Вы тут

Парады аматарам зімовай рыбнай лоўлі


Спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь працягваюць кансультаваць чытачоў — аматараў палявання і рыбалкі, а таксама неабыякавых да праблем прыродакарыстання грамадзян — па самых розных надзённых пытаннях. У сённяшнім выпуску — парады аматарам зімовай рыбнай лоўлі і адказ на самы распаўсюджаны запыт падчас сезона палявання на пушную дзічыну.


Дайце рыбе кісларод

Дапамагчы ў гэтым могуць рыбакі

З надыходам маразоў на некаторых вадаёмах і рэках могуць назірацца так званыя заморныя з'явы, якія суправаджаюцца гібеллю рыбы. Яны выкліканы недахопам або адсутнасцю кіслароду ў вадзе, калі яе паверхня пакрыта тоўстым пластом лёду. Часцей за ўсё гэта адбываецца на мелкаводных, заглееных і моцна зарослых участках. Заморы наносяць значную эканамічную шкоду, паколькі рыбапрадуктыўнасць такіх вадаёмаў зніжаецца.


Найбольш адчувальныя да недахопу кіслароду акунь, шчупак, плотка, лешч, язь, менш адчувальныя — карась і карп. Згодна з нормай, у вадзе павінна ўтрымлівацца 4—7 мг/л кіслароду. Калі яго колькасць зніжаецца да 1—2 мг/л, рыба гіне.

Што ж спрыяе ўзнікненню замору? Па-першае, разлажэнне жорсткай воднай расліннасці: гэты працэс сам па сабе прыводзіць да паніжэння ўзроўню кіслароду. Па-другое, наяўнасць снегавога покрыва на лёдзе, што абцяжарвае газаабмен у вадзе, а з-за слабай асветленасці водарасці выдзяляюць вельмі мала кіслароду. Каб у ваду пранікала хаця б мінімальная колькасць святла, неабходная для асіміляцыі раслін, пласт снегу на лёдзе не павінен быць большым за 5—10 сантыметраў.

У перыяд ледаставу вада ўзбагачаецца кіслародам праз палонкі. Назіраючы за імі, лёгка заўважыць прыкметы заморных з'яў: пры недахопе кіслароду да палонак пачне падыходзіць рыба. Пасільную дапамогу ў папярэджанні замору могуць аказаць рыбакі, расчышчаючы снег і робячы шматлікія лункі. Каб яны не замярзалі, у лункі можна закладваць чарот. Пры гэтым рыбакам варта памятаць, што выхад на лёд дапускаецца пры яго мінімальнай таўшчыні ў 5 сантыметраў (у некаторых выпадках і гэтага можа быць недастаткова). А прасякаць палонкі па першым лёдзе рэкамендуецца на адлегласці не бліжэй, чым чатыры метры адна ад адной.

Угоддзі, падзеленыя на зоны,

ці Як арганізавана паляванне

З адкрыццём сезона палявання на пушных жывёл (зайца-русака, зайца-беляка, вавёрку, куніцу лясную і каменную, амерыканскую норку, андатру, ляснога тхара) адным з найбольш частых пытанняў, з якімі паляўнічыя звяртаюцца ў Дзяржінспекцыю, з'яўляецца запыт аб магчымасці правядзення такога палявання ў зоне вядзення паляўнічай гаспадаркі пераважна на дзікіх капытных жывёл. У сувязі з гэтым спецыялісты Дзяржінспекцыі раскажуць, як дзеліцца на зоны тэрыторыя паляўнічых гаспадарак і чаму на пытанне заяўнікаў нельга адказаць коратка.


Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання (44 пункт) устаноўлена, што граніцы паляўнічагаспадарчых зон і іншых адзінак унутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі, а таксама ўмовы палявання там вызначаюцца дакументацыяй карыстальніка адносна арганізацыі палявання.

Сёння ў Беларусі налічваецца больш за 260 паляўнічых гаспадарак, пры гэтым у кожнай з іх арганізавана індывідуальнае ўнутрыгаспадарчае дзяленне. Пры распрацоўцы дакументацыі ўлічваюцца даныя маніторынгу жывёльнага свету, асаблівасці лесаўпарадкавання і землеўпарадкавання, гідраметэаралагічныя паказчыкі мясцовасці і іншыя крытэрыі. Дакументацыя карыстальніка паляўнічых угоддзяў уключае ў сябе картаграфічныя матэрыялы. Як правіла, гэта карты-схемы ўгоддзяў у маштабе 1:50000 або 1:100000 з выдзеленымі паляўнічагаспадарчымі зонамі і іншымі адзінкамі ўнутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі, а таксама месцамі ўстаноўкі інфармацыйных паказальнікаў (аншлагаў). Гэтыя карты павінны стаць даведнікам для паляўнічых.

Заканадаўствам устаноўлены некаторыя патрабаванні па выдзяленні паляўнічагаспадарчых зон, якія з'яўляюцца абавязковымі для ўсіх карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў.

Так, ва ўгоддзях, тэрыторыя якіх больш за 10 тысяч гектараў, у мэтах стварэння спрыяльных умоў для ўзнаўлення каштоўных відаў паляўнічых жывёл абавязкова выдзяляецца зона спакою — не менш за 5 працэнтаў ад агульнай плошчы. Звычайна на картах-схемах гэтыя зоны абазначаюцца літарай «В». Ва ўгоддзях плошчай больш за 25 тысяч гектараў у абавязковым парадку выдзяляецца зона трэніроўкі (вывучкі, нагонкі, прывучэння і іншага навучання) паляўнічых сабак і лоўчых птушак. Яе плошча павінна складаць мінімум тысячу гектараў. У большасці выпадкаў на картах-схемах гэтыя зоны абазначаюцца літарай «Г».

У залежнасці ад спецыялізацыі могуць выдзяляцца і іншыя паляўнічагаспадарчыя зоны. Напрыклад, зона вядзення паляўнічай гаспадаркі пераважна на дзікіх капытных жывёл, зона вядзення паляўнічай гаспадаркі пераважна на дробную дзічыну і (або) на іншыя групы або віды паляўнічых жывёл. Пералічаныя зоны можна сустрэць на картах як зону «А» і зону «Б» адпаведна. У той жа час нярэдкія выпадкі іншага літарнага абазначэння падобных адзінак унутрыгаспадарчага дзялення.

Таму паляўнічаму варта звяртаць асаблівую ўвагу на літарныя абазначэнні паляўнічагаспадарчых зон, а таксама расшыфроўку гэтых дадзеных ва ўмоўных пазначэннях (легендзе) карты.

Дакументацыяй могуць выдзяляцца і такія адзінкі ўнутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі, як егерскія абходы, паляўнічыя дачы ці лясніцтвы. Часцей за ўсё яны адзначаны на картаграфічным матэрыяле лічбамі — арабскімі ці рымскімі, іх расшыфроўку варта таксама шукаць ва ўмоўных пазначэннях.

Пры рэалізацыі паляўнічых пуцёвак службовая асоба карыстальніка паляўнічых угоддзяў абавязана азнаёміць паляўнічых з межамі паляўнічагаспадарчых зон і іншых адзінак унутрыгаспадарчага дзялення тэрыторыі, паказаўшы, дзе дазваляецца або забараняецца праводзіць паляванне, праінструктаваць аб асаблівасцях палявання ў кожнай з зон і правілах бяспекі. Тое, што такі інструктаж быў сапраўды праведзены, паляўнічы пацвярджае сваім подпісам у пуцёўцы.

Такім чынам, наяўнасць у паляўнічага пуцёўкі на ненармаваныя віды не выключае магчымасці паляваць у зоне вядзення паляўнічай гаспадаркі пераважна на дзікіх капытных жывёл (калі ў пуцёўцы не пазначана іншае), аднак гэта будзе лічыцца законным толькі пры выкананні паляўнічым усіх умоў, устаноўленых для гэтай паляўнічагаспадарчай зоны.

Напрыклад, адной з такіх умоў, якія дапускаюць правядзенне палявання на ненармаваныя віды ў зоне вядзення паляўнічай гаспадаркі пераважна на капытных жывёл, можа з'яўляцца прысутнасць службовай асобы паляўнічай гаспадаркі альбо вядзенне палявання толькі бяззброевым спосабам.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».