Заўважана, што з цягам часу постаці знакавых для народа асоб ператвараюцца ў нежывыя бронзавыя фігуры, а іх спадчына, расцягнутая на цытаты, проста бясконца тыражуецца, глыбока не вывучаецца, не пераглядаецца кожным новым пакаленнем. Але мне падаецца, што беларуская літаратура, з'яўляючыся літаратурай новай, народжанай у пачатку ХХ стагоддзя, яшчэ доўга будзе гэткай жа свежай, а постаці нашых класікаў — жывымі. Магчыма, справа ў тым, што мы і сёння можам дакрануцца да іх спадчыны, пабываць у тых мясцінах, дзе яны бывалі, пабачыць рукапісы і цалкам, без сучасных адаптацый і перакладаў, зразумець іх творы. Таму і сэрца нашай класічнай літаратуры яшчэ б'ецца, а постаці песняроў — дыхаюць. Яны знаёмыя, родныя, але і загадкавыя адначасова, бо хаваюць мноства нераскрытых таямніц.
Таму і на Купалаў год, калі мы адзначаем 135-годдзе класіка, многія ўскладаюць вялікія надзеі. Абавязкова выйдуць новыя кнігі, адкрыюцца старонкі лёсаў, знойдуцца прадметы, мы зноў перачытаем і перагледзім творы... Здаецца, нашы класікі самі спрыяюць такім знаходкам і адкрыццям, раз-пораз іх прапаноўваючы пільным даследчыкам. Тое, што гэты год будзе знакавым для ўсяго купалазнаўства, даказала ўжо першая імпрэза, што прайшла ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Тут разам з традыцыйнымі афіцыйнымі прамовамі, якія на гэты раз былі надзвычай шчырымі і эмацыйнымі, была прадстаўлена нечаканая знаходка, якую прывезлі з Масквы.
— На мой погляд, Год культуры яшчэ працягваецца — у выдатных імёнах, зорках нашай літаратуры, — зазначыў падчас адкрыцця года Купалы міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ. — Янка Купала, чый псеўданім звязаны з Купаллем, як і гэтае летняе свята ў беларускім народным календары, займае адно з найярчэйшых месцаў на небасхіле нашай літаратуры. Для мяне Купала заўсёды быў прыкладам самаадданага служэння радзіме. Яго іпастась знакавая — як мастака, грамадскага, палітычнага дзеяча, які ў сваёй працы імкнуўся вярнуць краіне і народу пачэснае месца паміж іншымі народамі свету. Думаецца, варта клапаціцца пра тое, каб яго спадчына і запаветы заставаліся каштоўнымі не толькі для нашых сучаснікаў, але і нашчадкаў.
Да захавання памяці пра Янку Купалу з хваляваннем ставяцца не толькі нашы суайчыннікі, але і беларусы, якія жывуць у іншых краінах свету. Доказам таму — дзейнасць музея Янкі Купалы ў Пячышчах, непадалёк ад Казані, дзе класік некаторы час пражыў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Музей стаўся сапраўдным цэнтрам беларускай культуры, які, расказваючы пра паэта, яднае народы і садзейнічае больш блізкаму нашаму знаёмству. Цікава, што беларусы, якія жывуць у Расіі, таксама актыўна працуюць у галіне даследавання нашай культуры, яны час ад часу адшукваюць прадметы, звязаныя з постаццю знакавых асоб, лёсам і спадчынай беларусаў. Так, падчас вечарыны адбылася прэзентацыя партрэта Янкі Купалы работы рускага мастака Івана Паўлава. Яго ў дар мінскаму музею класіка перадаў старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» Сяргей КАНДЫБОВІЧ.
— Мне падаецца, што мы жывём у эпоху Янкі Купалы, бо фактычна кожны год для нас праходзіць пад зоркай песняра, пад знакам духоўнасці беларускага народа, — падкрэсліў Сяргей Львовіч. — Духоўнасць беларусаў пранізана любоўю да сучаснасці, трапяткім стаўленнем да гісторыі і ўпэўненасцю ў будучыні. Таму сіламі нашай нацыянальна-культурнай аўтаноміі мы стараемся рабіць свой унёсак у адраджэнне і развіццё розных аспектаў культуры беларусаў. Невядомы дагэтуль партрэт Янкі Купалы мы набылі летась у складзе лота ў Аўкцыённым доме ў Маскве. На вялікае шчасце і радасць, у ліку іншых гравюр мастака Івана Паўлава мы адшукалі і партрэт Купалы 1931 года.
Купалу шануюць таксама і сябры нашай краіны з розных куткоў свету. Таму цалкам лагічна, што 135-годдзе класіка будуць адзначаць у Літве, Латвіі, Грузіі, Украіне, Расіі, Славакіі, Польшчы, Ізраілі, ЗША, Францыі. Ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць з мэрамі чатырох гарадоў Славакіі, дзе ў 1935 годзе бываў наш класік, аб устаноўцы мемарыяльных дошак. Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый ВАРАНЕЦКІ лічыць такую ўвагу міжнароднай супольнасці да імя Янкі Купалы значнай і апраўданай:
— Творы песняра сёння з'яўляюцца нашым нацыянальным гонарам, духоўнай спадчынай. Калі мы ў розных краінах расказваем пра Беларусь, многія ўспамінаюць пра Янку Купалу. І наадварот: калі гаворым пра Купалу — гаворым і пра Беларусь.
А вось старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК разважаў пра ролю песняра ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў:
— Для Беларусі Янка Купала — не проста паэт. Разам з Якубам Коласам і Максімам Багдановічам ён узначальвае беларускі нацыянальны іканастас. Без іх няма новай беларускай літаратурнай мовы, разумення быцця нашага народа, асэнсавання яго самасці. Гэтыя людзі паўсталі пасля доўгага часу забыцця нашых традыцый і культуры, калі беларусаў спрабавалі ператварыць у палякаў, рускіх. Янка Купала — адзін з тых, хто, працуючы ў самых неспрыяльных абставінах, здолеў паказаць высокасць беларускай душы, перамагчы духоўную мізэрнасць.
Ужо адкрыты мемарыяльныя дошкі песняру ў Вільнюсе, Рызе, беларускай школе ў Рызе нададзена імя Купалы, а летась памятны знак Купалу быў устаноўлены ў ізраільскім горадзе Ашдод, на плошчы, якая носіць імя паэта. Гэтыя знакі прысутнасці нашага класіка з'яўляюцца ў іншых краінах дзякуючы спрыянню Міністэрства замежных спраў, дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжой, а таксама прадстаўніцтваў замежных краін у Беларусі. Дарэчы, Янка Купала ў 1972 годзе быў першым з беларускіх пісьменнікаў, хто «пераступіў» мяжу. Тады помнік песняру з'явіўся ў Нью-Ёрку. Пра гэта згадаў пісьменнік, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, член Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА Анатоль БУТЭВІЧ.
Але, думаецца, пра нашага класіка варта часцей нагадваць і самім беларусам. Паказваць яго не толькі як змагара за самасць нашага народа, але і як эстэта, выкшталцонага шляхціча, які быў у свой час іконай стылю. Гэтую думку выказаў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор СІТНІЦА.
Так, старт святкаванню года Купалы ўжо дадзены. Упэўнена, нас чакае мноства выдатных імпрэз, выдавецкіх праектаў, прысвечаных песняру. Але арганізатары пакуль не раскрываюць усіх карт:
— Юбілейны год толькі пачынаецца, — кажа дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена ЛЯШКОВІЧ, — але ўжо сёння магу адзначыць, што фестываль мастацтваў, які пройдзе ў чэрвені ў Славакіі, будзе прысвечаны нашаму паэту.
Нашы класікі ўмеюць здзіўляць. Паказваюць свае творы з нечаканага боку, з часам «высвятляюць» новыя сэнсы знаёмых фраз. Таму, Іван Дамінікавіч, ад вас мы таксама чакаем сюрпрызаў.
Марына ВЕСЯЛУХА
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.