брацца пад увагу ўсё роўна толькі два сертыфікаты. Гэта было зроблена для таго, каб пашырыць магчымасць выбару сярод спецыяльнасцяў.

Што тычыцца абітурыентаў ВНУ, то іх, безумоўна, павінны зацікавіць наступныя новыя моманты, якія з'явіліся ў правілах. Пераможцы міжнародных і рэспубліканскай алімпіяд па вучэбных прадметах (уладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў) змогуць паступаць без экзаменаў на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, дзе гэты прадмет вызначаны другім прадметам профільных выпрабаванняў. Пералік такіх спецыяльнасцяў будзе ўстанаўлівацца Міністэрствам адукацыі па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі.

Таксама без экзаменаў на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці змогуць паступаць пераможцы (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў) трэцяга (абласнога і мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, школьныя медалісты і ўладальнікі дыплома аб заканчэння прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай. Пералік спецыяльнасцяў устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі.

Асобам, якія маюць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці "Лячэбная справа" з адзнакай і паступаюць у ВНУ на спецыяльнасці "Лячэбная справа" і "Педыятрыя", будзе выстаўляецца вышэйшы бал па профільным прадмеце "Біялогія".

Пераможцы (дыпломы І ступені) трэцяга (абласнога і мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі атрымаюць вышэйшы бал па профільнаму вучэбнаму прадмету "Гісторыя Беларусі" ці "Сусветная гісторыя" (па выбару абітурыента).

Пераможцы (дыплом І ступені) трэцяга (абласнога і мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы і астраноміі могуць разлічваць на вышэйшы бал па профільным прадмеце "Фізіка".

Пераважнае права на залічэнне пры роўнай суме балаў прадугледжана для абітурыентаў, якія з'яўляюцца пераможцамі рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу "100 ідэй для Беларусі", пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць профілю іх конкурснага праекта; маладых людзей, якія з'яўляюцца членамі валанцёрскага руху "Добрае сэрца" грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі"; членаў маладзёжных атрадаў правапарадку, якія маюць рэкамендацыі ЦК БРСМ пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства абароны і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў павялічыцца.Так, па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях для "мэтавікоў" могуць выдзяляцца да 60% ад кантрольных лічбаў прыёму, па профілі "ахова здароўя" — да 50%, і да 40% — па іншых спецыяльнасцях.

У Міністэрстве адукацыі падкрэсліваюць: змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму забяспечваюць захаванне разумнага балансу інтарэсаў дзяржаўных органаў — заказчыкаў кадраў, устаноў адукацыі, абітурыентаў і іх бацькоў і накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі краіны, а таксама на якасць адбору абітурыентаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ізноў аб правілах прыёму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».