Вы тут

Адкрылася выстаўка лінарыту Яўгеніі Цыбульскай «Ех Lіbrіs.Кніжны знак»


У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка лінарыту Яўгеніі Цыбульскай «Ех Lіbrіs. Кніжны знак».


Назва «экслібрыс» паходзіць ад лацінскага выразу ех lіbrіs, што ў перакладзе на беларускую гучыць «з кніг». Экслібрыс — гэта маленькая гравюра, кніжны знак, які змяшчаюць у сваіх кнігах уладальнікі прыватных бібліятэк, пачынаючы з часоў вынаходніцтва кнігадруку. Цяпер мала хто выкарыстоўвае экслібрыс па яго прамым прызначэнні: кніжны знак усё больш адыходзіць да сферы цікаўнасці калекцыянераў, дзе экслібрысы збіраюць, заказваюць і нават імі абменьваюцца. Нягледзячы на невялікі памер, ех lіbrіs дае вялікую прастору для творчасці, бо акрамя імя ды прозвішча ўладальніка змяшчае малюнак на вольную тэму.

— Сюжэтам для малюнка можа быць прафесія, захапленне, нават любімая жывёла. Часам нагодай для экслібрыса становіцца жарт, зразумелы толькі самому адрасату і набліжаным да яго людзям, — расказала мастачка Яўгенія Цыбульская. — Работы, прадстаўленыя на выстаўцы ў гістарычным музеі, рыхтаваліся за 2015—2016 гады. У экспазіцыі сабраны розныя па тэматыцы экслібрысы, прысвечаныя мастакам, музыкантам, літаратарам, дзеячам культуры. Некаторых я ведаю даўно, і экслібрысы для іх ствараліся на аснове цёплага сяброўства, а некаторыя кніжныя знакі зроблены пад уплывам першага ўражання ад знаёмства з чалавекам літаральна пасля некалькіх дзён пасля сустрэчы.

Мастак Яўгенія Цыбульская ў сваёй творчасці звяртаецца да розных графічных жанраў. Першая яе выстаўка «Мяжа імглы» таксама ладзілася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Там маладая мастачка прадстаўляла станковую графіку: вялікія фарматы, філасофскія тэмы, пошукі сэнсу... Экслібрыс — наступны жанр і магчымасць прадэманстраваць іншы бок таленту. Невялікая зала забяспечвае гледачу шчыльны кантакт з творамі, праз які маленькі па памеры малюнак у светлай рамцы становіцца больш блізкім, а прыхаваныя жарты — больш зразумелымі. Пасля віншаванняў і ўступных слоў госці перайшлі ў наступную залу з рэпрадукцыяй друкарскага станка ХVІ стагоддзя і выявай Францыска Скарыны: выстаўка Яўгеніі Цыбульскай у гістарычным музеі пачынае серыю мерапрыемстваў, прысвечаную 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Тым больш што Францыск Скарына не толькі першадрукар, але і пачынальнік традыцыі экслібрыса на Беларусі.

Выстаўкі экслібрысаў — рэдкая з'ява ў нашай краіне. Напэўна, самая знакамітая праводзілася ў 1960 годзе, калі Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прадстаўляў экслібрысы Анатоля Тычыны.

— Экслібрысы — мініяцюрныя творы, больш набліжаныя да кабінетнай графікі. Асобнай калекцыі экслібрысаў у гістарычным музеі няма, — зазначыў Алег Ладзісаў, вучоны сакратар Нацыянальнага гістарычнага музея. — Мы імкнёмся даваць магчымасць маладым таленавітым мастакам прадэманстраваць свае творчыя набыткі, таму трымаем пляцоўку для такіх праектаў, як «Ех Lіbrіs. Кніжны знак».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Гравюра. Захапленне. Жарт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?