Вы тут

Беларусаў запрашаюць далучыцца да святкавання Сусветнага дня снегу


У гэтыя выхадныя беларусаў запрашаюць далучыцца да святкавання Сусветнага дня снегу (ён жа — Міжнародны дзень зімовых відаў спорту). Ва ўсіх рэгіёнах краіны 14 і 15 студзеня адбудуцца лыжныя спаборніцтвы, гульні ў снежкі і іншыя спартыўна-масавыя забавы.


Сусветны дзень снегу адзначаецца не так даўно, усяго толькі з 2012 года, па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FІS) — у адну з апошніх нядзель студзеня. Сёлета, як паведамляе афіцыйны сайт FІS, святкаванне прыпадае на 15 студзеня. Далучацца да яго аматары зімовых відаў спорту з 46 краін, дзе запланавана правесці звыш 470 мерапрыемстваў, у тым ліку бясплатныя ўрокі катання на лыжах і каньках для дзяцей і падлеткаў.

Не застанецца ўбаку ад снежных свят і Беларусь. Прыкладам, у мястэчку Ракаў пад Мінскам пройдзе «Ракаўская лыжня», у праграме якой — не толькі лыжныя гонкі, але таксама камандная санная эстафета, кіданне валёнкаў на дальнасць і снежны кегельбан. У Віцебску гараджан чакаюць на плошчы Перамогі, дзе запланаваны спартыўна-гульнявая праграма, спаборніцтвы па хакеі на лёдзе з мячом і канцэрт. Каля 70 «снежных» мерапрыемстваў адбудзецца на Брэстчыне — у прыватнасці, у Драгічынскім, Камянецкім і Івацэвіцкім раёнах пройдуць спаборніцтвы па біятлоне, а ў Жабінцы — выбары найлепшага снегавіка. Гамяльчане змогуць згуляць у брумбол (зімовая камандная гульня на лёдзе, у якой замест шайбы — мяч, замест клюшкі — мяцёлка, а замест канькоў — абутак на ўчэпістай падэшве) і паўдзельнічаць у конкурсе снежных скульптур. На Гродзеншчыне шмат дзе пройдуць бойкі снежкамі, катанне на санках і лыжныя гонкі, а на Магілёўшчыне для ўдзельнікаў гарналыжных спаборніцтваў падрыхтаваны спецыяльныя прызы — прынамсі, для самага малодшага і найстарэйшага ўдзельнікаў.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: З новым... снегам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?